— На маю думку, рэчаіснасць, у якой знаходзіцца творца, пэўным чынам пераўтвараецца ім у прастору моўную, у прастору гукавую. Пытанне такое: адчуванне слова, адчуванне гуку — як выяўляе гэту рэчаіснасць?
— Па-мойму, творцы, паэта няма без адчування слова, без адчування гуку. У паэзіі гук — не проста гук, ён становіцца гукасэнсам. І сфера гукасэнсу яшчэ не вельмі намі абазнана, не спазнана. Мы ў ёй рухаемся, паводзімся, знаходзім сябе навобмацак. Але нават у такім побытавым штодзённым жыцці мы ўсё ж такі адрозніваем сэнс аднаго гуку ад сэнсу, які нясе, дапусцім, блізкі гук, але ўсё ж не той самы.
Звярніце ўвагу, калі немаўлятам даюць імёны, як людзі перабіраюць гэтыя імёны і кажуць: вось гэтае пасуе, гэтае не пасуе, хаця імёны могуць быць вельмі блізкія або разнавіднасцю аднаго і таго ж урэшце кораня. У гуку закладзены ўжо сэнс. Адзінае, што мы яшчэ як бы не адчуваем, не разумеем, які сэнс там закладзены. Вось нават і маё імя: Алесь, Аляксандр, Саня, Шура, Саша — урэшце адно і тое ж імя, але кожнае слова нясе ўсё ж такі розную сэнсавую нагрузку і інфармацыю на ўзроўні інтуіцыі, і нездарма кажуць, што сусветы ў касмагоніі тварыліся гукам, вібрацыяй. Спачатку было слова.
Я ў сваёй творчасці гуку надаю вялікую ўвагу. I менавіта з увагі да гуку, з патрэбы гуку стаць сэнсам, відаць, і ўзніклі такія мае аўтарскія жанры, як квантэмы і як вершаказы. Напрыклад, квантэма, якая гучыць так (у ёй гульня на гуках, але гукі якраз становяцца гукасэнсамі): «Руіны запарушваюцца. Рунь уваскрашае руны. Неба блізка». Унутры вызначаных рытмаў, а мы ведаем гэтыя рытмы па падручніках са школьных яшчэ гадоў: ямб, харэй, дактыль, амфібрахій, анапест — існуюць больш тонкія рытмы. I гэтыя рытмы спалучаны якраз з чалавечым голасам, з чалавечай інтанацыяй. Таму што адным і тым самым рытмам, нават калі і складоў будзе аднолькавая колькасць, у радку можна апісаць зусім розныя рэчы. Але адметнасць гэтым рэчам, гэтым творам надае якраз глыбокі рытм, спалучаны з голасам, з інтанацыяй. I ў вершы важны не сам па сабе рытм, а якраз інтанацыя рытму, колер рытму, я сказаў бы. Вершы, мабыць, і ўзнікаюць як патрэба гэтай інтанацыі прабіцца, выявіцца, сказаць пра сябе. Тут варта яшчэ назваць уголас слова, якое прысутнічае ў маіх развагах — гэта ўжо пачуццё, але пачуццё, якое думае, разумее. Гэта проста, мабыць, новы стан творчага мыслення.
А што да гукавой прасторы, то, на маю думку, яна і ёсць мова. Тысячагоддзямі людзі, шматлікія пакаленні ў мову ўкладалі ўсё сваё жыццё, укладаліся самі. I ў гэты палетак укладаецца ўся зямля і ўсё неба. Укладаецца космас. I, паверце, што ў космасе маюць вартасць не толькі нейкія новыя з'явы, новыя думкі, але важны і тыя асновы, якія напрацоўваліся за гэтыя тысячагоддзі. Космас жывы, і ён зацікаўлены ў беларускай мове.
— У высокафіласофскай паэзіі Разанава як дапамагае аўтару адчуванне філасофіі гуку? Гуку, як першай прыступкі да ўсёй паэтычнай прасторы, калі хочаце...
— Якраз у падаснове прыгожага пісьменства і знаходзіцца гук. Гэта як, скажам, карані ў дрэва. Гук — гэта карані. А карані не любяць, каб іх мацалі, краталі, каб іх раскопвалі, выводзілі на святло — пакіньце ў спакоі карані, там, дзе яны знаходзяцца, - у цемры. Бо карані і самі выяўляюцца. Якім чынам? Праз тое ж самае дрэва: праз ствол, праз галіны, праз зялёнае лісце, праз кветкі, і калі кветка цвіце, то якраз тут і шукайце філасофію гэтых самых каранёў. I калі адбываецца твор, якраз у творы шукайце філасофію гуку. Ён, гук, прысутнічае вось такім апасродкаваным чынам. Але таму, што твор узнікае, што твор з'яўляецца — у гэтым якраз такая анталагічная філасофія гуку і праяўляецца, і прысутнічае.
— Алесь Сцяпанавіч, такія мініяцюрныя формы, як пункціры, што складаюць цэлы раздзел у новым зборніку «Паляванне ў райскай даліне», чым прывабліваюць вас як паэта? У чым іх хараство, іх асалода для творцы?
— Пункціры — гэта назіранне, думка, вобраз — тое, што заўважылася вакол сябе ў рэчаіснасці. Што пастукалася ў тваю душу, у свядомасць, што блізка падступілася. I грэба, каб зрок убачыў, а слых пачуў нешта істотнае, каб быў гатовы гэта ўспрыняць. Калі прыйдзе такое назіранне — тады яно можа стаць пункцірам.
Пункцір — гэта З, 4, 5, ну 6 радкоў ад сілы. Але ён валодае ўнутранай цэласнасцю і, мне думаецца, што маленечкі па аб'ёме пункцір па сутнасці сваёй нават большы, чым верш. Я недзе казаў пра гэта ці нават пісаў у зномах, што, калі верш — гэта як колас, як рунь, сцябліна, то пункцір — гэта зернейка. I калі паэма — цэлы колас, то ўсё ж такі адно зернейка — яно больш блізкае або сугучнае, або больш адпаведнае коласу, чым сама саломінка, сама сцябліна. I таму, мне думаецца, што нейкім чынам пункціры нагадваюць мікрапаэмы.