Запіска ж Таісы да перадачы была вельмі скупой, лаканічнай. Яна пісала: «Добры дзень, Міхась! Перадаю табе ўсё, што ты прасіў: паліто (цёплае), пінжак (касцюмны), штаны ад старога касцюма, валёнкі, шапку (зімовую), рукавіцы, світэр, кашулю (цёплую), 2 пары бялізны; 4 кіло сухароў, 1 кілаграм цукру (кускавога), 10 пачкаў махоркі, конаўку піць чай, пачак чаю (грузінскага), 2 пачкі пячэння (лімоннага). Жыву нармальна. У мяне нарадзілася дзіцё — хлопчык, зваць Алегам. Пра мяне не клапаціся, усё будзе добра. Мне дапамагаюць бабуля і нашы сябры. Хутка прыедзе мама. Усяго табе добрага! Мацуйся. Таіса».
Вось і ўсё. Нават не папрасіла напісаць ёй. Міхася адразу ахапілі і радасць, і смутак, і надзея, і расчараванне, і яснасць, і нейкая недагаворанасць, бо ў запісцы не было той цеплыні, якая патрэбна была сёння для яго збалелага сэрца. Не было той шчырасці і адданасці, якіх ён чакаў ад самага блізкага яму чалавека, хоць ужо і адлучанага ад яго тым «адрачэннем» у газеце. Ад яе веяла нейкай казёншчынай. Нават даты не было пастаўлена ў канцы запіскі. Як быццам штосьці прадракала яму, што гэтыя напісаныя Таісай словы, адрасаваныя яму, былі першымі і апошнімі... Не, ні пачуцці, ні інтуіцыю не ашукаеш! «Значыць, яна выканала свой чалавечы абавязак і на гэтым — канцы»,— вырашыў Міхась. І, як убачым пазней, не памыліўся. «Так, мае зайздроснікі дабіліся свайго: адабралі ад мяне і каханне, і сям’ю»,— з болем у грудзях разважаў сам з сабою Міхась.
А доказам гэтага было не толькі адрачэнне Таісы, у якое ён спачатку не верыў, але і тое, што яна не пажадала нават сустрэцца з ім. Чаго-чаго, а гэтага ён ад яе ніколі не чакаў. Выходзіць, што яна і сама паверыла ў гэтае адрачэнне. «Ну і бог з ёю, відаць, ужо лёс мой такі, прыйдзецца дажываць у крыўдзе і адзіноце. Шкада толькі, што сын будзе расці без бацькі»,— закончыў размову з самім сабою Міхась і пачаў упарадкоўваць перадачу, дзяліць яе між сваімі сябрамі.
Хацелася, каб хутчэй адгэтуль выбрацца — з гэтай цеснаты, з духаты, ад якой рабілася млосна. Людзі абліваліся потам — хоць бяры венік і хвашчыся, як у сапраўднай рускай лазні.
У такіх абставінах Міхась жыў-пакутаваў ні многа ні мала — тры тыдні. Здавалася, што каб пражыць яшчэ якіх дні тры, ён не вытрымаў бы,— усе сілы скончыліся б — і ён пакінуў бы белы свет, як гэта часам здаралася з некаторымі насельнікамі гэтай парылкі. І тыя, што адыходзілі ў царства нябеснае, і тыя, што заставаліся яшчэ на гэтым свеце, з горыччу паўтаралі пытанне з двух слоў: «За што?» Словы гэтыя не давалі спакою і Міхасю. Ён вымаўляў іх штодзень на працягу ўсіх пяці месяцаў сваіх пакут за турэмнымі кратамі. Ён не ведаў, што будзе наперадзе, але ўсёй сваёй істотай адчуваў, што будзе не лягчэй, а можа, і цяжэй. Бо ніхто яго не судзіў нават фармальна, як іншых, не называў артыкула Крымінальнага кодэкса РСФСР, не аб’яўляў тэрміну пакарання. Не было за што? Можа, суддзі саромеліся глядзець у вочы тым, каго павінны былі судзіць па ліпавых, паклёпніцкіх абвінавачваннях? Відаць, не. Проста следчым абрыдла з імі доўга валаводзіцца, час падганяў, і іх, упартых, сагналі ў адзін гурт, як тых, хто застанецца жывы, пагоняць ці павязуць невядома куды.
Міхась прадчуваў, што іх чакае наперадзе цяжкая катаржная праца, з іх пакрысе будуць вымаць здароўе і сілу, высмакчуць усю кроў — і разам жыццё — на якіх-небудзь вялікіх будоўлях веку, такіх, як Беламорканал, Турксіб, як магістраль Масква — Мінск і іншыя будоўлі краіны — вялікія і малыя...
У сярэдзіне студзеня новага, 38-га года Міхася разам з яго новымі турэмнымі сябрамі выклікалі ў асобны пакой, вярнулі яму папружку, якую адымалі пры паступленні ў «Крыжы», прапанавалі распісацца, што ён атрымаў сваю маёмасць, і скамандавалі ісці яшчэ ў адзін пакой і чакаць новай каманды.
— А грошы 25 рублёў, якія забралі ў мяне разам з папружкай? — спытаўся Міхась.
— Грошы атрымаеш па прыбыцці на месца прызначэння,— адказалі з іроніяй.
— А дзе ж будзе тое месца? — спытаўся па інерцыі Міхась.
— Не ведаем. Прыедзеш — убачыш.
Ён ужо здагадваўся, што грошай сваіх не ўбачыць яму як уласных вушэй. Яны засталіся ў кішэнях нахабных, бяздушных турэмшчыкаў.
На гэтым і закончылася ўся працэдура па афармленні для адпраўкі.
Праз гадзіну пасля гэтага Міхась ужо сядзеў у «цяплушцы» — таварным вагоне з нарамі і кратамі на акенцах. Шкада было аднаго: ён не трапіў у адзін вагон разам са сваімі сябрамі, якія абаранялі яго ў перасыльнай турме ад розных жулікаў і бандзюгаў.