Выбрать главу

Не варта паддавацца ўражанню, што дэмакратычны і таталітарны лад, пры гэтым, прынцыпова адрозніваюцца паміж сабой. Іх адрозненне адноснае — ні адзін з іх не вырашае кардынальнай праблемы чалавечага існавання. Яна вырашаецца на іншым узроўні, і кардынальнай альтэрнатывай як адной, так і другой рэчаіснасці, ці, калі хочаце, іхнім якасным працягам, выступае трэцяя рэчаіснасць, паўнамоцным прадстаўніком якой і з'яўляецца паэт. Яго ўлада — ад яе.

Гэтая ўлада даецца ў творчасці і праз творчасць, і ў творчасці і праз творчасць паэт сустракаецца з рэчаіснасцю, дзе яго слова адначасова становіцца і важкім, і свабодным.

У кірунку да гэтай — трэцяй — рэчаіснасці разгортваецца супярэчлівы рух гісторыі.

Мы шукаем і фармулюем паэта па сучаснасці, аднак гэты занятак набудзе глыбіню, калі і сучаснасць мы будзем шукаць і фармуляваць па паэце.

МЭТАЗГОДНАСЦЬ СВАБОДЫ

(Выступленне на II Міжнародным кангрэсе беларускага ПЭН-цэнтра)

Усе ведаюць, што свабода ёсць, але ніхто не ведае, дзе яна ёсць. Калі мы звернемся да спрадвечнага чалавечага дня ці года, дык выявім шмат рэчаў, за якія чалавек трымаецца і якім аддае сваю ўвагу і якія, у сваю чаргу, абгрунтоўваюць і трымаюць чалавечае існаванне. Але ні ў крузе дня, ні ў крузе года, ні ў каляндарна-абрадавым кругабегу не знойдзецца месца, дзе мусіла б і магла б выяўляцца і дзейсніцца свабода. Яна аказваецца як бы немэтазгоднаю, і калі пра любога, прысутнага тут, чалавека можна сказаць: гэта — разумны, гэта — заклапочаны, гэта — заможны, гэта — уплывовы, гэта — знявераны, а гэта — дужы чалавек, і мы пагодзімся з гэтым, бо дадзеныя азначэнні адпавядаюць нечаму таму, што мае месца ў самой рэчаіснасці, то са свабодным чалавекам заўсёды атрымліваецца няўвязка. Яго тут няма: наяўная рэчаіснасць не забеспячае падстаў яго існавання і адмаўляецца станавіцца яму айчынай.

І калі мы ўсё ж такі ў зразумелым чалавечым жаданні быць гаспадарамі становішча паспрабуем увесці з'яву свабоды ў свой жыццёвы абсяг і ўвасобіць яе ў жыццёвых вартасцях, так бы мовіць, асвоіць і прыручыць яе, то з ёю і з намі пачнуць адбывацца пэўныя аберацыі. Яна становіцца блізкаю — тым, што ёсць тут, а мы тымі, хто збірае і беражэ набытае. Несвабода, а якраз яе аберацыя, прымушае нас умуроўвацца ў сваё існаванне і казаць пра свяшчэннае права ўласнасці, і літарай закона адмяжоўвацца ад таго, што нам заўсёды зычыць дабра.

Свабода адпускае набытае, адзіны яе набытак мы самі, і калі нас зачароўваюць нашы разумныя і бліскучыя рэчы, нашы разумныя і выдатныя дзеячы, то свабода — вялікае расчараванне, расчараванне на поўны наш рост.

Гіпертрафіраваная прысутнасць у нашым жыццёвым абсягу адных на справе азначае гіпертрафіраваную адсутнасць другіх, і той, хто становіцца дужа дужым, паказвае іншым, што яны слабыя, той, хто робіцца дужа заможным, нагадвае іншым, што яны бедныя, а той, хто згаджаецца ўвасабляць сумленне і волю нацыі, згаджаецца, няхай на метафізічным узроўні, пакінуць нацыю — і кожнага нацыянальна арыентаванага прадстаўніка — без сваёй асабістай волі і без свайго асабістага сумлення. Мабыць, аднак, неба метафізікі і зямля фізікі ўсё-такі недзе супадаюць, таму што метафізічнае дзеянне раней ці пазней перацякае ў фізічнае, яно як бы ўвідавочніваецца, становіцца прысутным тут і таму супрацьпастаўленым усім і кожнаму — і тады слабыя пачынаюць ненавідзець дужых, бо гэтая дужасць не іхняя, бедныя жадаюць зла заможным, бо, зноў-такі, яны не маюць сваёй долі ў гэтай заможнасці, а простыя людзі адварочваюцда ад сваіх, увасобленых у некім, сумлення і волі. Змест свабоды дзейсніцца і выяўляецца ў кантэксце вялікай мэтазгоднасці, такой мэтазгоднасці, кантэкст якой ахоплівае зямлю і неба, блізкае і далёкае, і якая ніколі не зводзіцца да сваволі (сваёй волі). Мэтазгоднасць поўная зваротным рухам — рэхам, і калі ты сонца, то тваё прызначэнне не проста «светить всегда, светить везде», як запавядаў пралетарскі паэт, а слухацца зваротнага руху, які табе некалі ціхім голасам скажа, што тваё палымянае ззянне з аб'ектыўнай карысці перарастае ў аб'ектыўную шкоду і што трава, якая спачатку радавалася табе і цягнулася да цябе, вяне, сохне і просіць, каб ты схаваўся за хмары. I калі ты сапраўды ўключаны ў кантэкст вялікай мэтазгоднасці і зацікаўлены ў тым, каб зелянела трава, каб спеў ураджай, а не ў сваёй асабістай праўдзе, ты своечасова пачуеш гэты зваротны рух і своечасова паслухаешся яго.

Мэтазгоднасць свабоды выяўляецца ў тым, што яна здымае канфрантацыю тэзы і антытэзы і, пакідаючы кожную істоту і з'яву на сваім месцы, адкрывае ёй яе ж перспектыву, гэта азначае: не адцурае, не зневажае і не знішчае яе, а робіць яе перспект ы ў н а й.