Выбрать главу

Здзяйсненне дазваляе адчуць глыбіню рэчаіснасці і гаварыць аб тым, што вынік у ёй існуе і пасля прычыны, і адначасова з прычынай, і да прычыны. Але — у сваім пласце, у падаснове існавання. Летнія, не ўзгодненыя з вынікам, учынкі, аформяцца ў шлях, які, мінуўшы плады і збор пладоў, пастукаецца ў «корань восені». У набалелы корань: у ім утварылася і выспела тое, што не сумяшчаецца з праяўленым светам паверхні,— герметычная прастора. Як сэрца жывой істоты венамі лучыцца з целам, гэтак, суадпаведная сэрцу, герметычная прастора лучыцца з рэчаіснасцю, аднак (што істотна!) венамі самой жывой істоты дзейнай асобы верша. У свеце, абумоўленым паверхняй, жыццё не з'яўляецца альтэрнатывай смерці, яно становіцца такім у тым «сардэчным» свеце, куды смерць не мае доступу. Невідочна, як плод з карэннем, з ім лучыцца верш.

Р. S.

Летняя пара мае ўсё і лёгка ўсё траціць. У гэтай шчодрай лёгкасці яе асаблівасць. Яна непазбежная і небяспечная для асобы, што застаецца пасля яе. Тады, калі страчваецца сама лёгкасць, вынік пачынае вяртацца да пачатку, да «кораня» — крытэрыю і меры. Корань у восені, і ён набалелы, а восень сама. Сама настолькі, што ў «набалелы корань» даводзіцца стукацца. Набалелы — бо лёгкасць была занадта лёгкаю, стукацца — бо разам з лёгкасцю асоба страціла і ключы, каб увайсці проста самой. Корань набалелы — і замкнёны (глыбока), і як раней з яго ўзыходзілі жыватворныя токі і ўводзілі асобу ў лета, так цяпер узыходзіць набалелае, што, як арыядніна нітка, прыводзіць асобу туды, дзе яна стукаецца самім сваім сэрцам. Калі перарываюцца капіляры, застаюцца вены, калі перарываюцца вены, з невядомай глыбіні ўзыходзіць невядомая ісціна — смерць. Аднак цяпер асоба сама скіравана ў гэтую глыбіню — у невядомае выйсце, да той «кроплі жыцця», у якой смерць перайначваецца і смяецца.

Там вершу адкрываецца нешта, што бачыцца сном, але што глыбейшае за сон.

* * *
разгадваеш слыхам вокам словам сваю зямлю у матчынай крыніцы твае сны і жыццё ёсць дом дзе смерць і вясна іграюць белыя лічбы над табой пад табой сцелецца маўчанне мчыцца мчыцца конь зялёны вадапой з чорным крыжам як перайсці ўсе сцежкі да матчынай крыніцы чужы дзень у віне нерухомы ноч не плыве твая думка завешана на матчынай яблыні... «разгадвавш слыхам...»

У вершы дзейсніцца варажба рэалій. Усё скранулася, усё займела скрытае значэнне. Мы пазнаём знаёмае, аднак знаёмае ўжо не пазнае нас і не звяртае на нас увагі. Яно жыве сваім жыццём і асягае сваю мэту. Якую — мы яшчэ не ведаем, але калі яно асягне яе — даведаемся. Мы сочым за чыімсьці лёсам, і той, каго ён закране, таксама яшчэ сочыць за ім, як за чыімсьці.

Аднак «іграюць белыя лічбы» і, каб некуды і для нечага паспець, «мчыцца мчыцца конь зялёны», і ўжо акрэслілася месца з кодавым найменнем «вадапой». «Матчына крыніца» — пост-варажбоўная рэальнасць. Недзе глыбей за самую варажбу, яна ёсць, але які конь туды даімчыць? Тое, што наваражыла варажба — здзейснілася. Аднак апошняе слова застаецца ўжо не за ёй. Калі думка, што «завешана на матчынай яблыні», яблыняй прымецца, тады яна стане жывою і стане зноў жывым той, хто яе сюды скіраваў.

* * *
Распалю касцёр у цёмным лесе... склічу яшчз раз зязюляў-прарочыц палічу гады-хвіліны... павяду белых коней да вадапою у вадапой укіну абдзёртую манету... гляну ў люстра абніму восеньскае неба... заслухаюся яшчэ раз у жоўтай музыцы... схаваю глыбока глыбока лістападавы прыпеў... на руінах хаты намалюю усход і захад сонца... раздзялю тры кроплі вады на апошнія дні. . скіну з плячэй панцыр... пайду за рэхам твайго маўчання.. «Распалю касцёр...»