Выбрать главу

Т. Ч. Вы хочаце сказаць, што паэзія існуе аб'ектыўна нават неўвасобленая ў канкрэтным творы? Аднак тады, мне здаецца, вы адводзіце паэту ролю не «творцы гармоніі з хаосу», а хутчэй медыума, які агучвае, «перакладае» тое, што ўжо існуе.

А. Р. Гэтак, як твор, «перакладаецца» зерне ў дрэва, карані — у кветку, асаблівасці светабудовы — у навуковую формулу, Паэт спалучаны са сваёй рэчаіснасцю жывымі крэўнымі нітамі і ўцелясняе невядомае ў вядомае, бязмоўнае — у моўнае, і яго роля ў гэтым працэсе не механічная, а пераўтваральная, творчая, і гэтым ён адрозніваецца ад медыума, які, запісваючы «дыктоўку», па сутнасці, не ўдзельнічае ў ёй.

Т. Ч. Паэзія, мне здаецца, мае свае перавагі не толькі перад публіцыстыкай, але і перад навукай, філасофіяй — у тым, што бярэ з'яву жыцця не ў яе вылушчанай сутнасці, а ў цэласнасці — разам з усімі фарбамі, гукамі, пахамі, камячкамі глебы на каранях. Спалучаючы канкрэтнае і сутнаснае (вобраз і ідэю), яна ўздзейнічае не толькі на розум, але і на сэрца, на пачуцці, падсвядомасць... Вы ў сваіх творах аддаяце перавагу ў асноўным сутнаснаму, быційнаму. У версэце «Парог» вы наглядна паказваеце гэта, збіваючы з парога збуцвелую паверхню, за якой — сутнасць, «ідэя» парога. А можа, на гэтай паверхні была нейкая шчэрбінка, зарубка на памяць, можа, і ў ёй хавалася сутнасць?

А. Р. Парог струхлеў сам, і калі мой герой б'е па ім нагою, дык для таго, каб пераканацца, што аснова парога здаровая, першаісная («і шашаль яго не стачыў, і цвіль яго не збуцвіла»). А па-другое, гэткім чынам актывізуецца збуцвелае і паточанае, яно пачынае гаварыць і пра сябе, і пра «шчырае» дрэва, і пра час продкаў.

Т. Ч. Я не схіляю вас да эмпірычнай апісальнасці, дэкаратыўнай метафары і г. д. — гэтага ўдосталь у нашай паэзіі і не стае якраз светапогляднага, сутнаснага, быційнага. Але ці нельга паяднаць глыбіню і філасафічнасць з узнаўленнем свету ва ўсёй жывой, пластычнай, жывапіснай шматаблічнасці? Бо часам і ў вашай новай кнізе, дзе сімволіка і ўмоўнасць арганічна спалучаюцца з сюжэтнасцю, канкрэтнымі рэаліямі, некаторыя версэты (напрыклад, «Мэта», «Абсяг») здаюцца занадта адцягнена-філасофскімі.

А. Р. Чалавечае існаванне не ўпісваецца ў прыроднае. Апрача таго, што чалавек бачыць колеры, чуе гукі, адчувае пахі, ён яшчэ і разумее ідэю, якая не адцурае таго, што ёсць, а наадварот, зберагае яго ў сваёй «чашы». Вонкавае становіцца ўнутраным. Час рухаецца па стужцы Мёбіуса...

Т. Ч. Калі А. Блок называў паэта «человек, отнимающий запах у цветка», то ён адчуваў у гэтым не толькі спецыфіку паэзіі, але і драму паэта. Драматызм гучыць і ў вершы М. Багдановіча «Дзе вы, лясоў, палёў цвяты», у якім ён аддае перавагу жывым кветкам лясоў і палёў перад «срэбнымі цвятамі» паэзіі: «Ім, бледным, мёртвым, не збудзіць былога пачуцця...» Вечнае імкненне паэзіі да непераўзыдзенай дасканаласці жыцця, імкненне стаць «жывой» кветкай — ці адчувае яго сучасная паэзія?

А. Р. Паэзія не апавядае пра кветку, а становіцца самой кветкай. Бо кветка, калі яна не міфалагічны нарцыс, не ўзіраецца ў сябе, нават не ведае, якая яна. Паэзія піша не пра гук, колер, пах, а гукам, колерам, пахам. З'ява не пярэчыць сутнасці, бо сутнасць — гэта таксама з'ява: наступнейшай сутнасці. I чым больш паэзія сутнасная, тым больш і «з'яўная».

Т. Ч. Вас часта абвінавачвалі ў фармалізме, але, мне здаецца, гэтыя папрокі трэба скіроўваць якраз тым, хто піша ў традыцыйнай форме, ды яна не «працуе», бо няма змястоўнай нагрузкі на форму — вялыя вобразы, паэтызмы, шматслоўе... У вашых творах, пры вялікай кандэнсацыі, ушчыльненасці зместу «працуе» кожнае слова, «міжслоўе», музыка верша, кампазіцыя кнігі. I ў большасці выпадкаў абнаўленне формы, напрыклад, з'яўленне версэтаў, пункціраў, квантэм, не самамэтнае, яно выклікана навізною зместу. Відаць, з часам з'явяцца і нейкія іншыя формы, жанры?

А. Р. Раз вы ўжо спыталіся пра гэта, дык мушу прызнацца, што ўжо з'явіліся. Назваў я іх вершаказы. У іх словы (і рэаліі) расказваюць сваю біяграфію, успамінаюць свой радавод. «Жалеза», «Дуб», «Дарога», «Рунь, «Камень» — з некаторымі вершаказамі вы ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца.

Т. Ч. Дарэчы, форму вашай паэзіі з яе дыялектычнымі супярэчнасцямі, антыноміямі, можна імітаваць, што я зараз і паспрабую зрабіць: набліжаючыся — аддаляючыся, жыву ў смерць... Наколькі я ведаю, ёсць спробы імітацыі, імкненне пісаць нешта прытчава-філасофскае «пад Разанава».

А. Р. Чым адрозніваецца імітацыя ад паэзіі? Паэтычны твор, па сутнасці, праходзіць увесь шлях развіцця — ад зерня да дрэва, ад клеткі да арганізму. У імітацыі няма шляху. Імітатар падключаецца і праходзіць толькі нейкі ўчастак шляху, робячы выгляд, што ішоў «усю дарогу».