Праз гады два ўсё ўлягавалася і Ютка з Грышкам, згубіўшы свой кавалак зямлі, які падабраў пад сябе Бенсь, засталіся ні з чым. Сталі пасвіць вясковую чараду. За цэлае лета цеганіны за чарадою яны зараблялі на зіму і гэтак жылі.
ІІІ.
Як жа гэта так? — гаманіў сам з сабою Ютка.— Людзі пакрысе абжываюцца і жывуць, а я? Глыбока запала яму думка — завесці гаспадарку. Калі дзялілі панскую зямлю, то і яму прышлося нешта дзесяцін чатыры. Але чым ты яе абробіш, калі нават лапавухага каняці няма? Дзе зложыш сабранае з гэтай зямліцы, калі і драхлае варывенькі няма? Тут Ютка і парашыў цвёрда-нацвёрда купіць такі-сякі зруб і паставіць хоць невялічкае свае гуменца.
Гэта будзе зроблена ў адзін год. У другі купіць каняня якое. Вось гэтак і акрыяе, стане гаспадаром, і глядзі, што ўжо пуга непатрэбнай будзе.
Пасля доўгай тупаніны Ютка купіў у Бенсяў старэнькую варыўню. Сам Бенсь, візкі, хрыпаты чалавек, хваліў без меры гэтую гніль, водзячы наўкруга Ютку.
— Ты зірні толькі! Кхэ... кхэ... 3 яе будзе ладнае гуменца, — і пазіраў маленькімі хітрымі вочкамі на Ютку, які нешта тут жа рахаваў, пазіраючы на старую паабдзіраную страху.
— Дарагавата, суседзе,— казаў Ютка, трымаючыся за паясніцу.
— Што ты — дорага! За яе не гэтулькі вазьму з чужога. Але калі суседу — скінуў.
Бенсь адышоўся і сеў у садзе на лаўцы пад грушай.
„Пастушыдла абдранае! Лепшага ты нідзе не знойдзеш. Табе і гэта ў самы раз",— думаў ён, гладзячы рэдкую сівую бародку.
— Дык як, суседзе? — падышоў Ютка.
— Гэтак і будзе.
— Дарагавата,— пачаў Ютка, але Бенсь яго перабіў:
— Нічога не дорага! — 3 твару зразу знікла ўхмылка і ён, гледзячы на платы гародчыкаў, працягваў: — А калі табе не пад сілу — як сабе хочаш.
Бенся добра ведаў Ютка і паспяшыўся, каб не ўгнявіць.
— Няхай будзе гэтак.
— Сама лепш,— сказаў, устаючы, Бенсь.— А раскідаць мае хлопцы памогуць.
Вышаў за браму Ютка з лёгкай радасцю ад таго, што гумно ўжо ёсць. Бенсь, праўда злупіў не шкадуючы: дваццаць пудоў жытам і зімою Ютка павінен з Грышкам дапамагчы малаціць. Сабраўшы ўсё гэта разам, можна было і новае гумно купіць, але Ютка махнуў рукой.
— Дзе мае не гінула.
Увосень варыўня была перавезена на Юткаў пляц, і ў канцы садка быў зложаны зруб. Па людзях кідаўся Ютка, даставаў нехватаўшых ключоў і пруцця, як Бенсь, сустрэўшыся, пачаў яму выгаварваць:
— Я не думаў, што ты такі свінаваты чалавек.
— Чаму?
— А дваццаць пудоў калі аддасі?
— Суседзе, дарагі, на гэтым тыдні збяру і аддам.
Вінаватае з цяжкасцямі прышлося аддаць.
Была звонкая марозная раніца. Асенняя гразь грузакамі змерзлася і зямля, выставіўшы цвёрдую шурпатую грудзіну, прагна чакала снегу. Чырвоным кругам тулілася сонца над лесам, аглядала навакольную пустэчу і цішыню палеткаў.
Перакінуўшы нагу за ключ, Ютка сядзеў верхам і перавіваў — прывязваў пруты да ключоў скручанымі дубцамі вербалозіны. Па гумно прыбег Грышка.
— Тата, Бенсь малаціць заве.
— Сёння часу няма. Скажы, што заўтра прыдзем.
Выгіналася ў руках скручаная распараная вербалозіна.
Ютка спрытна абхопліваў прут з ключом, заваратнем закручваў і падтыкаў хвасты, каб не тырчэлі. Цешыўся Ютка адзінаю думкаю, якая апанавала яго ў апошні час — зрабіцца гаспадаром.
3 такою думкаю скончыў пруціць адзін бок, пачаў наключваць і другі.
На змярканні здарылася тое, чаго Ютка і не сніў. 3 навозаў да яго гумна пад'ехалі тры падводы і суняліся на прыгуменку. Двое мужчын узлезла на зруб. Адзін перасёк тонкі прут, што каля сволакаў, а потым разам пачалі скідаць перапручанае ключаўё на зямлю.
Ютка якраз ішоў ад калодзезя. Убачыўшы, што сякуць пруты, ён паставіў вядро з вадою, пабег да гумна.
— Што вы робіце? — крыкнуў ён, падбегшы.
— Гультая прывучаем да работы,—адказаў старэйшы сын Бенся.
Ютка схапіў папруціну і кінуўся на самога Бенся.
— Што робіце, пытаюся?!
— Э-э чалавеча, дык ты гэтак?! Злезь, Бонік, ды цярні яму, каб аж юха пацякла.
Бонік саскочыў далоў і, схапіўшы Ютку за плечы, марськануў у бок. Грукнуўся Ютка бокам аб вугал, што аж нешта у сярэдзіне ёкнула. Выпрастаўшыся, адскочыў у бок ад вугла, увільнуў ад настаўленых рук Боніка, схапіў аскабалак і агрэў яму па патыліцы. Адчуваў у сабе моц Ютка, але калі Бонік насеў на яго сваім цяжарам, прыдушыў да зямлі, стукнуўшы некалькі разоў кулаком па сківіцах, пачуў, што ў плячах нешта моцна забалела. А стары Бенсь вылузаў пасак з-пад сядзёлка і завязаў яму рукі назад.