Калісьці Уолт Уітмен, амерыканскі паэт, сказаў, што ад паэзіі нічога нельга схаваць. Нават тое, што ты раніцай рабіў, чым снедаў — гэта таксама адаб'ецца на тваім вершы. Паэзія гэта адчуе і выдасць. Апроч тых назваў, якія вы згадвалі, у мяне яшчэ быў «Шлях-З60»..
— Таксама вельмі асацыятыўная назва!
— Так, і, ведаеце, шлях, мусіць, адрозніваецца ад дарогі тым, што дарога як бы ўжо з самага пачатку да канца прадвызначаная. Яна ўжо адбылася аднойчы ў рэчаіснасці, у свеце — і вось яна доўжыцца і паўтарае самую сябе, Шлях — гэта кожны раз жывая дарога. Яна адчувае чалавека, яна разумее яго. Я калісьці сфармуляваў у адной сваёй паэме, што я — той, хто шлях і хто па ім ідзе. Адначасова шлях як бы ўбірае тое, што было ўчора, і кожны новы дзень. Ён гэтаму шляху дазваляе ісці і адбывацца непаўторна. I калі асабовы шлях у дачыненні да канкрэтнай асобы застаецца ў значнай меры прыватным шляхам, прыватнай дарогай, то шлях творцы, шлях паэта — ізноў-такі ў пэўнай меры, у пэўнай ступені — гэта шлях самой рэчаіснасці.
— Сёння ў беларускай паэзіі існуе такое паняцце, як аўтарскія жанры паэта Алеся Разанава. Алесь Сцяпанавіч, дзе, скажыце, тая крыніца адчування вамі літаратурнай формы? Гэта прастора ўжо дастаткова распрацаваная ці кожны раз — новае адкрыццё і свой моўны пошук?
— Кожны твор у прынцыпе — гэта адкрыццё. Я ва ўсялякім разе не прыхільнік колькаснага нарошчвання вершаў. Мне цікава расці, мне цікава адкрываць. I калі кожны верш — адкрыццё, то, мабыць, яшчэ большае адкрыццё, калі адкрываецца нейкі жанр. Калі ўпершыню пачалі падступацца версэты — я яшчэ ніводнага слова з іх не ведаў. Але форма пачала акрэслівацца. Я доўга эсперыментаваў, звужаў, пашыраў, дзяліў на пэўныя рады, але спачатку прыйшло адчуванне формы. I потым яна стала напаўняцца канкрэтыкай. Але асноўнае ўжо адбылося, асноўнае — адкрылася форма. I гэтая форма ўжо як своеасаблівая хваля — ну вось ёсць радыёхвалі, і на іх агучваюцца менавіта такія рэчы, такія думкі, такія настроі, такія вобразы. А ў кнізе прысутнічае, можна сказаць, некалькі такіх хваляў, некалькі дыяпазонаў. У межах іншага дыяпазону версэт не адбудзецца. Адбудзецца вершаказ, адбудзецца зном, адбудзецца паэма, пункцір — кожны жанр валодае пэўным сваім перыядам, пэўнай частатой, пэўнай хваляй.
— Цікава, дзе тая мяжа, на якой аўтар адчувае розніцу жанраў?
— А я тут ужо дазваляю самому вершу, каб ён гаварыў за сябе, каб ён адбываўся. Калі ён адбываецца, ён сам ведае, куды яму ісці, куды яму цячы. Калі ён заўпарціцца і не захоча адбывацца, я нічога не змагу зрабіць, колькі б ні сядзеў за сталом: дзень ці два. I таму заўсёды творчасць — гэта пэўным чынам супрацоўніцтва. У ім два пачаткі; аўтар, які арганізуе твор, і той самы твор, які — магчыма, тут трошкі метафізікі — загадзя прысутнічае, і ён захоча адгукнуцца на тваю прапанову, на тваё слова. А калі захоча, то трэба слухацца, што ён табе гаворыць, што ён хоча сказаць, як ён хоча ўвасобіцца.
— Алесь Сцяпанавіч, можна сказаць, цаглінкамі ўсіх літаратурных форм з'яўляецца слова. Цікава, хто з вас вядучы, а хто вядзёны?
— Яшчэ раз — гэта ўзаемны працэс, двухісны. Папершае, каб пачаць пісаць верш, трэба ўжо каб была нейкая нота, водгук, імкненне. Калі гэтага няма, то, значыць, няма той матэрыі, з якой можна працаваць. Але калі ты злавіў слова, атрымаў водгук з прасторы — ты ўжо ў межах пэўнага жанру. Ты творыш верш, але пастаянна ўдакладняеш гэты свой верш з тым самым узорам, скажам так, архетыпам, які даў табе гэты водгук.
— Вы сказалі, што кніга «Паляванне ў райскай даліне», пра якую ідзе ў нас з вамі гаворка, найбольш поўна прадстаўляе вас як аўтара розных літаратурных форм. Як вы лічыце, спалучэнне ўсіх гэтых форм і пераход унутранага аўтарскага адчування ў іх мае пэўнае суаднясенне з часам, з падзеямі? Проста з нейкім касмічным, калі хочаце, станам творцы?
— Я думаю, што рэчаіснасць — яна адзіная, але ў залежнасці ад чалавека, ад яго настрою, ад яго «зараджанасці» — яна можа адгукацца або адным, або другім сваім бокам, пэўнай сваёй нотай. Рэчаіснасць універсальная, у ёй прысутнічае адразу ўсё. Яна дазваляе чалавеку гаварыць так, як здолее чалавек. I мне цікавая размова з рэчаіснасцю ва ўсіх планах, ва ўсіх іпастасях. Чалавечае жыццё ў нечым вельмі адноснае, вельмі ўмоўнае, але якраз у гэтай умоўнасці і ствараецца такі непераўзыдзены глыбокі сэнс, які, можа, і з'яўляецца злепкам самой рэчаіснасці! I гэта самае каштоўнае ўрэшце, што чалавек можа набыць.