Бедная Таіса, наіўная маладая жанчына, яна яшчэ не ведала, як і тысячы такіх жа, як і яна, а можа, нават і мільёны, што той, на каго спадзявалася, з’яўляўся галоўным дырыжорам усіх гэтых свавольстваў і злачынстваў. Яна не ведала, што ён, гэты «вялікі з найвялікшых» быў адначасова і аўтарам і рэжысёрам гэтага злачыннага спектакля. Аўтарам сцэнарыяў і фільмаў яшчэ не вядомых свету жахаў і пакут.
Качагар
На сёмы дзень зняволення Міхасю падсялілі новага чалавека — качагара. Ён увайшоў у камеру неяк нясмела, як быццам нешта ўкраў і баіцца расплаты.
— Добры дзень вам, мілы чалавек,— вымавіў напаўголасу, нібы працадзіў словы праз зубы.
— Добры дзень, добры дзень, дзядуля! — весела азваўся Міхась.— Будзем знаёміцца: Міхась Асцёрскі, выпускнік педінстытута, а зараз — арыштант. Жыву тут роўна тыдзень. Увесь час быў адзін, цяпер жа будзем удвух. А вы хто будзеце?
— Я — качагар з піўзавода «Сценька Разін». Прозвішча маё Карчоў, а зваць Іванам Пятровічам. А як вас па бацьку зваць?
— Мяне па бацьку велічаць яшчэ рана, бо жыву на свеце ўсяго дваццаць шэсць гадоў.
— А мне пайшоў пяцьдзесят першы,— пасмялеўшы, сказаў новы жыхар.
— Што ж вы стаіцё, сядайце на маю «канапу», якая з гэтага часу будзе і ваша.
— Дзякую, але дайце мне трошкі апамятацца.
Іван Пятровіч Карчоў быў вышэй сярэдняга росту, з чорнымі валасамі, зачэсанымі назад, і з чорнай бародкай, якую малююць у Ісуса Хрыста. Вочы карыя, выразныя, постаць трошкі сутулая, пэўна, ад цяжкай фізічнай працы. Гаварыў ён не спяшаючыся, даверліва, хоць і баязліва.
Яны неяк хутка пазнаёміліся і, як здавалася, пачалі давяраць адзін аднаму. Міхась распытваў у яго пра навіны на свабодзе, з якой развітаўся тыдзень таму назад, а Карчоў у Міхася — пра турэмныя справы.
— Іван Пятровіч, што там здарылася новага за гэтыя сем дзён? Горад стаіць на месцы?
— Горад-то на месцы, а вось людзі не ўсе на сваіх месцах і ў сваіх сем’ях.
— Як гэта разумець?
— А так, што шмат каго напаткаў вось такі ж самы лёс, як і нас з вамі. Кажуць, што ў нашым горадзе існуе нейкая варожая арганізацыя, накшталт трацкісцкай ці бухарынскай, і што ў яе былі ўцягнуты такія знакамітыя людзі, як Чудаў, Струпэ, Кадацкі і іншыя. Яны ўсе ўжо сядзяць. Атрымалі па заслугах. Вы выпадкова не з гэтай арганізацыі?
— З гэтай, а як жа! І вы ж таксама з яе. Праўду я кажу?
— Што вы! Што вы! Я нічога не ведаю.
— Адкуль жа вам вядома, што Чудаў, Струпэ, Кадацкі і я, грэшны, вінаватыя і атрымліваюць па заслугах?
— Так кажуць людзі, і я кажу.
— Тыя ж самыя людзі і пра вас так сёння гавораць і могуць даць вам страшную кару. Ці дайшло хоць трошкі да вас?
Замест адказу качагар Карчоў горка заплакаў.
— Іван Пятровіч, што гэта вы распускаеце нюні, як малое дзіця? Вы ж, пэўна, ужо дзед, а што бацька, дык у гэтым я ніколькі не сумняваюся. Перастаньце!
— Вам што, вы ведаеце, за што сюды трапілі... А мяне за што мучаюць?
— Я за тое, за што і вы,— адказаў Міхась і чакаў: што скажа гэты чалавек?
— Вы мяне да сябе не далучайце! Я ні ў чым не вінаваты! Я савецкі чалавек! — загарачыўся Карчоў.
— А я — нямецкі? — спытаў Міхась.
— Пра вас не ведаю, а я чысты! — пратэставаў Карчоў.
— Прыйдзе час — даведаецеся і пра мяне, і пра сябе. А цяпер перастаньце румзаць. Беражыце свае слёзы напасля.
— Яны мне не спатрэбяцца, таму што я не вінаваты.
— Калі гэта пацвердзіцца, я буду вельмі рады. Толькі, як гавораць, «Свежо предание, да верится с трудом». Мы, Іван Пятровіч, абодва не вінаватыя, а вось па нейкаму паклёпу-даносу трапілі сюды. І, пэўна, надоўга. Толькі праз галадоўку я дабіўся, што мне сказалі, у чым я абвінавачваюся.