Кожны раз гэта хутчэй не вонкавая, а ўнутраная мэта, прад'яўленая чалавеку так, што ён не можа ад яе ўхіліцца і не адказаць на яе выклік. I наколькі гэта дакладны і адпаведны адказ, відаць у самой з'яве прад'яўленасці.
Прад'яўленасць паказвае чалавеку вынік яго дзеянняў і ёсць тым Богам, які яго карае і ўзнагароджвае, які кажа яму «так» і «не», які кажа яму «гэта — добра», і «гэта — нядобра» таксама.
Яна не можа ім забыцца, як забываюцца сны і намеры, і ад яе відушчага вока ён нідзе не можа падзецца, хіба што ў нябыт.
Уласцівасць прад'яўленасці ў тым, што яна не вонкавая чалавеку і не можа быць вонкавай, а ёсць унутранае ў вонкавым, пазачасовае ў часовым. I для таго, для каго яе вока не ёсць вока другога, а вока яго самога, нябыту не існуе.
Мэта ўсякі раз мае на ўвазе самога чалавека, ён асноўны прадмет яе ўвагі, і што б чалавек ні здзяйсняў, ён здзяйсняецца ў гэтым сам. Здзяйсняцца — гэта станавіцца будучым, усё больш будучым. Сам па сабе час ні больш будучы, ні больш мінулы, ён аказваецца такім, суадносячыся са здзейсненым і няздзейсненым,
Спадчына пераймаецца і перадаецца — і такім чынам захоўваецца. Яна захоўваецца, пераходзячы ад спадкадаўцаў да спадкаемцаў, і з'яўляецца супольнаю ўласнасцю і тых, і гэтых. I нават больш чым уласнасцю, што можа дзяліцца і што прыналежыць і тым, і гэтым, але самой уласцівасцю, якою яны надзелены.
Спадчына захоўваецца, ахоўваючыся актам перадайнасці-пераемнасці і скіравана з мінулага ў наступнасць, але не так, што мінулае ўсё больш застаецца ў незваротнасці, а так, што яно ўсё больш уваходзіць у наступнасць і, уваходзячы, набывае ўсё большую важкасць і значнасць, Спадчына аказваецца з'явай, у якой выяўляе сябе пачатак — стан быцця, у якім тое, што мае быць, ёсць.
Вяртаючы спадчыну, мы вяртаем сябе, вяртаючы ўласнасць, вяртаем сваю ўласцівасць, і таму, хто ўдзельнічае ў гэтай справе, спадчына дорыць пазначанае яе сыгнетам найменне с п а д а р, а супольнасці, ёю вылучанай і з'яднанай, — с п а д а р с т в а.
Аднак мы ў становішчы, калі ахоўныя акты страчаны, знішчаны ці зрабаваны, і ў справе вяртання спадчыны заўсёды знаходзімся ў пачатку. Гэта не проста сітуацыйнае становішча, гэта анталагічнае становішча, таму і шлях ад пачатку мусіць быць анталагічны.
Гэта той шлях, калі мы вяртаем сябе і, вяртаючы сябе, вяртаем спадчыну; вяртаем сваю ўласцівасць і, вяртаючы яе, — вяртаем уласнасць, Мы не распазнаем яшчэ гэтай уласнасці ў навакольным асяроддзі, але яно ўжо пазначаецца ёю, мы не валодаем яшчэ гэтай спадчынай і нават не ўяўляем, якой яна мае быць, але яна ўжо збіраецца.
Шлях адкрывае нам яшчэ адну — затоеную — асаблівасць спадчыны — тое, што яна можа знаходзіцца наперадзе нас і прыходзіць да нас адтуль, дзе нас яшчэ няма, з наступнасці. Такім чынам, у з'яву спадчыны ўступае наступнасць і ў ёй набывае сваё аблічча.
Як у спадчыны, што настае з мінуўшчыны, ёсць свае спадкадаўцы, так і ў спадчыны, што настае з наступнасці, яны таксама ёсць, і мы можам уваходзіць у наступнасць таму і ў той меры, у якой з'яўляемся спадкаемцамі гэтай спадчыны.
Не выходзячы з цяпершчыны, мы ўваходзім адной доляй спадчыны ў мінуўшчыну, другой — у наступнасць. Гэта не дзве розныя спадчыны, гэта адна спадчына, і настолькі адна, што той, хто быў папярэднікам у мінулым, аказваецца папярэднікам і ў наступнасці.
Мабыць, вы ўсе некалі чыталі казку «Лёгкі хлеб». Ад казак вее ўсмешлівым духам мудрасці, які засцерагае ад лёгкіх набыткаў і легкадумных рашэнняў. Легкадумныя рашэнні выклікаюцца і вабяцца лёгкімі набыткамі, і персанаж, які кіруецца імі, перастае суадносіць сябе з прад'яўленай яму мэтай і абірае за мэту вынік, які, прад'яўляючы чалавеку хлеб, перастае прад'яўляць яму яго самога.
Ён абірае за мэту канчатковасць, у той час, калі ўсё самае важнае і істотнае для чалавека здараецца з ім не ў доме выніку, а на шляху, па дарозе да выніку.
Тады больш няма Бога, перад кім чалавек нёс бы адказнасць за тое, як ён распараджаецца дадзенай яму доляй. Ён нясе адказнасць толькі перад вынікам, які ні перад кім і ні за што не нясе адказнасці.
Непрад'яўлены чалавек не мае будучыні. Яго набыткі нікуды не вядуць і, нават памножаныя і ўзбагачаныя, не ўзбагачаюць яго. Наадварот, з усё большай настойлівасцю яны сведчаць, што ён усё больш набывае сябе як рэч і ўсё больш траціць сябе як спадкаемца свету.
Чалавекам усё больш авалодвае небяспека пераўтварэння ў рэч, у нябожчыка — у таго, каго не бачыць Бог і хто не бачыць Бога.
Непрад'яўлены чалавек не мае не толькі будучыні, але і мінулага: ён уводзіць у свет нябыт — і нябыт займае месца Бога. Ніякага іншага месца, апрача месца Бога, нябыт не можа займець. Частковае ці прыватнае не для нябыту. I не для Бога.