За сталом сядзіць Мікола Пуцін, узлёгшы на стол доўгім шырокім тулавам і чытае заявы аб прыёме у калгас. Потым звяртаецца да сяброў праўлення і ў адпаведнасці з тэй або іншай агульнай згодай у ражку заявы робіць надпіс і адкладае ў бок. Поруч сядзіць сакратар партыйнай ячэйкі, смуглы, з чорнымі маленькімі вусікамі. Углядаецца ён, прышчурыўшыся ў селяніна, заяву якога чытаюць, часамі нешта гаворыць на вуха Пуціну, а той лёгка ківае галавою і гэтак жа яму адказвае. Сёння прынялі ў калгас шэсць гаспадароў.
— Вось і ўсё,— зірнуў на сядзеўшых старшыня. Мо тут хто хоча падаць, раздумаўшыся, то, от за адным скрыпам разбяром.
Нясмела ўстаў Ютка. Хацеў нешта сказаць, але толькі махнуў рукою. Гэтак засела штосці ў горле, што ні туды, ні сюды. Слова нельга вымавіць.
— Што хоча Ютка?
Утаропіліся вачыма на Ютку. Вельмі цікава, што ён хоча сказаць. Ён трохі адкашляўся і, выпрастаўшыся, стаў у праходзе.
— Хачу, як сказаць, заяву.
— Да стала ідзі. Чаго там стаў? — гукнуў Змітрок.
— Пакажыся, хто ты такі,— з смяшком гаманіў Пятрок.
— I то праўда.
Нехта папхнуў крыху ззаду і Ютка, чапляючыся лапцямі за ногі сядзеўшых, вышаў да стала. Так і цюкнула ўнутры, калі ўбачыў перад сабою гэтулькі людзей. Зусім збянтэжыўся і пачаў выціраць потны лоб кучомкаю.
Аддыхнуўшы крыху, яшчэ бліжэй падышоў да стала.
— Хачу падаць, як сказаць, заяву.
— Але...
— Мацней.
— Што пад нос мармычаш?
3 розных куткоў пасыпаліся галасы, але Ютка, не звяртаючы ўвагі накрыкі, гаварыў далей.
— Але, як сказаць, пісаць я не ўмею.
Старшыня яго прыпыніў.
— Людзі хочуць, каб ты моцна гаварыў. Там вунь заднім не чуваць.
— Ну, але, можна і гэтак. Я, значыць, кажу, што, як сказаць, хачу заяву падаць. А як усім звесна, пісаць я не ўмею. Дык буду прасіць, каб гэта мяне так.
— Вусную заяву разабраць,— дапамог яму Змітрок, які сядзеў на першай лаўцы.
— Але, умсцвенна, як Змітрок кажа.
— Не умсцвенна, а заяву тваю вусную разабраць,— паправіў Максім каператыўшчык.
— Сераўно... толькі, як сказаць, я хачу ў калгас.
— Ага, добра,— сказаў Пуцін.
Ютка тым часам, крыху ўжо набраўшыся духу, гаварыў далей.
— Усім звесна, хто я такі. Калі я хацеў гаспадарыць, з мяне нічога не вышла. Стузалі мяне, як звесна, Бенсі. А я яшчэ ў пятым годзе стаяў за большэвізму, як сказаць; яшчэ тады стражнікі з мяне спускалі шкуру, падрывалі мае жылле, а за што? За большэвізму стаяў. Значыцца, пяць год на катарзе аддзяжурыў, цюцілька ў цюцільку. Ага. А пасля от з пугаю зарабляў кусок хлеба. Вядома, як піша ў газеце, што такому гаспадару, як мне, толькі і месца ў калгасе. Гэтак сказаў Сталін, а ў яго заводзе мой сын працуе, калі хочаце ведаць, от. Гэта ото ўся мая заява, Але.
— Ты ўсёроўна, як аратар,—падбадзёрваў яго Пятрок.
Усё выказаў. Такі-то разгаварыўся,— гутарылі мужчыны на другім раду.
— Годзе ўжо, сядзь,— пацягнуў Ютку за рукаў Змітрок.— Ужо заявіў.
— Дык як, значыцца? — дапыткоўваўся Ютка.
— Сядзь, пасядзі.
Ютка прысеў каля Змітрака і чакаў, што вырашыць праўленне.
— Прыняць.
Гэта адно слова і пачуў Ютка, што сказаў сакратар партячэйкі. У гэты вечар ён больш не чуў нічога. Нейкая набачная сіла падхапіла Ютку пасля паседжання праўлення і легка паперла перад сабою па вуліцы. Нячутна ішлі ногі. Радасць у ім аж цераз край пералівалася, калі ён суняўся каля сваіх варот. Хоць і быў снег пад нагамі, але адчуў Ютка цвёрдую выбітую сцежку да жыцця.
***
Сёння Ютка вельмі жвавы, чаго даўно з ім не было. Хутка апрануў той кажух без каўняра, узяў дубовую крывульку і пашоў пад школу.
На вуліцы напаткаў Сапрона.
— Куды разагнаўся?
Разгладзіўшы далонню вусы, толькі і сказаў Сапрону, махнуўшы рукой у другі канец вёскі:
— Пайду.
Не даходзячы школы, на выгане сустрэў мужчын. Па перадзе, з рыжаю справаю пад пахаю, шырока ставячы ногі, ішоў старшыня сельсовета Мунька. Ён усміхнуўся Ютку, які сышоў са сцежкі у снег, глыбей засунуў рукі ў кішэні і, мусіць, нешта сказаў пра яго новаму сакратару партыйнай ячэйкі. Той азірнуўся, нешта адказаў Муньку. За імі ішло тры чалавекі вяскоўцаў.
Ззаду ішоў Змітрок. Шырокі ў плячах, нават крышку згорблены ад таго, што холадна на дварэ. Кіўнуўшы галавою, ён падміргнуў Ютку:
— Заварочвай аглоблі. Бенсяў пойдзем кулачыць. Сукіным сынам крэст паставім.
Ютка драбязіў поруч з Змітром, гамонячы з ім пра калгасныя справы.