Выбрать главу

8 мая 2002 г.

Адкрывалі мемарыяльную дошку Івану Новікаву. У суседнім доме па Карла Маркса. Надзежда Пятроўна пазваніла, і я пайшоў — блізка. Выступіў. Іпатава выступіла. Вёў нам. старшыні г.в. Пятрушын. Мне сказаў: «Легенда наша». Легенда, а ганаровага не прысвойваюць. Пасля Танка ў кагорце ганаровых няма ніводнага пісьменніка. Ёсць мастак. Ёсць кампазітар.

Івана Рыгоравіча я паважаў. Яго трылогія «Мінскі фронт» — подзвіг. Мы разыходзіліся па пытанні аб арганізатары падполля — Кавалёў ці Казінец? Я — за Кавалёва. Але на дакументальную рэч у мяне пораху не хапіла. Не дакументаліст я. Мінскае падполле — «Гандлярка і паэт», часткова «Ахвяры».

Іван быў выдатны журналіст: 20 гадоў кар. «Правды». Яго артыкулы былі з’явай па сваёй смеласці, не раз іх абмяркоўвалі на бюро ЦК. Не ўсім яны падабаліся, але хто мог выступіць супраць «Правды»! Пасля адкрыцця Вольга выказала жаданне пагутарыць. Зайшлі ў наш двор, селі пад кашта­нами Яна выказвала свае крыўды. Я не быў на радзе, меў інфармацыю ад Міколы і ў дэталі не ўдаваўся, слухаў далікатна, стараючыся пранікнуць у падтэкст. <...>

Жыву, калі ўсё яшчэ хвалюе.

Перадачы да Дня Перамогі хвалююць. Плачу, калі гляджу фільмы пра вайну, слухаю ваенныя песні.

Паказваюць дакумент. фільм «Цвет войны» (ЗША ці Англія? — тэксты на англійскай мове): усе чорна-белыя здымкі вайны пераведзены ў колер (як гэта робіцца?). Невядомага амаль няма. Злуе тэндэнцыя, ідэя: Германію разграміў не СССР, а Англія і Амерыка. Пра наш фронт як бы між іншым. Можа, і тут няма палітыкі?

Літфонд ашчаслівіў ветэранаў: даў па 10 тыс. руб. Смяяцца? Ці плакаць? Абразліва. Але свята ніхто не можа сапсаваць! Свята са слязамі на вачах!

11 мая 2002 г.

Папрасіў акадэміка Гурына Валерыя Мік. пракансультаваць мяне ў Інстытуце артапедыі і траўматалогіі. Гады тры назад мы там былі, але я забыўся прозвішча, імя дырэктара. 9-га мая мне звоніць Белаенка Яўгеній Дзмітрыевіч, віншуе са святам і кажа, што заўтра (10) яны працуюць. Машыну ён прышле.

Учора прыслаў машыну, і мы паехалі. Мы — я і Сяргей. Добра, што я ўзяў яго і ён, малайчына, згадзіўся. Без яго мне было б цяжка: разувацца, здымаць штаны, кальсоны, легчы, павярнуцца, падняцца. Зрабілі рэнтгенздымкі, абследвалі камп’ютэрнымі прыборамі. Белаенка паясніцу маю, ногі не глядзеў: прачытаў здымкі і запісы апаратуры. Напісаў заключэнне: «Системная псориатическая остеотендонериостеопатия с преимущественным поражением пояснично(?)-крестцового отдела поз­воночника. Распространенный остеохондроз и деформирующий <нрзб>артроз пояснично-крестцового отдела позвоночника. Дегенеративный спондиломестоз Z^75 и <нрзб> Z5 (1-П ст) с нестабильностью в сегменте с симптомом перемежающейся хромоты. И т.д.» Рекомендуется стаци­онарное лечение в клинике УД Президента, консультации ангиохирурга, ношение эластичного фиксирующего пояса, КТ-исследование сегментов Z^3». І гэтак далей... Далей, мабыць, прафесар стаміўся, і я не разбіраю, што яшчэ рэкамендуецца.

Не смяртэльна, але нерухомым усе гэтыя хатрозы могуць зрабіць. Трэба лажыцца. Пасярод лета? Ох! А там з ложка не магу злезці — падняцца была праблема.<.>

Апошнія тыдні два моцна сушыць у роце. Баюся: калі падняўся цукар у крыві, — гэта скароціць маё жыццё. Цяжка наладзіць дыету; штодзень кашы, кава з цукрам, люблю смачныя булкі. Чым замяніць? Мясам? Дзе ўзяць грошы на яго? Мяса — 6 тыс. кг. А нават заробленыя ганарары ніхто не выплачвае — няма грошай. Куды яны дзяваліся, грошы? Супрацоўнікам СП дагэтуль не выплацілі іх мізэрную зарплату — за 7 месяцаў. Як людзі жывуць? <.>

Балюча перажыў яшчэ адно: Пятра (Васілеўскага. — А. Ш.) хавалі з дому. І гэта ўжо не першы выпадак. І гэта таксама зніжае значэнне СП. Каб у наш час кагось з членаў не пахавалі з Дома літаратараў — наўрад мы, кіраўнікі, утрымаліся б на сваіх пастах і абураныя калегі прагаласавалі б супраць, і ЦК падтрымаў бы калектыў — не кіраўнікоў. Хачу, каб мяне хавалі з ДЛ. Каму б ён ні належаў.

Засталося колькі старонак у запісе ад 27 лютага, і я, разявака, не ўгледзеўшы, загнаў туды запіс за 11-га мая — сённяшнюю: учарашнюю кансультацыю ў прафесара, член-кора НАН Белаенкі Яўгенія Дзмітрыевіча.

Звярніце ўвагу, дзеці мае, калі будзеце рыхтаваць дзённік да друку! А хочацца, каб ён быў надрукаваны. Во якое — тщеславие! «Роздум на апошнім перагоне» — дзённікі (выбарачныя да 1995 года) былі сустрэты з цікавасцю.

Сёння позна спаў. Паснедаў у 2 гадзіны, сеў у крэсла і зноў заснуў. Слабасць? Думаю, як перад Радаўніцай наведаць магілы Сашы і Машы. На Радуніцу не праедзеш, а ісці два км я не магу. Падарыў машыны Алёшу і Машы і не маю на чым паехаць. У Аляксея сапсавана. Машу свякроў яе звезла некуды на сваю дачу. Вернецца заўтра — не ведае Таццяна.<.>