14 мая 2002 г.
Радуніца ( чаму па-беларуску радаўніца? Адкуль узялася ў?).
Ведаў, што сёння не даеду да магіл Сашы і Машы — не прабіцца, і машыны ў гэты дзень на могілкі не пускаюць. А дайсці не хопіць сіл — ад варот, ды гадоў шэсць назад і да варот не даехалі, пакінулі машыну ажно ў Цнянцы, адтуль ішлі, з Машай яшчэ. Пасля ездзілі напярэдадні Радуніцы. Так зрабілі і ў гэты раз. Паехалі пазаўчора, у нядзелю: я, Таццяна, Маша (унучка), яе бацька Вячаслаў, за рулём Машын муж Дзіма. Пакланіліся святым магілам. Сёння малюся за ўпакой душ маці, бацькі, Сашы, Машы, Галі, Таццяны (сясцёр маіх), Машыных сясцёр Г алі, Клавы, брата яе Мікалая, пляменніка майго Колі і пляменніка Машы, сына Мікалая Мішы... За ўсіх блізкіх, дарагіх людзей. Думаю пра смерць, але без смяротнага страху; пачынаю верыць у бяссмерцце душы, маё бяссмерцце: у працы маёй — у кнігах.
Не хочацца лажыцца ў бальніцу, але трэба, трэба падтрымаць свой арганізм, можа, лягчэй буду хадзіць, гемаглабін павысяць — ён зноў нізкаваты — 104 (норма 130). Сёння зноў доўга спаў — да гадзіны дня. Слабасць. А ем нармальна, праўда, малавата мяснога, што трэба для гемаглабіну, больш мучнога. <.>
Цяжка пішу — дрыжаць рукі. Почырк — сам не магу прачытаць. Канец творчасці? А хочацца яшчэ тварыць.
19 мая 2002 г.
Настрой асуджанага на смерць. Заўтра, калі будзе месца, кладу ся ў бальніцу. Чамусьці са страхам. Чаму? <...>
На парозе небыцця я пачынаю верыць ва Усявышняга і ў бяссмерцце душы. У газеце «Дуэль», якая мне не падабаецца за антысемітызм, прачытаў вялікі артыкул (на дзве паласы) Мухіна (гал. рэд.) аб бяссмерці душы. Уразіла. Ва ўсялякім разе філасофія хрысціянства, якой дзве тыс. гадоў, неўміручая. Як не разумеў гэтага такі геніяльны мысліцель, як Ленін? Паддаўся троцкім і каменевым. А якую праваслаўную дзяржаву мог збудаваць, спалучыўшы ідэі Хрыста з ідэямі сацыялізму!
Чытаю дзённікі Льва Талстога. У 20—30 ён быў глыбокі філосаф.
Дачытваю Д. Вейса «Возвышенное и земное» аб Моцарце. Якая працаздольнасць! Так не працавалі ні Талстой, ні Бальзак, ні Чэхаў. Спаліў геній свой мозг, парваў струны душы!
Дзённік у бальніцу не бяру: не дай Бог, яшчэ ўкрадуць; на дачы паўсшытка запісаў, бясследна знікла. Ды і сшытак канчаецца — 90 старонак. А чыстага сшытка няма. Буду прасіць у Сяргея. На дзённік дасць, бо ведае цану яму. «Полымя» друкуе дзённікі Дубянецкага. Не асоба. Але дзённікі паўгода чытаюць. Ён па многіх праязджаецца, у тым ліку і па мне, паблажліва: маўляў, не хапала смеласці. У мяне? У «Крыніцах»? У «Снежных зімах»? У «Гандлярцы»? Хто ў той час пісаў смялей?
1 чэрвеня 2002 г.
З 22 мая — у бальніцы, у хірургічным аддзяленні. Лёг з надзеяй падлячыць свой апорна-рухацельный апарат. Прыняў 7 кропельніц, уколаў — ой-ой!, лазерную тэрапію, жмені таблетак — вынікаў пакуль што не адчуваю. Ці будуць? Адна бабуля сказала: «Старасць не лечыцца». Так гэта? Але ж і паміраць не хочацца, а яшчэ страшней прыкаванасць да ложка. Не дай Бог. Але не толькі ногі. А як пішу? Сам не разбіраю. Здаецца, рукі яшчэ не дрыжаць, але ручка як бы не слухаецца маёй рукі і выводзіць не літары — каракулі. Ляжаў да ўчарашняга дня з Івановым Ал. Ів., добрым і цікавым чалавекам. На тры гады маладзейшы. Ваяваў, інвалід. Ён як бы натхняў мяне: яму выразалі прастату, уставілі трубку, мяшэчак для мачы, і ён збіраўся на трамваі ехаць дадому, на трамваі мяркуе прыязджаць на перавязкі. Слабы чалавек, але і магутны. Ал. Ів. — русак, з Удмуртыі, пасля арміі прыжыўся ў нас. Большасць з тых, каго служба ў арміі ці праца занесла ў Беларусь, прыжыліся на нашай зямлі. Добры мы народ!
Учора — новы сусед, Ал. Васілевіч. Заняў месца і на выхадныя — дадому. Многія так робяць. Побач ляжыць Вольга Васільеўна Казлова, з ёй я адводжу душу — гутару пра літаратуру, пра пісьменнікаў, яна дасканала ведае ўсіх. Дзякую ёй за ўвагу, за дабрыню. <.>
Сёння наведаў мяне М. Мятліцкі. Ён прымае «Полымя». Былыя супрацоўнікі наладжваюць сабатаж — за выключэннем Коўтун і Федарэнкі — падалі заявы аб звальненні. Дурні! Думалі <нрзб>. Іншыя выходзяць з рэдкалегіі. Гілевіч і Зуёнак забралі рукапісы. Ах, Вася! Ты з кім? Між іншым ён тут. Я з ім шчыра гутарыў, ён пра «Полымя» і свой дэмарш — ні слова. Таня прыслала Вячаслава з фруктамі і цукеркамі. Навошта? Чалавек пасля начнога дзяжурства. <.>
Аднаму ў палаце спакойна, але нудна. Гляджу тэлевізар, чытаць цяжка — слабыя акуляры ўзяў, рабочыя пашкадаваў — не зламаць бы! Для мяне праблема — схадзіць у паліклініку. Але пакуль ляжу тут, трэба паказацца і акулісту, стаматолагу; гэтыя спец. прыйсці не могуць. Запісаў — ужыў. Можа, і на «Начныя ўспаміны» хапіла б духу. Не, у прысутнасці старонняга пісаць не магу.