Выбрать главу

Але на самым узмежку «Апокрыфа» Максім Багдановіч пакідае нам дужа важны знак, які кажа пра немінучыя катастрафічныя зрухі, што маюць настаць і што ўжо настаюць, і, не месцячыся ў межах «Апокрыфа», у межах мастацтва, распачынаюць новы раздзел. Маю на ўвазе заключныя радкі з «Апокрыфа»: «I босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым і мяккім пыле дарогі сляды. Але гора вам, людзі, бо даўно ўжо затапталі вы іх». Давайце паспрабуем увайсці ў гэты новы раздзел, у саму гісторыю, у тое, што адбылося і адбываецца з намі.

Людзі затапталі Хрыстовы сляды — і паміж планамі (прыродным, чалавечым і боскім) парушылася сувязь; людзі затапталі Хрыстовы сляды — і па затаптаных Хрыстовых слядах прыйшлі іншыя істоты, «гора» беларускага народа. Хто яны? Кажучы словамі нашага выдатнага паэта Пімена Панчанкі, гэта — клан, гэта — клас, гэта — гразь. Прыйшла гразь — і запэцкала прыгожы малюнак «Апокрыфа». Яна запэцкала і пэцкае сёння нашу спадчыну, нашу культуру, нашу мову, нашу гісторыю; яна запэцкала і пэцкае само найменне беларуса, семантыка якога якраз і змяшчае ў сабе колеры, што выяўлены ў нашым, таксама запэцканым ёю, дзяржаўным сцягу.

Выедзьце за межы Беларусі — і вам сорамна будзе назвацца беларусам, Палякам — не сорамна, латышом — не сорамна, літоўцам — не сорамна, украінцам — не сорамна, і нават рускім не сорамна, а вось беларусам — сорамна.

Гразь упэўнена, што калі яна запэцкае прыгажосць — яна стане ўладарыць над прыгажосцю;

калі яна запэцкае мудрасць — яна стане ўладарыць над мудрасцю;

калі яна запэцкае сумленне і гонар — яна стане ўладарыць над гонарам і сумленнем.

Але гэта не так. I нават калі яна займее сваіх іерархаў — намеснікаў Хрыстовых, якія ў патрэбны час і ў патрэбным месцы скажуць патрэбныя словы, накшталт: «Няма ўлады не ад Бога», гэта ўсё роўна не так.

Апостал, што напісаў гэтыя сповы ў сваім «Пасланні да рымлянаў», заклікае падначальвацца вышэйшым уладам, якія ад Бога, а не ад гразі, а гэта не адно і тое ж. Няма і не будзе на гразь Божага блаславення, нават калі яе ўшануюць і ўславяць залежныя ад яе іерархі. Няўжо не відаць: гульня ў цытаванне зусім не бяскрыўдны занятак! Гэтак жа можна ўзаконіць дзеянні рабаўнікоў, гвалтаўнікоў, усемагчымых злачынцаў — хіба яны не маюць рэальнай улады над сваімі ахвярамі?! I гэтай жа дарогай можна дайсці да ўшанавання і ўслаўлення князя гэтага свету — сатаны, ён жа таксама мае ўладу, і не абы якую.

Паміж вектарам выслоўя «Няма ўлады не ад Бога» і вектарам высновы «Усякая ўлада ад Бога» велізарная і прынцыповая розніца, і не заўважаць яе нельга. Інакш — лішні Ісус Хрыстос, інакш — непатрэбны ягоны подзвіг.

Ніхто гэтак не прагне ўлады і не чапляецца за ўладу, як гразь: такая ў яе анталогія. Але ж не вечна доўжыцца гэтаму ганебнаму стану рэчаў, не вечна гразі панаваць, нават калі ашуканы і запалоханы ёю народ усё яшчэ лічыць, што яна ўдзень і ўначы рупіцца пра яго дабрабыт!..

Ды не будзе народ апраўданы толькі за тое, што ён народ, але на любым судзе будуць апраўданы тыя адважныя душы, што не пакрывілі сумленнем і не схіліліся перад уладай гразі.

Мы выступілі за рамкі «Апокрыфа», з жытнёва-васількавай стадыі тэзы ўвайшлі ў супярэчлівую стадыю антытэзы, але вяртацца назад не будзем, ступім далей і — зноў увойдзем у «Апокрыф». Так, ён можа не толькі папярэднічаць гістарычна-грамадскім падзеям, але і наступнічаць — завяршаць іх, быць іхняй сінтэзай.

Мы зноў апынаемся там, дзе ўжо некалі былі, — каля жытнёвага палетка, зноў бачым у атачэнні жытнёвых каласоў васілёк, чуем жнеяў і музыку, сустракаемся з апосталамі і з ісусам Хрыстом, нам нанава адкрываецца свет працы і прыгажосці, свет, дзе добра быць коласам і шчасна быць васільком, але на гэты раз у ім нешта істотна ўдакладніцца: Хрыстос не будзе ўжо не пазнаны людзьмі і яго сляды не будуць ужо затаптаны (урокі гісторыі мусяць засвойвацца). I гэты трэці, заключны, раздзел ужо не будзе апокрыфам, а — канонам.

Як бачым, краса ў «Апокрыфе» займае ўсе планы; у ёй сустракаюцца і з'ядноўваюцца ўсе пачаткі — цялесны, душэўны і духоўны; яны з'ядноўваюцца ў красе настолькі цэласна і непарыўна, што іх нельга разасобіць. Паспрабуйце гэта зрабіць — не ўдасца, бо цела — яно ўжо і душа, а душа — яна ўжо і дух.

Краса — новы стан самой рэчаіснасці; яна больш відушчая, чым рухі, партыі і франты: яны пярэдадзень выніку, а яна дзень і вынік. Таму ў часы грамадскіх разломаў і збояў Максім Багдановіч нам кажа больш, чым шмат якія грамадскія і палітычныя дзеячы са сваімі «правільнымі» заклікамі і высновамі.