Засваенне тэксту можа адбывацца толькі пры ўмове захавання адпаведнай, прадугледжанай самім тэкстам, дыстанцыі, якая робіць яго не чужым і не сваім, а сэнсоўным. Сфера, ці, можа, лепш стан, паміж чужым і сваім і ёсць тая магчымасць, у якой выяўляюцца і здзяйсняюцца сэнсы. Менавіта жаданнем паразумецца з вершам і спробай высветліць прысутныя ў ім сэнсы і выкліканы гэтыя мае — герменеўтычныя — нататкі.
Каб зразумець, што кажа верш, мусім аднесціся да яго як да твора — да таго, што, па-першае, з'яўлецца творным, а, па-другое, само творыць сэнс. Як творнае — верш суадносіцца з пэўным часам і мае дату ўзнікнення, як творчае — суадносіцца з сутнасцю і сучасны з тым, хто яго чытае. Паэт кажа верш — і гэтая акцыя аднаразовая, верш кажа сэнс— і гэта модус існавання самога верша. У «Мужыку» гаворыць мужык. Ад сябе і пра сябе. Але гаворачы ад сябе і пра сябе, мужык вымаўляе не свае словы, а прыводзіць словы свету — тое, што кажа і «знае» пра яго свет. Свет жыве па-свойму, мужык па-свойму, але свет мерае мужыка сваёю меркай і ведае сваёю ведай, і гэтаю меркаю-ведай, ацэньваючы і асэнсоўваючы сваё жыццё, карыстаецца таксама мужык. Мужык карыстаецца моваю чужых сэнсаў. Мова, якая здольна выявіць — і здзейсніць — яго самога і быць сваёй,— гэта крык, ці, інакш, мова, што не мае эквіваленту ў наяўных сэнсах. Яна блізкая, каб здзейсніцца, і блізкі, каб здзейсніцца, зроднены з ёю сэнс, які, калі ён ёсць, нічым нельга абвергнуць па той адзінай прычыне, што ён ужо ёсць.
Мужык славуты, яго «усе тут знаюць», і, каб мы загадзя не ведалі, хто такі мужык і што азначае быць мужыком, можна было б падумаць, што ён які знакаміты пан альбо князь. I пана, і мужыка ўсюды — «як ёсць гэты свет вялік» — ведаюць і адносяцца менавіта як да мужыка і да пана. I пан, і мужык паза гэтымі адносінамі розныя, але роўныя, як розныя, але роўныя ў сваім існаванні грыбы ў лесе. Няроўнасцю іх надзяляюць адносіны да іх свету, яны ўжо загадзя прысутнічаюць у гэтых адносінах: пан — панам, а мужык — мужыком. Мужык не імя, а мянушка: яе атрымлівае мужык, але дае свет, і ў ёй гэтулькі ж мужыка, колькі самога свету.
Імя — дыялог: яно спраўджваецца, калі на яго адзываюцца, калі прысутнічаюць абедзве «інстанцыі»: той, хто называе, і той, каго называюць, той, хто дае імя, і той, хто імя прымае... У вершы дыялог парушаны, і таму замест імя застаецца мянушка — непрынятае імя, імя ў адзін бок.
Каб убачыць у мужыку чалавека, свет мусіць перамяніцца, стаць чалавечым, бо ён таксама, як і мужык, перакулены; мужык — уніз, свет — уверх. I свет, і мужык сцвярджаюць сябе перакуленым чынам: свет — адцураючыся ад існавання мужыка, мужык — адцураючы сваё існаванне.
