Выбрать главу

Т. Ч. Так, і ў гэтай шматузроўневасці, прасвечванні праз верхні пласт іншых, глыбейшых сэнсаў — асаблівая прыцягальнасць паэзіі. У гэтым — і шлях да шырокага чытача, чыё вока можа спачатку зачапіцца за нейкае слова, думку, вобраз, а потым абавязкова пойдзе ўглыб, да высноў, адкрываючы новы свет не толькі ў вершы, але і ў сваёй душы. Нездарма В. Мандэльштам лічыў, што паэт — не толькі Моцарт, але і Страдыварыус, які сам майструе сваю «скрыпку» — акустычную прастору ў душы чытача.

А. Р. Ну, а чытач — не толькі «скрыпка», ён яшчэ і патэнцыяльны Моцарт, а можа, і Гамлет (памятаеце гамлетаўскія словы пра скрыпку?). Прастора верша свабодная ад чыёй бы там ні было прысутнасці, і дасведчаны, чуйны чытач тут мае не менш правоў, чым аўтар.

Т. Ч. Доўгі час роля паэзіі зводзілася да функцыі сацыяльнага ілюстратара і «ідэалагічнай абслугі». I цяпер вельмі важна адраджэнне яе ў сапраўднай існасці — як пазнання чалавека ў яго цэльнасці і гармоніі са светам, у вечным руху, абнаўленні, імкненні да будучыні, дзе «мы становімся тым, кім яшчэ не былі». Бо без духоўнага адраджэння чалавека і перабудова можа застацца ў рамках прагматычнага мерапрыемства. Бо «чалавека сістэмы» нельга проста механічна перанесці ў іншую сістэму каардынат і сказаць яму: ты свабодны. (У п'есе Я. Шварца «Цмок» Ланцэлот, вызваліўшы народ ад цмока, гаворыць людзям «вы свабодныя», а яны ў адказ... падаюць на калені, убачыўшы ў ім новага бажка.) У вашай паэзіі чалавек паўстае ў пошуках «каардынатаў быцця» ў сваёй душы, у святле абсалютных катэгорый дабра і зла, у дыялектычна супярэчлівым і драматычным, вечным шляху да сябе — сапраўднага. Відаць, і сацыяльна-грамадская атмасфера ўплывае нейкім апасродкаваным чынам на паэтычную канцэпцыю быцця, на «вечныя пытанні»? Вось папярэднюю кнігу вы назвалі «Шлях-З60», а новую — «Вастрыё стралы». Мне ў гэтым бачацца змены ў паэтычнай канцэпцыі часу — ад міфалагічнага, цыклічнага, замкнутага ў сабе часу-кругазвароту, дзе «ўсё вяртаецца на кругі свая», да разгорнутага, імклівага часу-стралы, на вастрыі якой — жыццё чалавечае...

А. Р. У вастрыі матэрыяльнае сустракаецца з ідэальным, абмежаванае — з неабсяжным, мінімальнае — з максімальным. Ну а калі гэта яшчэ вастрыё стралы, то карціна набывае і дынаміку. Але назвы назвамі, позірк заўсёды ў першую чаргу чапляецца за іх...

Т. Ч. I крытыкі, каб давесці сваё, карыстаюцца апорнымі словамі і паняццямі, як карыстаюцца рыфмамі паэты.

А. Р. Так, зборнікі маюць не выпадковыя, альбо не зусім выпадковыя, назвы, Яны ўзыходзяць з душы, са свядомасці аўтара і пэўным чынам сведчаць пра стан гэтай душы, пра арыенціры свядомасці. Але самі творы робяць гэта яшчэ ў большай ступені... I на «Каардынаты быцця», і на «Шлях-З60» пісаліся розныя рэцэнзіі, адносна іх выказваліся розныя меркаванні, аднак фактычна самі творы амаль не ўдзельнічалі ў гаворцы, заставаліся нераскрытымі і непрачытанымі.

Т. Ч. Як у версэце «Шыльдачкі»?

«...Людзі праходзяць міма дрэў, не заўважаючы іх,— яны чытаюць шыльдачкі... А сведчанні дрэў так і застаюцца непачутыя, а пісьмёны дрэў так і застаюцца непрачытаныя».

А. Р. Ды ў нас амаль уся спадчына непрачытаная, і нават тая (а можа, у першую чаргу тая), пра каго найбольш пісалася і гаварылася,— і Багушэвіч, і Купала, і Багдановіч. Нягледзячы на асобныя глыбокія распрацоўкі, як, напрыклад, «Загадка Багдановіча» Міхася Стральцова, пануюць «шыльдачкі» — хрэстаматыйныя стэрэатыпы, якія замінаюць бачыць і творцаў, і творы. Прачытаць твор — значыць увесці яго ў кантэкст сучаснасці, актуалізаваць...

Т. Ч. Але не менш патрэбны і гістарычны кантэкст, бо твор напісаны ў свой час, для сваёй рэчаіснасці.

А. Р. Тым і адрозніваецца паэзія ад публіцыстыкі, што яна вырашае не прыкладныя задачы (публіцыстыка гэта робіць куды арганічней, куды лепш!), а, таксказаць, «звышпрыкладныя», і нават калі яна пішацца для свайго часу і для сваёй рэчаіснасці, у гэтым «сваім» прысутнічае ўвесь час і ўся рэчаіснасць. Формула паэзіі не мяняецца, мяняюцца яе знакі і элементы.

Т. Ч. Вось не думала, што вы такі заўзяты «традыцыяналіст»!

А. Р. Падазраю, што той верш, які пастукаўся ў душу паэта, які захацеў аб'явіцца, ужо існуе ў безназоўных сферах яго існасці, напісаны на безназоўнай мове. Што паэту застаецца, дык гэта ўвідавочніць яго, агучыць, «перакласці» на сваю мову.