Выбрать главу

Усё, што хоча існаваць, мусіць здзейсніцца: і ў мастацтве, і ў палітыцы, Няздзейсненае выпадае з рэчаіснасці, перастае існаваць, якія б выдатныя намеры ні папярэднічалі яму, якія б слушныя «мы казалі» яму ні наступнічалі.

Максім Багдановіч разумеў гэта вельмі добра, не адным літаратарам варта было б прайсці яго творчыя ўрокі.

Наўрад ці я перабольшу, калі скажу, што нашы паэты — той жа Максім Багдановіч, тыя ж Янка Купала і Якуб Колас — для Беларусі зрабілі і робяць больш, чым усе зборныя ўрадавыя каманды; яны для Беларусі больш усенародныя, чым той, хто ўважае сябе «ўсенародна абраным». Яны сапраўдныя прэзідэнты Беларусі; сваю адданасць ёй яны сцвердзілі ўсім сваім жыццём, усёй сваёй творчасцю. Па сутнасці, сама Беларусь як з'ява выявілася, акрэслілася і ўзышла найперш дзякуючы ім.

Некалі, гадоў дваццаць таму назад, я напісаў «Паэму вяхі», прысвечаную Максіму Багдановічу. Не буду яе агучваць, скажу толькі, што ў яе аснову пакладзены вобразы з «Апокрыфа» жыта і васілька, народа і музыкі, але з таго другога, «дэфармаванага», раздзела, дзе жыта не з васільком, а васілёк не ў жыце...

Максім Багдановіч і надалей застаецца вяхою і арыенцірам у беларускіх пошуках Айчыны, у вяртанні Айчыны і вяртанні ў Айчыну. З апокрыфа ў канон. «Ты будзеш вечна шукаць свой народ і будзеш знаходзіць...»

СЛОВА ПРА СПАДЧЫНУ

Мы вяртаем спадчыну. Спадчына ёсць тое, што нам належыць спачатку. Аднак мы яе вяртаем. Яна не пераставала нам належаць і тады, калі была адлучана ад нас, бо мы заставаліся яе падставай, якою ахоўвалася і зберагалася яе спачатковасць. Разам з ёй мы вяртаем сябе, і можа якразу з'яве вяртання спадчына найбольш голасна нагадвае нам пра тое, што яна не толькі яна, але і мы, і што яна тады яна, калі мы — мы.

Мы вяртаем яе, аднак, усё яшчэ недастатковым вяртаннем, і ў вернутай спадчыне ўсё яшчэ недастаткова самой спадчыны. I нават калі б праграма, што мае за мэту адшукваць сляды страчанага і нанава набываць аддадзенае забыццю і нябыту, была выканана цалкам і ўсе каштоўнасці, упісаныя ў яе рэестры, апынуліся нанава дома, спадчына ўсё роўна мела б патрэбу ў вяртанні: яе — нам, нас — ёй.

Мы існуем у праяўленым і самі ёсць праява таго, што набывае ў ім імя і паставу, і пра тое, што нас абрала сваёю праявай, даведваемся, супастаўляючы сябе з праяўленым. Яно само, пастаянна і кожны раз нанава, супастаўляе нас з ім.

Наша існаванне ў праяўленым нагадвае шлях, а веданне — арыентацыю на гэтым шляху; мы заўсёды ідзём першы раз і ведаем тое, што нам відно. Да нас гэтым шляхам ніхто не хадзіў, мы першыя, і пасля нас ніхто ім не зможа прайсці, але таму, што мы ім прайшлі, той, хто будзе ісці пасля нас, зможа прайсці с в а і м шляхам.

Хіба мы ідзём у нязведанае?

Існаванне адрознівае нас ад рэчы, і шлях паказвае нам, хто мы ёсць. Мы ёсць таму, што мы ёсць на шляху. Але наша ёсціна ўсё яшчэ недастаткова ёсціна, і таму мы ёсць на шляху. Ніколі не лёгка адназначна сказаць, чаго ў ім больш, заблуджэння ці празрэння, свядомага намагання адшукаць сябе на тым месцы, дзе ўсё становіцца бачным і зразумелым, ці падсвядомага імкнення ўхіліцца ад гэтага намагання — ашукацца.

Асаблівасць нашай бытнасці ў існаванні, што мы ў ім не з'яўляемся ў поўным сэнсе тоеснымі сабе і тоеснасць у ім набываем. Што азначае набываць тоеснасць? Хіба гэта сведчыць пра нашу несапраўднасць?

Не; гэта хутчэй сведчыць пра сапраўднасць таго, з кім альбо з чым такім чынам мы ўзгадняемся, прыходзім да згоды, і хто (альбо што) заўсёды ведае пра нас больш, чым мы ў кожны момант свайго існавання.

Хто альбо што — яно ў выніку і папярэднічае менавіта нам. Яно ад пачатку аказваецца перад намі і папярэднічае так, што мы адбываемся. Мы адбываемся на шляху да сябе і ў менавітым набываем імя і паставу, і менавіта менавітым змястоўная спадчына.

Звярніце ўвагу: там, дзе здавалася б, у найбольшай ступені павінна было збірацца, згушчацца і валадарыць асабовае — у спадчыне, яно самапераадольваецца, і менавітае аказваецца вынікам гэтага самапераадольвання.

Мы не маем іншага імя, як імя спадчыны, і не маем іншай паставы, як паставы спадчыны, і адно ў асяродку, што асвоены спадчынай, атрымліваем забяспечаную ёй магчымасць станавіцца сабе сваімі, і лес спадчыны сведчыць, наколькі мы насамсправе сабе свае.

Праяўленае прад'яўляе нам нас і, займаючы нас у сваё немінучае тут і цяпер, не дазваляе нам выпадаць са свету, быць выпадковымі ў свеце, быць у свеце сіротамі; яно трымае нас, але так, як арыенцір трымае адлегласць, ахоўваючы наша спрадвечнае права заставацца спадкаемцамі свету. Яно трымае нас таму, што мы самі трымаем праяву, трыманне якой утрымлівае нас на пэўнай, заўсёды дакладнай, адлегласці ад праяўленага. Мы таму і бачым праяўленае, а бачачы, разумеем, што адпастаўлены ад яго на адлегласць зроку і разумення, і якраз у абсягу гэтай адлегласці факусуецца прад'яўленасць.