Выбрать главу

— Пытанне апошняе. Апесь Сцяпанавіч, на пачатку нашай размовы вы казалі, што творца заўсёды на пэўным шляху, што менавіта шлях вызначае яго жыццё, яго сутнасць. У такім разе, вы — як падарожнік гэтага шляху — як сёння сябе пачуваеце?

— Яшчэ раз: адрозненне шляху ад усталяванай дарогі, якую можна вызначыць і планаваць далёка наперад, у тым, што шлях — гэта заўсёды жывы дыялог. Жывы дыялог з тымі самымі рэаліямі рэчаіснасці, з тым самым сённяшнім днём, які заўсёды нечым адрозніваецца ад учарашняга, ад папярэдняга, Я дазваляю... Дазваляю, каб гэты дыялог адбываўся. I не хачу глушыць тыя самыя тонкія галасы, якія ўваходзяць у гэты дыялог, у гэту размову. Бо калі я сваёй воляй, сваім голасам нешта вызначу або прадвызначу — тыя тонкія галасы і тыя самыя тонкія сферы скажуць: ну а навошта тады мы? А паэзія якраз мае справу з рэчаіснасцю ва ўсім яе маштабе. I тонкая рэчаіснасць там займае вельмі і вельмі істотнае месца.

—Хай доўжыцца ваш шлях, і дзякуй вялікі за гэтую гутарку.

Гутарыла Галіна Шаблінская

ЖЫТА I ВАСІЛЁК

Слова пра Максіма Багдановіча

Такое ўражанне: Максіма Багдановіча чытаюць і перачытваюць не толькі прыхільнікі і знаўцы паэзіі, але і сам час, самі падзеі — нібы забыліся нешта і намагаюцца ўспомніць — звяртаюцца да яго за падказкаю і парадай.

Дзіўна, але цяпер, калі крычаць і заяўляюць аб сабе далёка не паэтычныя рэчы, калі беларуская рэчаіснасць стурзана супярэчнасцямі, ён актуальны больш чым хто іншы, ён, пра якога мы кажам, што гэта паэт чыстай красы. Дык што ведае Максім, чаго не ведаем мы? Што памятае, чаго не памятаем мы? I што — якія токі, якія сілы, якія вобразы — жывяць гэтую актуальнасць?

Думаю, адказ тоіцца ў самой з'яве красы, увасобленай Максімам Багдановічам у сваіх творах: яна той непаўторны «згук», на які адгукаецца беларускае светаадчуванне, яна той адмысловы знак, праз які беларускае распазнае, што яно беларускае. З'ява красы і з'ява Беларусі ў творчасці Багдановіча зродненыя і неаддзельныя адна ад адной, як зоркі-двайняткі. «Каторыя так блізкі паміж сабой і так суцэльна зліваюць сваё святло, Што нам здаюцца адною зоркаю»,— як пісаў ён сам. Усё прыгожае ў яго беларускае і гаворыць па-беларуску, а беларускае, у сваю, чаргу, прыгожае і гаворыць аб слаўным, аб шчырым, аб запаветным і, само па сабе, аб прыгожым.

Можна перакроіць межы краіны — і каардыната геаграфіі мусіць згаджацца з дадзенымі акалічнасцямі;

можна гвалтам і запалохваннямі адбіць у народа памяць — і каардыната гісторыі ўжо будзе залежаць ад жэстаў чарговага правадыра;

можна спаіць і растварыць у міграцыйных плынях насельніцтва — і каардыната дэмаграфіі распадзецца на мноства частак;

але, акрамя гэтых каардынатаў, Айчыну вызнае і вызначае яшчэ каардыната красы, і да гэтай каардынаты маюць доступ не прахадныя і падстаўныя «цяперцы», а захавальнікі вечнасці — мастак ды музыка.

Вось жа, самае кволае — яно ўрэшце і самае трывалае, самае не ўжытковае — яно і самае патрэбнае, самае бяспраўнае — яно і самае праўдзівае. У многіх сваіх творах Максім Багдановіч звяртаецца да з'явы красы, разважае аб яе прыродзе, асэнсоўвае яе ўласцівасці: у «Перапісчыку», у «Кнізе» і ў «Слуцкіх ткачыхах», у «Санеце», у «Трыялеце», у «Рандо», у «Актаве» і ў «Тэрцынах», у «Мадоннах», у «Лісце...» і ў «Агаце», у «Музыку», у «Апавяданні аб іконніку і залатару» і ў «Апокрыфе». На апошнім з названых творах я хацеў бы сёння спыніцца, разгледзець яго больш уважліва. Ёмісты сюжэт, няхітрая фабула — я скоратку, у самых асноўных рысах, нагадаю, пра што там ідзе гаворка.

Калі споўнілася мера часу, Ісус Хрыстос зноў сышоў на зямлю са сваімі апосталамі. I хадзіў ён па нашым краі: па Міншчыне і па Віленшчыне, па Задзвінскай зямлі — Віцебшчыне ды Смаленшчыне — і па Магілёўшчыне. Апрануты ён быў дужа проста, а не такога другога прышэсця спадзяваліся людзі. Таму, калі аднаго дня ён падышоў да жытнёвага палетка, дзе людзі былі заняты сваёй звычнай сялянскай працай, на яго ніхто не звярнуў асаблівай увагі. Адно музыка, якому цяпер не было чаго рабіць, падышоў да яго і сказаў: сорамна мне, усе людзі працуюць, а я нічым не заняты; нікчэмны я чалавек. Тады Ісус Хрыстос пытаецца ў яго: скажы, калі спяваюць у вас песні? Музыка адказвае: заўсёды спяваюць. Спяваюць на радзінах і хрэсьбінах, на вяселлях і на хаўтурах, у бяседзе і ў працы, на каляды і на вялікдзень, на зажынках і на дажынках. Дык жа не саромейся свайго дару, кажа на гэта Ісус Хрыстос. Ты не лішні на зямлі, ты патрэбен людзям. Яны любяць твае песні, яны цягнуцца да красы, яны не асудзілі яе, хоць іхняе жыццё беднае і цяжкае.