Выбрать главу

Паэт прарок, які абвяшчае тое, што ёсць.

Гук спараджае водгук, аднак і сам ён ужо водгук на невымоўнае; скарб, выносячыся з далечыні ў блізіню, мае патрэбу ў найменні, аднак і сам ён ужо найменне таму, што не ўкладаецца ў шкалу коштаў.

Падаючыся ў далечыню, паэт здабывае скарб, а зваротным шляхам здабывае для скарбу слова. Пакуль скарб не названы, ён зроднены і з'яднаны з ім, але калі названы апынаецца без яго. Слова пераймае ў паэта скарб, і ён імкнецца да гэтага. Не пераняты, скарб траціцца, а сам вандроўца апынаецца не вернутым.

Вандроўца прыносіць скарб не ў руках, а ў сне, аднак рукі дбайныя і пры першай магчымасці гатовыя яго пераняць («схапіць»), Тое, што бачыцца, яшчэ не зусім рэч, рэччу яно становіцца, калі намацваецца, калі яго маюць рукі. Каб гэта адбылося, вандроўца і прыходзіць да калодзежа норны.

Выключэнне ўводзіць у правіла чыннік невядомасці: несуадпаведнае правілу, яно нагадвае правілу аб тым, што па-за ім ёсць тое, чаго яно само не «схоплівае».

Сваім зваротным шляхам паэт кожны раз «сшываў» далечыню і блізіню, але на гэты раз ці не занадта вялікай аказалася адлегласць, і «шво» не трымае іх разам.

Сны паэта гэта ўжо толькі яго сны, яны не вымаўляюцца, а таму не ўвасабляюцца ў рэчаіснасць, і паэт не прарок.

Мера раўнавага паміж сваім і не сваім, унутраным і знадворным, сабою і рэчаіснасцю, і патаемнае беражэ яе.

Калі «я» захоплівае нешта звыш меры, яно само апынаецца захопленым тым, што нясе з сабой як здабытак.

Што азначае гэты не водгук норны? — што раўнавага парушылася і вандроўца прынёс з сабою нешта, што не ўкладаецца ў меру? Што ён прынёс скарб, які выпадае з магчымага вымярэння? I што ён захоплены гэтым скарбам так, што ім сніць? Ці, зрэшты, гэтак было заўсёды: вандроўца прыходзіў да калодзежа ў сне, і калі норна перайначвала сон у слова, абуджаўся і быў ужо здольны «дбайна і моцна» схапіць тое, што насамрэч мае?

Нягледзячы на тое, ці прыйдзе хто да калодзежа, ці не, норна знаходзіцца там, дзе знаходзіцца, як сама ўласцівасць быцця, як яго патаемная магчымасць аб'яўляцца і аб'яўляць тое, што мае быць. Уласцівасць — заўсёдная магчымасць, магчымасць — уласцівасць, якая пільнуе суадпаведнае, і калі яно настае — выяўляе яго і выяўляецца ў ім.

Увесь зваротны шлях паэта — шлях да слова. Слова пераймае скарб як тое, што яно ведае ад пачатку, і пакуль яно не пераняло яго, няма яшчэ і самога слова.

Той скарб, які паэт асягае ў далечыні, даецца яму як дар, які ён мусіць данесці да мэты, — ён мусіць свяціць і быць святам для яго краіны. Паэт нясе з далечыні святое.

Услухоўваючыся ў інтанацыю верша, адчуваеш, што ў ёй выгаворваецца нейкая затоенная жальба, і сам верш гучыць як адгалосак нейкай, глыбока затоенай, падзеі; падзея адбылася ў глыбіні сэнсу, а мы распазнаем яе з ускрайку. Аднак верш вымаўляецца і таму, што вымаўляецца, уводзіць нас у невымоўнае.

У вершы выяўляецца сама з'ява творчасці. Паэт не творыць скарб, ён яго атрымлівае ці асягае. Ён асягае тое, што ўжо нейкім чынам ёсць, але ёсць не тут, а каб быць тут, мае патрэбу ў тым, каб уцелясніцца, і ўцелясніцца ён можа адно ў тым, у чым сумяшчаюцца далечыня і блізіня, — у слове. Верш здзяйсняецца, калі «цуд» урэчаісніваецца, а «сон» спраўджваецца.

У «Слове» цуд урэчаісніваецца, а сон спраўджваецца.

Алесь Разанаў

Нарадзіўся 5 сьнежня 1947 году ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Вучыўся ў БДУ, але быў выключаны за патрабаваньне беларусізацыі ўнівэрсытэту. У 1970 годзе скончыў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут. Працаваў у «ЛіМе», «Роднай прыродзе», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісе «Крыніца». Паэт і перакладчык, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.

З 1990 старшыня Беларускага рэспубліканскага фонду імя Рэрыхаў, з 1992 навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтра імя Ф. Скарыны. Віцэ-прэзідэнт Беларускага Пэн-цэнтра. Сябра Рады СП Беларусі (з 1990). Узнагароджаны дыпломам ЮНЕСКА за ўдзел у міжнародным літаратурным конкурсе «Сустрэча двух сусьветаў».

Першыя публікацыі А. Разанава з'явіліся ў 1961 у піянэрскіх газэтах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Адраджэньне», «Назаўжды», «Каардынаты быцьця», «Шлях – 360», «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод» (Вершаказы і пункціры). Творчасьць паэта сьведчыць аб яго неардынарным мысленьні і нетрадыцыйным вобразна-паэтычным самавыяўленьні. Наватарскія жанравыя і рытміка-інтанацыйныя формы яго паэзіі вызначаюцца гуманістычным напаўненьнем, багатым жыцьцёвым зьместам. Як адзначаў вядомы крытык В. Бечык, «ён абапіраецца на вялікі вопыт сусьветнага мастацтва. Мы ўбачым у яго творах і баладны лад, і сучасную жанрава-стылявую раскаванасьць, і асаблівую ёмістасьць усходніх танка і хоку, і ўласьцівыя сюррэалізму сродкі і прыёмы пісьма».