Свет супрацьпастаўляе мужыка сабе, аднак не адпускае яго ад сябе, вылучае яго з сябе, аднак не настолькі, каб не ведаць яго. Іх звязвае глыбокае ўзаемаадзінства, і, адцураючыся ад мужыка, свет разводзіць гэтае адзінства ў два канцы, падзяляе на два палюсы. Яно ад гэтага не перастае быць узаемным, але набывае новую, узаемасумяшчальную, патэнцыю, якая дазваляе мужыку быць роўнавялікім — хоць і не раўназначным — свету. Прымаючы ўмовы свету, чалавек праяўляецца як частковы чалавек — як мужык альбо пан. Мужыку яны цесныя, пану прасторныя, мужыку — цяжкія, пану — лёгкія, у мужыка яны выклікаюць пярэчанне і нараканне, у пана — згоду і задавальненне, пану яны не даюць успомніць, а мужыку не даюць забыць, што ён чалавек.
Мужык жыве на мяжы: побач з ім, дзелячы з ім цяжар існавання, у такіх жа, альбо амаль у такіх жа, як ён, умовах жывуць іншыя, адрозныя ад яго па прыродзе, але родныя па існаванні, істоты,— вол і сабака, а трохі далей, у лесе, утоены («згінуты») ад назірання, але зразумелы і бачны здольнай мучыцца мужычай душы,— чашчавік (лесавік). Іхні чын існавання адрозніваецца ад існавання мужыка тым, што яны атаясамлены са сваім існаваннем, а мужык — не. Ён не атаясамліваецца ні са сваім існаваннем, ні нават з самім сабою, гэтай сваёй не-таясамнасцю ўтвараючы мяжу, з аднаго боку якой існуюць істоты, аб якіх гаварылася, з другога — свет, населены істотамі, роднымі мужыку па прыродзе, але адрознымі па сваім існаванні. Паміж мужыком і светам парушыўся дыялог: свет забраў сабе слова і права слова. Каб гаварыць, трэба ўмець гаварыць, мужык гэтага не ўмее («Не ходзіць гладка мой язык»), і гэтае няўменне выштурхоўвае яго на ўскрай гаворкі і на ўскрай свету, ператварае ў аб'ект смеху, кпінаў, знявагі. Мужык — «дурны»: што б ён ні гаварыў, яго словы ўспрымаюцца неадпаведна, несур'ёзна, так, нібыта гэта гаворыць блазан, і тое, што ён блазан, выяўляецца якраз тады, калі ён пачынае гаварыць. Гаворка — характарыстыка, якая вылучае мужыка з жывёльнага свету, але адлучае ад «пісьменнага». Свет, пра які гаворыцца ў вершы, не акрэслены, не размежаваны, не выяўлены ў тварах, ён — сума люстэрак, якія вяртаюць мужыку яго адлюстраванні, але самі адлюстраванні акрэсленыя і асабовыя. Углядаючыся ў іх, мужык — аб'ектыўна — пазнае ў іх сябе, і — суб'ектыўна — не пазнае, прызнае (куды падзецца ад таго, што паказвае рэчаіснасць?!) і не прызнае, гэтым самым ставячы пад сумненне саму наяўную рэчаіснасць. Калі наяўная рэчаіснасць, выяўляючы, скажае яго, калі яна не бачыць і не разумее, які ён на самой справе, тады і крытэрый (мераведанне) сапраўднай рэчаіснасці мусіць быць іншы і мусіць шукацца не ў відавочным, а ў чымсьці іншым, чым санкцыянуецца сама нязгода лічыць сябе тым, кім паказвае люстэрка. Сам вобраз і само найменне мужыка «вернутыя»: яны вярнуліся ад таго, кім яны акрэсліваліся, да таго, каго яны акрэслівалі,— ад свету да мужыка, але не прыняліся мужыком і не супалі з ім. Яны скіроўваліся мужыку як аб'ектыўныя звесткі, як аб'ектыўныя характарыстыкі, аднак адрасатаказаўся недастаткова аб'ектам, і таму гэтыя нібыта аб'ектыўныя характарыстыкі сталі своеасаблівым фантомам, асуджаным на тое, каб, узмацняючыся сілай нязгоды і адмаўлення, вяртацца назад.