Выбрать главу

— Усё тут,— сказаў Ютка і пашоў па траве паўз дарогу.

II.

Паўстае перад намі жыццё Юткі, скупое на прыгоды, на вясёлыя хвіліны, як гэты зрыты свіннямі і абабіты авечкамі папар на траву. Ажаніўся Ютка з тэй, якую моцна кахаў. Узяў сабе ён Петракову Ганну. Толькі чамусці праз пяць з паловай месяцаў пасля вяселля нарадзіўся ў іх сын. Маўчаў панура Ютка, нічога не казаў Ганне. Яна таксама маўчала і ўкрадкам пазірала на мурлаватага гаспадара — ці не запала што нядобрае ў яго злоснае нутро? Але гэтак цягнулася не доўга. Тыдняў, мусіць, праз два вышла, як на чыстую ваду. Сябры Юткавы віншавалі яго, як вельмі паспешнага чалавека, а за вочы смяяліся да хрыпот і кашлю.

Старыя жанчыны хутка знайшлі канцы такіх скорых радзін у Юткавае Ганны. Цяпер уся веска гаманіла, што сапраўдным бацькам яе сына з'яўляецца Вульф — панскі агароднік.

Пачалі ўспамінаць, што калі Ютка вадзіў Бенсявы коні на начлег, то Ганна падоўгу бавілася з Вульфам у садзе, каля будкі, што Пячкуровы хлопцы нават былі падслухалі размову і бачылі, як Вульф сваімі чорнымі вусікамі казлытаў Ганніну шчаку.

Полымем шыбанула злосць, аж затрэслася ўсё ў сярэдзіне ў Юткі. Схапіў ён на плоце кавалак вужышча, адрэзанага на пастронкі, намачыў у цэбры і, паваліўшы Ганну сярод хаты, счарніў ёй сцёгны і лыткі. Пасля наматаўшы на руку растрэсеную касу, біў у патыліцу і ў плечы. Крычаць Ганна не кры­чала, а толькі поўзала ля ног і прасілася.

— Асіроціш Грышку... не забі хаця.

Стукнуўшы яшчэ раз ногцам у бок, Ютка вышаў на двор. Цэлы тыдзень потым не заходзіў у хату. Прымайстраваўся ў сенцах на тапчане і сяк-так праводзіў кароткую летнюю ноч.

Паволі прайшоў першы сорам. Агураў Ютка, абабіўшыся аб людскія языкі. Таксама і сэрца не камень — адышло. Жыў ужо з Ганнаю так, як яно і трэба, але ўсё ж не тое. Бачыў, што ў глыбіні васільковых яе вачэй таілася нешта чужое. Спачатку злаваўся, а потым на гэта глядзеў так,— абы было ціха.

Праходзіў час. Рос Грышка ваўчанём тым дзікім. А калі пачаў выходзіць на вуліцу да гурту дзяцей, яны сустрэлі яго градам пісклівых галасоў:

— Байструк! БайструкІ

Пакаціўся Грышка каля варот, бягучы дамоў; стомлены, ухапіўся рукой за матчын фартух, пазіраў ёй у твар.

— Чаму яны крычаць на мяне — байструк?

— Бо дурні. На дварэ гуляй, сыночак, да іх не хадзі.

Больш нічога яму не сказала; пагладзіла па галоўцы і выправіла гуляць на двор.

***

Хутка здарылася нешта нечаканае. Паабедаўшы і адыходзячы на работу, Ютка сказаў:

— Прышоў да нас нейкі з горада. Вылез з кустоў, як мы касілі, і казаў, што ўсюды кінулі працаваць па маёнтках. Паляць палацы, расцягваюць ўсё. Мусіць і мы заўтра пакінем працу.

Праз дзень пачалася, як дзед Касач казаў „слабода". Як адзін на працу ў маёнтак не пашлі. Патрабавалі аплаты за працу з самае вясны і павялічэння платы на касьбе і ў жніво. Па вечарах зарніцамі свяціліся стагі, будынкі. Рабілася гэтак не толькі вось тут, а і ўсюды навокал. Знік пан.

3 трэскам валіўся панскі лес, у які да гэтага часу і па лом забаранялася ездзіць. У сажалцы наперабой лавілі рыбу, хто таптухай, хто крыгай, а хто проста кашом ад бульбы. Адчынялася „слабода" сапраўды. Хадзілі розныя чуткі аб падзеях ў гарадах; толкам ніхто нічога не ведаў.

Але аднае начы наехала шмат стражнікаў, а з імі з'явіўся і пан. Прышлося адказваць за гэтую „слабоду" не аднаму чалавеку з вёскі. Іх павязалі і пакідалі ў стайню. А потым аддалі на суд, і развіталася шмат старых і хлапцоў з роднаю вёскаю.

Стаяла заплаканая Ганна, праводзіла свайго Ютку з жалем, сціснуўшым сэрца. Што яна цяпер будзе рабіць? Дзе яна дзенецца?

Плакаў і Грышка, нават добра не ведаючы ў чым справа.

Грышку забраў Ганнін бацька — яго дзед. Хоць і там не смак, хоць і там дзетвары, як саранчы, але усё ж...

Ганна ў жніво хадзіла ў заработкі ў маёнтак. Зарабляла няшчасны грош, няшчасную сухую скарыначку, каб хаця падтрымаць гэтакую няшчасную жытку. А гады ішлі. Яны слаліся шэрым аднастайным палотнішчам з калі не калі маленькімі пробліскамі святлейшага.

Праз пяць гадоў вярнуўся Ютка. I, здаецца, праз год, а можа крыху і болей, нарадзілася дзяўчынка з гэткімі ж вачыма, як у Ганны. Але Ганна зразу залягла і болей не ўставала. Чырвоная ўся, з пабялелымі губамі, у апошні раз пазвала Ютку. Закінула яму на шыю абцяжэўшую руку, прыцягнула к сябе блізка-блізка твар яго і, не маргаючы, доўга ўзіралася, нібы пазнавала.

— Ютка... глядзі Грышку...

Пабялелыя губы дрыжэлі. Намагалася яна яшчэ нешта сказаць, ды не здолела.

Праз два дні на руках у цешчы сканала і дзяўчынка.

Астаўся Ютка з Грышкам. Перабіваўся з лебяды на квас. Потым загрымела, загуло, перамяшалася ўсё. Знікалі людзі, вёскі — усё глынала вайна. Хваляй гэтай захапіла і Ютку і кінула на фронт.