Выбрать главу

На вуліцы то там, то сям з'яўляліся людзі. Калі брыгада апынулася каля Бенсавай брамы, лёгка скрыпаючы лапцямі па снягу, падышоў Сапрон да Мікіты.

— Ютка пашоў варыўню забіраць ад Бенся. Глядзі, онё.

Стары ўзіраўся ў канец, калі мужчыны зайшлі ў двор, і мабыць, нічога не бачыў.

Пакуль усе увайшлі, праз адчыненыя дзверы, клубамі кувыляючыся па падлозе да самае печы, у хату цякло марознае паветра. Старая Бенсіха сядзела ў запечку, калыхалз дзіця.

— Дзверы зачыняйце! Не бачыце —дзіця прастудзіцца! — бяззубымі сківіцамі прашамкала старая.

— А дзе гаспадары? — кладучы справу на стол, сказаў Мунька.

Спужаўшыся увайшоўшых, шарахнулася ў бок цыбатымі нагамі цялё, разліўшы малако, якім паіла яго Бонікава жонка.

— Зараз прыдуць,— сказала яна, устаючы з калодачкі. Стаяла, апусціўшы рукі, не ведаючы, за што ўзяццч.

— Мы можам і абчакаць,— сказаў Змітрок, мерачыся сесці ў крэсла з выгінастымі більцамі спінкі.— А ты, Ютка, ідзі закуры.

— От і гаспадар,— сказаў Мунька, убачыўшы увайшоўшага Бенся.— Хадзі бліжэй да стала.

Бенсь узапёрся пасінелымі рукамі на ўскрай стала, пазіраў на Муньку, які гаварыў, чаго і па што прышлі.

— Зразумела? — запытаўся Мунька. — Зараз дайце ключы, якія у вас ёсць.

Стары, згорбіўшыся, пашоў у другую палавіну. Неўзабаве адтуль вышаў, расчырванелы ўвесь, Бонік.

У дзвярах стаяў збянтэжаны стары Бенсь.

— Не дам ключоў, на гэта права не маеце, — з слінаю вылецела ў Боніка.

— Ці праўда? — устаючы з крэсла паправіў на галаве шапку Змітрок.

— Газеты пішуць што? Культурная гаспадарка, а яны кулака знайшлі.

— Ты па культурнаму і варыўню ў Юткі адабраў, ні за што збіўшы чалавека? Пасядзеў два гады, мусіць мала яшчэ? — перад самым носам у Боніка трос Змітрок аброслым кулаком.— Гэта табе, маць...

— Змітрок, пачакай.

Бонік у прыскрынку шукаў газеты, але Мунька супыніў яго і сказаў, што гэтак было два гады назад, а не цяпер.

— Што тут гаварыць! Звязаць гада, калі брыкаецца, — высунуўся Змітрок.

— Добра кажа, але,— гаманіў каля стала Ютка.— А парабак дзе? Нешта не відаць.

— Дзе парабак? — пад самае вуха запытаў Змітрок у Бенся.

— Учора дамоў пашоў.

— Прагнаў ужо?

— Не, сам пашоў.

Занатурыўся Бонік і ключоў ніяк не даваў. Тросся ад злосці, адгыркваючыся, стаяў каля стала, як воўк, запёрты ў куток. Але пранырлівае вока Пятра, што дагэтуль сядзеў, нічога не кажучы, заўважыла ключы на гратаўцы. Пакуль там гаманілі, ён, п'ючы ваду ў мыцельніку, сцяг ключы ў кішэнь, захіліў полы казінага паўкажушка і сеў каля стала.

— У мяне ключы, брат ты мой, — і перадаў звязак ключоў Муньку.

Бонік, здаецца, памкнуўся быў, каб схапіць ключы, але Змітрок адпіхнуў яго.

— Супакойся!

Той спахмурнеў і, нічога не сказаўшы, вышаў у другую палавіну.

Пачалі апісваць маёмасць. Частка брыгады пашла у клець і хлявы, частка засталася ў сенцах.

— Зараз і самі збірайцеся,— увайшоўшы ў хату, сказаў Мунька.

Змітрок гукнуў Пятра і яны зайшлі ў другую палавіну. Бенсь паволі збіраўся; сеўшы на заслончык каля печы нешта шаптаў увесь час. Бонікава жонка дрыгала нагамі, кінуўшыся тварам у падушкі. Старая залезла на печ, поўзала па чарэні і ўвесь час божкала. Бонік спачатку гразіў, а потым стаў лаяцца.

— Перастань, а то я магу зараз заваліць, калі раскудахтаўся! — гаманіў Змітрок, аглядаючы грамафон.

— Што ты гаворыш з імі гэта ж... — і не скончыў пачатага Бенсь, крэкчучы пяўся ўсцягнуць бот.

Змітрок разглядаў шырокія лапушыстыя лісты вазонаў.

— Як сераўно ў Афрыцы, ці дзе гэта? — пытаў, паказваючы Пятру. Потым хадзіў па хаце і паціраў рукі.

— Што вы збіраецеся, як па сена? На кірмаш вас павязом, не іначай... — не пераставаў Змітрок.

Аформіўшы справу, як належыць, Мунька вышаў на ганак. Пад'ехала падвода.

Спакойна сеў на воз стары, за ім Бонік з пабялелым тварам і старая...

Нявестка не слухала ўгавору, крычала на ўсю хату.

...Пятрок замкнуў хату, зачыніў вароты і астаўся тут на вуліцы ў гурце. Мунька з Васілём паехалі к зяцю Бенся на хутар.

— Варыўню паказваць вязеш? — падміргнуў Сапрон Ютку.

— Ага,— адказаў той і ўкуліўся у развалкі апошняй падводы праводзіць іх да сельсовета.

М-ка Лапічы, Асіпавіцкі раён.

7/Х—33 г