Існаванне і быццё ў мужыку раз'яднаныя. Ён ахвяра гэтай раз'яднанасці і разам з тым унікальная магчымасць іхняга ўзаемапаразумення, іхняга ўзаемасупадзення ў той новай і вечнай з'яве, якую мужык усведамляе ў сабе і якая атрымлівае найменне «чалавек». Яна, гэтая з'ява, не іншая мужыку, як чашчавік, вол, сабака, і сам ён не іншы ёй, як свету і «кожнаму» ў свеце, бо яна — увасабленне яго сут насці, бо яна больш ён, чым ён сам. Сам жа ён яшчэ дарэшты не ўвасоблены, дарэшты не народжаны і з'яўляецца, як Іван Хрысціцель (Папярэднік) у Новым Запавеце, сведчаннем таго, што адбываецца, і весткай аб тым, што мае настаць.
Нібы на каркас, верш абапіраецца на рэфрэн, на паўтор, на крыўдныя словы, якія свет сказаў, а мужык пачуў і, вярэдзячыся гэтай крыўдай, выносіць сабе шматкратны, быццам паводле судовых параграфаў, прысуд: «Бо я мужык, дурны мужык».
Гэтыя два словы — «мужык» і «дурны» — збліжаюцца між сабою настолькі, што становяцца таўталагічнымі: мужык, бо дурны, дурны, бо мужык, і таму што яны таўталагічныя, словы высноўваюцца ў мянушку, а сэнс мучыцца ў безвыходнасці.
Мужык дурны не таму, што ў яго мала розуму, а таму, што ў яго мала свайго розуму. Ён не толькі і не столькі асоба, колькі ўвасоблены прынцып самога жыцця, якое абірае яго, як Іванку-дурня ў народных казках, каб паставіць яго на самае адказнае месца і даць яму самую дзівосную магчымасць, якую нельга займець толькі сваёю моцай і сваёю здольнасцю, пра што сведчаць «самныя» паводзіны разумных братоў.
Мужык дурны для свету, які ўмее «чытаць», «пісаць» і «гаварыць», і таму свет для яго — як і ён для свету — закрыты. Аднак ён адкрыты для самога быцця, якое ўмее чытаць, пісаць і гаварыць не менш істотную кнігу, чым тую, якую мужык не ўмее,— яго самога і якое «знае», што мужык не толькі мужык, а і яшчэ хтосьці (ці штосьці).
Каб перааспрэчыць мянушку, не хопіць ніякіх слоў і не хопіць ніякіх паўтораў, каб з безвыходнасці выснавацца. Але каб гэта адбылося, тое, што мучыцца і вымаўляецца, здабывае з сябе новуг» якасць — крык. I гэтая якасць надзвычайная. Словы, што прамаўляюцца мужыком, чуе свет і адгукаецца на іх суадпаведна, змацоўваючы сваім водгукам існуючы расклад рэчаў, але крыку ён яшчэ не чуў і не мае на яго ні водгуку, ні сябе, але затое мае на яго і водгук і сябе новая рэчаіснасць, у якой мужык — чалавек.
Апроч іншых характарыстык, што мае мужык, у вершы прысутнічае яшчэ адна, спалучаная з паняццем тут («Што я мужык, усе тут знаюць»; «Але хоць колькі жыць тут буду, Як будзе век тут мой вялік...”) Мужык — тут, мужык — тутэйшы, і жыве ён у своеасаблівым кантынууме, у якім геаграфічнае не ведае, дзе яно, нацыянальнае — што яно, дэмагра-фічнае — колькі яно,— у тутэйшасці. Унутраныя меркі і гаранты тутэйшасці не суаднесены з вонкавымі, і там, дзе для свегу пытанне заключаецца ў тым, каб быць кімсьці (ці чымсьці), то, у прынцыпе, для мужыка ў тым, каб быць. Свет, і кожны, хто жыве ў ім, мае справу з аксіялагічным варыянтам пытання, мужык — з анталагічным, свет — з клаўдзіеўскім («айчымным»), мужык — з гамлетаўскім, надаючы яму сваё вырашэнне і здабываючы ў самой немагчымасці свайго існавання новы сэнс і новую перспектыву.
Мужык — пэўная велічыня, у вершы яна акрэсліваецца і азначаецца як тое, што ёсць. Што да свету, то ён азначаецца іншымі велічынямі — няпэўнымі, яны абагульняюцца найменнем «усе» і, суадносячыся з мужыком, выяўляюць і атэстуюць сябе як смех з яго, як знявага яго, як нешта, што мае да яго дачыненне і, не жадаючы мець, адцураецца ад яго.
Яны ў свеце, мужык на ўскрайку свету — у тутэйшасці, і ў гэтым сваім сегменце мае магчымасць водступу з апанаванага імі свету: чашчавіком у мінулае і чалавекам — у наступнасць, Праз прызму сваіх заняткаў і станаў мужык акрэсліваецца і абмалёўваецца з розных бакоў, а праз яе ўскосным чынам таксама акрэсліваюцца і абмалёўваюцца няпэўныя велічыні, але тая велічыня, што называецца чалавекам, застаецца як бы па-за азначэннем. Які ён, што ён, дзе — ён выходзіць за межы верша і за межы свету.
Сваёй мужычай істотай мужык зрошчаны з рэчаіснасцю, у якой ён жыве, а чалавечай — з той, якая мае настаць. Мужык адначасова ёсць і становіцца: ён становіцца, бо ён ёсць, і ёсць, каб станавіцца. Як асоба мужык не мае і не знаходзіць сэнсу ў сваім існаванні: яно бессэнсоўнае не таму, што яно цяжкае, а цяжкае якраз таму, што бессэнсоўнае. Але калі яно набывае іншую інтэнцыю, калі яно становіцца існаваннем для кагосьці (ці чагосьці), тады яно становіцца не-асабовым існаваннем, існаваннем самога гэтага кагосьці (ці чагосьці), і тады набывае сэнс.