Выбрать главу

Усякі, не забяспечаны праявай, рывок наперад, да авалодвання светам, апынаецца адрывам ад праявы і зрывам адлегласці і нясе небяспеку існаму. Той, хто паддаецца гэтаму рыўку, падае ў праяўленае — і праяўленае захоплівае яго ў свой палон.

У праяўленым не аказваецца спадчыны, яна аказваецца ў прад'яўленасці праяўленага, у той уцеляснёнай відушчасці, якая вартуе нашу менавітасць, і таму, вяртаючы спадчыну, мусім самі вяртацца ў яе.

Вяртанне спадчыны, безумоўна, не зводзіцца да аднаразовай акцыі ці мерапрыемства, як бы мы ні былі ў ім зацікаўлены, гэта — доўгатрывалае дзеянне, настолькі доўгатрывалае, што ўсякае валявое накрэсліванне часавых рамак выглядае сваволяй.

Спадчына спалучана з рэчамі, але ніколі не зводзіцца да сумы рэчаў і ніколі не ёсць т у т, але заўсёды — а д т у л ь. Калі ж мы ў сваім нецярплівым жаданні наблізіць яе да сябе і авалодаць ёю як яе адзіна прызнаныя спадкаемцы перапыняем яе скіраваную ў будучыню інтэнцыю і замыкаем яе на сабе, замест таго каб самім уключацца ў яе паставу, мы на свой кшталт рабуем будучыню і робімся ўласнікамі нарабаванага.

Спадкаемцы не толькі «емнічаюць», але і аддаюць, і прызнаюць другіх тоеснымі сабе.

Асаблівасць спадчыны ў яе двухадзінстве. У яе два цэнтры, два берагі, два адлікі: адзін у мінулым, якое ўсё больш становіцца даўніной, другі — у сучаснасці, якая ўсё больш становіцца будучыняй, і ад таго, якое яно, мінулае, залежыць, якая яна, сучаснасць, і ад таго, якая яна, сучаснасць, залежыць, якое яно, мінулае.

Спадчына асвойвае ў рэчаіснасці абсяг, у якім тое, што было, пераходзіць у тое, што настае, не трацячы сваёй самабытнасці, больш за тое, выяўляючы і ўцелясняючы яе. Яна не дае мінуламу станавіцца адсутным, западаць у нябыт, западаць у н е, занепадаць, а наступнасці марнавацца і быць змарнаванай у самааддачы не тоесным праектам, таму, што не ёсць, а здаецца,— зданям.

Здані блукаюць на руінах. I паўстаюць з нябыту. Руіны кажуць не толькі пра зруйнаванае мінулае, якое больш не становіцца даўніной, але і пра зруйнаваную сучаснасць, якая больш не становіцца будучыняй.

У сітуацыі сустрэчы, якая мадэлюецца спадчынай, ажывае і нежывое, у сітуацыі не-сустрэчы руйнуюцца і руіны. I па тым, якім духам вее ад руінаў, можна вызначыць, што сёння на дварэ.

Спадчына — ахоп, «доўгае замыканне», у ёй супадаюць і пазнаюць сябе адно ў адным папярэдняе і наступнае, той, хто дае, і той, хто прымае, і не пытанне маёмасці, а пытанне быцця актывізуецца ёю. У рэчыўным эквіваленце, што прыходзіць да нас разам са спадчынай, мы можам не разгледзецьсамой істоты спадчыны, зрэшты, яе там можа зусім не быць.

Калі тое, што належыць асобе альбо хаўрусу асоб як яе альбо іхняя ўласнасць,— маёмасць, то спадчыне адпавядае найменне быццёмасць, і для таго, каб мець у ёй сваю долю і мець яе сваёй доляй, якая выпадае менавіта нам, трэба перш за ўсё б ы ц ь.

Заўсёды застаецца небяспека падмены, просталінейных паводзін — і тады замест багатай, змястоўнай, пракаветнай спадчыны атрымліваем мізэрную маёмасць, месца якой адно сярод музейных экспанатаў.

Цэласная ў сваёй паставе двухадзінства, у якой «быць» і «мець» спалучаны такім чынам, што абумоўлены адно адным і адно ў адным зацікаўлены, спадчына не можа адно толькі мецца, і калі мы заяўляем на яе правы як на сваю ўласнасць, яна перайначваецца ў маёмасць — і механізм не-сустрэчы раскручвае свае руйнавальныя абароты.

У сваім стаўленні да спадчыны мы нечага недагаворваем і недаздзяйсняем і адводзім сабе не зусім тую ролю, якую адводзіць і зберагае для нас яна.

Маючы сябе дадзенымі сабе, мы далёка не заўсёды знаходзімся з сабою ў сітуацыі сустрэчы, супадзення паставы і сутнасці, бо мы не ёсць паасобку ўзятыя (як бы мы ні актывізоўвалі гэтыя паасобнасці) ні сутнасць паставы, ні пастава сутнасці, а іхняе супадзенне — супадзенне, у якім яны не супалі раз і назаўсёды, а супадаюць пастаянна, не рэчышча, што наперад ведае шлях да мора і сваім веданнем наперад аказваецца вычарпаным, а рака, што заўсёды нанава перажывае і распазнае гэты шлях.

Ад пастаўнасці існавання нам нікуды не падзецца (ва ўсякім разе пакуль), адзінае — мы можам і мусім пастарацца паставіцца да таго, што нам дадзена так, каб зразумець, чаму проста быць нельга, чаму заўсёды, каб быць, трэба быць некім альбо нечым і чаму так шмат, калі не ўсё, для гэтага некага альбо нечага залежыць ад таго, якія яны — інакш кажучы, як яны ставяцца да дадзенасці, прад'яўленай ім.