Выбрать главу

Што ж датычыць сапраўды творчай вучобы, то самая лепшая школа, у якой настаўнікі — не настаўнікі і вучні — не вучні і ў якой шануюцца не «завучаныя», а праяўленыя рысы — непаўторнасць і асабовасць.

Т. Ч. Чаму, на вашу думку, сучаснай паэзіі становіцца цесна ў рамках традыцыйнай вобразнасці, паэтыкі?

А. Р. Эксплуатацыя агульнапрынятай формы адкрывае шлях да версіфікатарства. А паэзія — жывы арганізм: і яйка, замкнёнае ад свету, і птушка, скіраваная ў свет і якой цесна ў любой «шкарлупіне». Такім чынам, разняволенне верша — гэта, у прынцыпе, разняволенне духоўнага свету чалавека, гэта шлях чалавека з палону стэрэатыпаў.

Т. Ч. Сучасная паэзія, ваша ў прыватнасці, прыўносіць свае змены ў традыцыйнае разуменне паэзіі. Тут, напрыклад, амаль няма характэрных для медытацыйнай, філасофскай паэзіі момантаў сузірання, высноў, якія існуюць як бы па-за самім аўтарам — усё зрушлівае, супярэчлівае, дынамічнае, кожны вобраз нясе ў сабе антыпод, супрацьлегласць... Можа, змяняецца і сама «формула» паэзіі, якую вы называлі нязменнай?

А. Р. Ці не вяртаемся мы да пачатку размовы? Хай вам гэта не здасца кідкай фразай, але калі шчыра, калі ўсур'ёз,— я на самой справе не ведаю, што такое паэзія. Самае большае — здагадваюся. Наогул, акрэсліваць і спасцігаць феномен паэзіі можна двума шляхамі. Адзін — назавём яго, напрыклад, культуралагічны — ідзе ад вядомага і атаясамлівае з паэзіяй усё тое, што ўжо напісана, створана, што застаецца ў гісторыі літаратуры. Ён, гэты шлях і спосаб, глядзіць назад і мінулае лічыць усім часам. Але (і ў гэтым асаблівасць другога спосабу, другога шляху) хіба не з'яўляюцца ўсе вершы і кожны верш паасобку толькі больш альбо менш удалай спробай спасціжэння паэзіі?! Спробай яе ўвасаблення?! I ў залежнасці ад таго, наколькі гэтая спроба шчырая, дзейсная, ісцінная, насголькі ў ёй ёсць паэзія.

Паэзія — у спасціжэнні паэзіі...

Т. Ч. Тады пра крытыку, напэўна, выпадае сказаць, што яна спасціжэнне таго, што спасцігае літаратура ў цэлым, і паэзія ў прыватнасці. Што ж, роля больш сціплая, але не менш адказная, Дзякуй вам за размову.

“ШТО Я МУЖЫК, УСЕ ТУТ ЗНАЮЦЬ..."

МУЖЫК
Што я мужык, усе тут знаюць, I, як ёсць гэты свет вялік, З мяне смяюцца, пагарджаюць,— Бо я мужык, дурны мужык. Чытаць, пісаць я не умею, Не ходзіць гладка мой язык, Бо толькі вечна ару, сею,— Бо я мужык, дурны мужык. Бо з працы хлеб свой здабываю, Бо зношу лаянку і крык І свята рэдка калі знаю,— Бо я мужык, дурны мужык. Галеюць дзеці век без хлеба, Падзёрты жончын чаравік, Не маю грошы на патрэбу — Бо я мужык, дурны мужык... Заліты потам горкім вочы; Ці я малы, ці я старык,— Працую, як той вол рабочы,— Бо я мужык, дурны мужык. Як хвор ды бедзен сам бяруся Лячыць сябе: я чараўнік! Бо я без доктара лячуся,— Бо я мужык, дурны мужык. Што голы я, павінен згінуць, Як той у лесе чашчавік, І, як сабака, свет пакінуць,— Бо я мужык, дурны мужык. Але хоць колькі жыць тут буду, Як будзе век тут мой вялік, Ніколі, браткі, не забуду, Што чалавек я, хоць мужык. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць — бо я мужык!

Гэтым радком пачынаецца адзін з самых першых вершаў Янкі Купалы «Мужык», знаёмы ледзь не кожнаму са школьных гадоў. Аднак тое, што мы добра, амаль на памяць, ведаем, як звычайна, аказваецца паверхняй з'явы, яе моўнаю абалонкай і — яшчэ больш — перашкодай для разумення, Завучаны тэкст перастае бачыцца, ён падыходзіць да нас занадта блізка, як падыходзіць да нас занадта блізка, захопліваючы саму магчымасць бачыць і разумець, наша цела; каб яно змагло выступіць перад намі ва ўсёй відавочнасці, мусім яго адасабляць ад сябе — даручаць люстэркам ці фотаздымкам.