Цераз калідорнага дзяжурнага Міхась выклікаў дзяжурнага па корпусе, якому расказаў пра свае пакуты ў камеры:
— Грамадзянін дзяжурны, мяне спецыяльна заперлі ў гэты клапоўнік?
— Не выдумляй і не гавары глупства,— адказаў яму дзяжурны па корпусе.— Цябе змясцілі ў нармальную камеру. А што датычыць клапоў, дык яны ёсць усюды.
— Дык іх жа тут мільёны! — даказваў Міхась.— Вы толькі паглядзіце, што робіцца!
— Тут даўно ніхто не жыў. Вось і ўвесь сакрэт. Сёння ж прышлю чалавека, і ён пазбавіць цябе ад гэтых паразітаў. Толькі больш не крычы, а то перадумаю.
Пасля яго слоў Міхась змоўчаў, а сам сабе падумаў: «Ліха яго ведае, гэты чалавек здольны на ўсё, можа зрабіць, што толькі яму захочацца».
Хоць Міхась і не верыў, што дзяжурны стрымае сваё слова, але ўсё ж трошкі спадзяваўся. І праўда: у другой палове таго ж самага дня ў камеру прывялі чалавека з паяльнай лямпай. Цэлую гадзіну ён кадзіліў. Полымя залазіла ў кожную шчыліну сцен і падлогі. Не адзін раз ён прайшоўся і па драўляным шчытку. Толькі матрац заставаўся некранутым — мог загарэцца, і яго проста выкінулі з камеры. Адразу ж пасля паяльнай лямпы ў камеру прынеслі венік і савок, а таксама сметніцу.
— А цяпер сам папрацуй,— сказаў калідорны дзяжурны.
Міхась намёў «падсмажаных» клапоў цэлую сметніцу: іх было мільёны! Міхась папрасіў, каб такую працэдуру паўтарылі яшчэ раз, на што не адразу, але атрымаў згоду ад калідорнага. І на другі дзень той жа самы чалавек яшчэ раз прайшоўся па сценах і па падлозе сваёй грознаю зброяй.
— Ну, цяпер ты будзеш тут жыць прыпяваючы,— пажартаваў чалавек з лямпай.
Пасля гэтага крыважэрныя паразіты больш не турбавалі Міхася. Лежачы на голым і мулкім дашчаным шчытку, Міхась думаў: «Дзе знайсці такую лямпу, якая пазбавіла б і мяне, і такіх, як я, ад двухногіх крыважэрных стварэнняў, якія трымаюць тут за тоўстымі сценамі і кратамі сотні невінаватых людзей, ахвяр рэжыму. Дзе знайсці яе?»
На наступны дзень Міхась зноў выклікаў дзяжурнага па корпусе.
— Што, зноў клапы турбуюць? — смеючыся, спытаў дзяжурны.
— Не, яшчэ горш за клапоў,— адказаў Міхась.
— А што такое? Гавары.
— Мне трэба ведаць, за што я трапіў у гэтую пастку. У чым мяне абвінавачваюць?
— Я — не пракурор і не следчы. І на такія пытанні не ўпаўнаважаны адказваць,— сказаў як адрэзаў дзяжурны.
— Тады паклічце сюды пракурора, няхай ён адкажа на маё пытанне.
— Гэтага я таксама не магу зрабіць.
— Дык што ж вы тады можаце? Клапоў падсмажыць — і ўсё?
— Гэта ўжо не твая справа, чым мне займацца. А табе, калі скажаш хоць адно абразлівае слова, заткну глотку.
— У такім выпадку я аб’яўляю галадоўку,— нечакана для самога сябе выпаліў Міхась.
— Гэта тваё права,— раўнуў дзяжурны і зачыніў за сабою жалезныя дзверы.
Міхась зразумеў, што па-добраму тут нічога не даб’ешся. Трэба прымаць іншыя захады. І ён.тут жа прыняў рашэнне аб’явіць галадоўку, пакуль яму не скажуць, у чым яго абвінавачваюць, за што яго тут трымаюць. Ён сказаў сабе: «З голаду загіну, а ў рот нічога не вазьму, пакуль не дачакаюся афіцыйнага адказу на сваё пытанне. Бо я нідзе нікому вады не замуціў. Я — шчыры савецкі чалавек, а не які-небудзь бандзюга-крымінальнік».
Слова сваё Міхась стрымаў: з раніцы наступнага дня ён адмовіўся ад пайкі і баланды. І так ён рабіў на працягу трох дзён. А на чацвёртыя суткі да яго ў камеру ўляцелі двое ў цывільных касцюмах і дуэтам закрычалі:
— Гэта хто тут надумаўся пратэставаць?
— Я,— рашуча адказаў Міхась.
— Ах ты, нягоднік!..
І тут пасыпаліся брыдкія, нецэнзурныя словы, якіх Міхась ніколі ў жыцці сваім не чуў.
— Пракурора патрабуеш? Я пракурор! — крычаў чалавек у чорным касцюме.— Кажы, што табе трэба?
— Мне трэба ведаць, за якія грахі я тут пакутую? — стрымана, але цвёрда адказаў Міхась.
— Марш наперад! Пойдзем у кабінет, там даведаешся, варожае адроддзе, недабітая контра! — грымеў чалавек у чорным.