Іван Шамякін
З ДЗЁННІКАЎ
2002
24 красавіка 2002 г.
Слухаў пасланне Прэзідэнта парламенту. Лукашэнка цікава можа сказаць. І змястоўна. Усё правільна, што датычыць палітыкі, знешняй палітыкі — саюза з Расіяй. Што ж датычыць эканомікі і сацыяльнай сферы, тут, мне здаецца, кансультанты падводзяць яго. Добра пра апазіцыю. <...>
Ці здолею хоць трохі падлячыць свой «хадавы механізм». Слабее з кожным днём. Папрасіў В. Н. Гурына завезці мяне ў Інстытут артапедыі; гады тры назад ён мяне вазіў, але тады ў мяне моцна балела ступня нагі, аднак хадзіў яшчэ без кульбы.
Дрэвы зялёныя ўжо. Хочацца на дачу. І баюся яе, дачы. Ці залезу на сваю «галубятню»? Залезці залезу. Як злазіць па крутой лесвіцы? А жыць хочацца. І пісаць! Аднак ужо тыдні тры не пішу, толькі дзённік. А начныя ўспаміны ёсць! Вясёлыя і сумныя. Такім было жыццё.
28 красавіка 2002 г.
Пазаўчора прачытаў у газеце: памерла Лілія Давідовіч. Балюча стала. Я любіў гэтую актрысу, яна іграла галоўную ролю — Наталлі ў маёй п’есе «І змоўклі птушкі». Мінулым летам я ляжаў у адной палаце з яе мужам Ігарам Дылеўскім, журналістам. Яна наведвала яго. Вясёлая, дасціпная, зусім не выглядала на 65 — на 45. Пасля Ждановіч, Рыжковай, Станюты яна, Ліля, ды Маша Захарэвіч былі гонарам купалаўцаў. Ці разумеў гэта Раеўскі? Ды і іншыя. Кіраўнікі культуры не разумелі, для іх Зорка — Пугачова, а не Давідовіч. Пугачовай за тыдзень прысутнасці ў журы «Славянскага базару» заплацілі столькі, колькі Давідовіч ці Захарэвіч не зарабілі за тры гады. Маша, працаўніца, каб зарабіць капейкі, чытае на ўсіх вечарах у СП. Чытала. Зараз там няма чым плаціць. Дажыліся.
А ўчора пры ўручэнні «Нікі» пачуў трагічную вестку: у пятніцу трагічна загінуў Міхал Пташук. Ашаламіла. Заплакаў. Якая страта! Са смерцю кожнага чалавека народ, чалавецтва бяднее. Смерць жа такіх, як Ліля, Міхась, — нацыянальная трагедыя. Пташук — лепшы кінарэжысёр. Ён зрабіў добры фільм па складаным па сваёй кампазіцыі рамане «Вазьму твой боль». Не ўяўляў, як можна было экранізаваць Багамолава «В августе сорок четвертого». Кажуць, зрабіў фільм, я, на жаль, не бачыў.
Ад такіх смерцяў у 82 вельмі сумна робіцца. І дзень сёння змрочны: пайшоў дождж. Нарэшце. Зямля перасохла, за красавік ніводнага дажджу на ўсёй тэрыторыі Беларусі. А ўжо рапартуюць аб завяршэнні сяўбы зерневых. Ці не спяшаемся? Прарастае яно, зерне, у сухой зямлі?
30 красавіка 2002 г.
Пташук загінуў у Маскве, куды паехаў на ўручэнне «Нікі». Нібыта ішоў з жонкай. Адкуль? Куды? Прапанаваў схапіць машыну, пад’ехаць. Жонка адмовілася. Відаць, паспрачаліся: Міша ўпарты быў. На злосць жонцы схапіў машыну, паехаў. А яна пайшла. Яна дайшла, а ён трапіў у аварыю. Лёс! Які, аднак, ён бязлітасны, лёс! Няўжо наканавана вышэйшай сілай, калі і дзе хто памрэ? І ніхто не ўмее чытаць гэтае кнігі — ні святыя прарокі, ні грэшнікі. Алеся і Сяргей злуюць, калі я кажу пра смерць. Святатацтва казаць? Але ж усе старыя гавораць у 60—70 гадоў. Мне 82-гі. І так аслаб мой апорна-рухацельны апарат. Учора соваўся па двары, прыйшоў Мікола Мятліцкі да мяне, здзівіўся, што я гэтак хаджу. Перадаў яму цыкл «Начных успамінаў» пра страхі, якія я зведаў у жыцці. Пакідаў іх на больш позні час? Навошта? Няхай ідуць у «Полымі» пры жыцці. З «Полымя» я пачынаў свой творчы шлях: «Помста», снежаньскі нумар 1945 года. Дзе ён падзяваўся гэты нумар? Я бярог яго. Не вярнуў музей з экспазіцыі да майго 80-годдзя?
Прачнуўся ў 10, для мяне рана. Пасля снедання сеў на канапу і заснуў, праспаў гадзіны паўтары. Яшчэ адна прыкмета старасці: у гадзіну ночы глытаў рададорм. <.>
Учора расказваў Мікола: Вольга ў паніцы. Злуе на ўвесь свет, перасварылася нават са сваімі аднадумцамі, з тым жа Бураўкіным, які працягнуў яе ў старшыні СП. Відаць, у Германію, да Быкава ёй не хочацца. Ці хоча быць там старшынёй, як два гады быў Някляеў? Старшыню пэн-клуб карміў бы, а проста радавую — ці будзе карміць? Вольга — не Вася Быкаў! Але дзіву даюся: як можна столькі год сядзець за мяжой, без мовы. Не Тургенеў жа!
І не Герцэн! Я ўспамінаю два месяцы ў Нью-Йорку і халадзею ад усяго, што там перажыў. Са сваімі быў — на сесіі ААН. А куды Быкаў ходзіць? Што робіць? Піша? Не відаць прадукцыі. Чакае Нобелеўскую? Ганебнае чаканне! Колькі чакае Чынгіз Айтматаў! Дык той хоць робіць паслом: СССР — у Люксембургу, Кіргізіі — у Бельгіі. Ёсць праца.
У мінулым годзе прысудзілі Нобелеўскую нейкаму кітайцу, які жыве ў Парыжы. Пасол Кітая (жанчына) ў Беларусі ў інтэрв’ю на пытанне аб лаўрэаце адказала: у Кітаі такога пісьменніка ніхто не ведае. Вось табе і прадстаўнік вялікага народа! Чыстая палітыка! Пастарнака і Салжаніцына хоць добра ведалі дома.