Выбрать главу

I тут мы таксама нечага недагаворваем і недаздзяйсняем, і недагаворанае і недаздзейсненае прад'яўляецца паставай таго, што ў свеце ўсё большае праяўленага і ўсё меншае прад'яўленасці праяўленага, усё большае сутнасці паставы і ўсё меншае паставы сутнасці, усё большае рэчаў і ўсё меншае спадчыны і сам свет усё больш апынаецца ў сітуацыі несустрэчы.

Спадчына паказвае сябе як твор. Калі мы возьмемся разглядаць твор, каго і што мы ў ім заўважым? Папершае, паставу самога твора — форму, у якой уцелясніўся змест і які атаясаміўся з ёю. Па-другое, творцу, мастака, аўтара — таго, хто самога сябе прадаставіў сабе ў якасці прылады, каб авалодаць прадстаўленым і даць спраўдзіцца ладу. I, па-трэцяе, тое, што прыходзіць невядома адкуль і невядома якімі сцежкамі, але без чаго твор застаецца толькі спробай, толькі «голасам лямантуючага ў пустыні», у пустцы, у пустаце, тое, што прыходзіць як водгук на голас.

У творы супадаюць голас і водгук, і чым больш глыбокае гэтае супадзенне, тым больш ён значны, тым больш ён менавіты.

Што завяшчае і перадае спадчына? Супадзенне. Супадзенне — гэта асноўнае, чым яна значная і багатая, і рэч тут толькі падстава, каб супадзенне змагло завяшчацца і перадавацца.

Зададзім сабе звычайныя пытанні. Чаму ўзнікае твор? Што выклікае яго да жыцця? Што ён мае на ўвазе сваім узнікненнем? Што прымушае нас падаваць голас і ўцелясняць гук і водгук у слове?

Калі мы будзем далей углядацца і ўслухоўвацца ў істоту твора, мы раптам, магчыма, адчуем далейшае, ці спачатковейшае, што папярэднічае яму, і ў інтуітыўным пробліску зразумеем, што тое, што ёсць цяпер, ужо было д а, што водгук папярэднічае гуку, што знойдзенае прадумоўлівае шуканае, што твор, у які мастак укладаецца з усёй сваёю душою, ужо існаваў загадзя, што ён заўсёды існуе. I чым ён больш дасканалы, тым больш ён існы.

Спадчына — твор, які разгортваецца ў часе, і а б а р о т а к, пра які мы толькі што гаварылі ў дачыненні да твора і ў дачыненні да твора інтуітыўна намацвалі яго, тут прысутнічае ў сваёй несхаванай відавочнасці і выступае як рухаючая спружына. Усё схоплена двухадзінствам і праяўляецца ў двухадзінстве: спадкаемца — ён ужо і спадкадаемца, рэч — яна ўжо і змест, атрыманае — яно ўжо і аддаецца, але аддаецца наперад, у будучыню, і аддаецца заўсёды новым.

Бессэнсоўна абвінавачваць свет і саманадзейна казаць, што ўсё залежыць ад нас: як мы захочам, так і будзе. Яшчэ трэба змагчы захацець, дый хочам мы, зрэшты, таму, што ўжо атрымалі нейкі папярэдні дазвол на гэта, што маем падставу хацець, што хаценнем адгукаемся на нешта, што прад'яўляецца нам.

Як бы ні заклікалі лідэры народ да рашучых дзеянняў і якія б разумныя і пераканаўчыя довады ні прыводзілі ў абгрунтаванне неабходнасці такіх дзеянняў, ён іх не зможа зразумець і не захоча адгукнуцца, пакуль яму не прад'явіцца магчымасць, у якой водгук супадае з гукам, Народ — водгук. Бессэнсоўна абвінавачваць яго ў тым, што ён не гук, саманадзейна казаць, што мы заўсёды казалі праўду. Праўду не кажуць, а спраўджваюць, і толькі спраўджаная праўда мае вагу. Казаная праўда — гук, які не апладніўся водгукам, твор, які застаўся ў намеры.

Але тым не менш гук мусіць падавацца і падавацца так — тут мы зноў вяртаемся да прынцыпу абаротку, — каб у ім ужо, загадзя, прысутнічаў водгук.

Пра гэта нам кажа з'ява спадчыны, у якой тое, што ёсць цяпер, ужо ёсць загадзя і якой мінулае памятае будучы вынік; пра гэта нам кажа з'ява творчасці, якая прымушае творцу шукаць у рэчаіснасці такое месца і ствараць такую сітуацыю, дзе хацець — гэта ўжо і магчы.

Наша адказная задача — насычаць рэчаіснасць творчасцю, думкатворчасцю, дзеятворчасцю, ствараць у ёй больш чым сітуацыю — асяродак сустрэчы, бо, напэўна, як нішто іншае, творчасць, зразуметая ў сваім спачатковым значэнні, здольная вяртаць чалавеку народ, рэчам — сэнс, а спадчыне — бацькаўшчыну. Яна здольная вызваляць рэчаіснасць ад улады зданяў.

У паставе спадчыны рэчы не ўладараць над чалавекам, а чалавек над рэчамі, яны не супрацьпастаўлены, а ўзаемапастаўлены так, што іхняе ўзаемапастаўленне аказваецца ім апірышчам.

Нятворчыя сітуацыі небяспечны тым, што ў іх парушаецца суадносіна паміж чалавекам і рэчамі. Гэтае парушэнне авалодвае чалавекам да такой меры, што робіць яго прыладай рэчаў, урэшце лішнім і рэчам, і самому сабе.

Чалавек становіцца залежным ад рэчаў, заложнікам рэчаў, і ў авалодванні рэчамі пачынае бачыць магчымасць свайго вызвалення і мэту свайго існавання. Ён пачынае гак бачыць таму, што перастае бачыць тую адзіна неабходную мэту, якая патрабуе прысутнасці і ўдзелу ўсяго чалавека і якая робіць яго неабходным.