9 чэрвеня 2002 г.
З 22-га мая — у бальніцы, лячу свой апорна-рухацельны апарат. Пакуль што без асобых вынікаў. Браў чысты сшытак, зрабіў адзіны запіс ст. на 2. Не пішацца. Браў том дзённікаў Талстога — не разгарнуў. Чытаю газеты, Таццяна прынесла стус «Завтра» і «Дуэли». «Завтра» грубая ў адносінах Пуціна, Праханаў перабірае меру. Прэзідэнта трэба крытыкаваць, але не так груба. «Дуэль» Мухіна — антысеміцкая. Думаю, так адкрыта выяўляць сваю непрыязь да старажытнага народа нельга. <.>
На выхадныя папрасіўся дадому памыцца, там, у бальніцы, душ не для старых, няма на чым прысесці, каб распрануцца. <...> Папрасіў Алёшу прыехаць забраць мяне. Чакаў дзве гадзіны, хваляваўся. У яго забалеў жывот. Прыехаў нарэшце, завёз у цырульню (зарос, што дзікун), дома памог памыцца. Адпусцілі мяне на суткі. Планаваў у 12 вярнуцца назад, звоніць Алёша: «Дзед, давай у 5». Прычына? Футбол. Балельшчык-фанат. Футбол для яго даражэй за ўсё.
У бальніцы ў суседняй палаце памёр чалавек, з якім напярэдадні ў калідоры гутарылі. З’явілася сумная думка: у 82 можа і са мной падобнае здарыцца. А ў мяне неатрыманая прэмія. Клапачуся пра маіх збяднелых дзяцей. І выношваю ідэю: напісаць Лукашэнку пісьмо: у выніку... выдаць грашовую прэмію маім дочкам Ліне, Таццяне, Алесі — па роўнай долі, усе яны носяць маё прозвішча — Шамякіны. А без пісьма не выдадуць. І ці выдадуць праз 6 м-цаў, пры раздзеле маёмасці? Вясёленькія думачкі! Аднак сур’ёзны бацькоўскі клопат.<...>
Государственный секретарь Союзного Государства (такі тытул пад сцягамі Бел., Расіі) П. Барадзін прыслаў пісьмо:
«Уваж. Ив. Петр.! На заседании Высшего Госуд. Совета Союзного государства 12 апреля 2002 года принято решение о присуждении Вам премии Союзного государства в области литературы и искусства».
Віншаванні.
«О церемонии вручения премии сообщим дополнительно. П. Бородин».
Адрес постоянного Комитета Союзного государства: Москва, Старая пл. д. 8/5, тел. (095) 206-32-70.
Няхай і гэта будзе ў дзённіку! З Саюзнай прэміі — Сталінскай — я пачынаў свой доўгі творчы шлях, Саюзнай прэміяй канчаю яго. Няхай жыве Саюз непарушны!!!
13 чэрвеня 2002 года
Сёння выпісаўся з бальніцы. 22 дні праляжаў. Ляжаў мала, але і хадзіў мала. Змяніліся тры суседы. Першы Чуванаў і трэці (?) Міхаіл Васільевіч моцна парваныя. Але трымаліся аптымістычна. Другі, Фамін, з нагой, якую зламаў яшчэ ў маладосці. Будаўнік, майстра. З ім было цікава. З усімі было цікава. Усе ставіліся да Ш. паважліва. Пазнавалі з другіх палат, другіх аддзяленняў. Некаторыя стамлялі размовамі. Прыняў нямала кропельніц, дзесяць сеансаў лазера, уколаў па тры ў дзень — лепш, лягчэй хадзіць не стаў. Учора сустрэў Тац. Ів. Прытыцкую. Яна спалохала: яе везлі на калясцы, ногі зусім не служаць. Не дай Бог. Адно, відаць, патрэбнае зрабіў: запламбіраваў зуб і сёння вырваў карэнні даўно зламаных карэннікаў.
Запісваю прозвішчы, імёны ўрачоў, сясцёр, якія мяне лячылі: Сцебуноў Сяргей Сцяпанавіч, Літвінаў Сяргей Віктаравіч, Сіўко Сяргей Аляксандравіч, маральна падтрымліваў Рубашэнка Віктар Пятровіч, які нядаўна ажаніўся з Валерыяй Навуменка. Па-мойму, добры, чулы чалавек. Дай Бог Валі і яму ладу сямейнага, што будзе радаваць Івана Як.
Г анарар ніхто не плаціць, пра ўручэнне прэміі — маўчанне. Калі будуць тыя грошы? А на дачы процьма рамонтных работ. Дзе ўзяць грошы? «ЛіМ» не заплаціў за снежаньскі, студзеньскі, сакавіцкі нумар. <...>
Я лічыўся знаўцам чалавечай псіхалогіі. Не, не знаю. Не магу зразумець, з-за чаго маскоўскія футбольныя фанаты ўчынілі ў мінулую нядзелю такі дзікі пагром. Звярэюць людзі. Атавізм. У хірургіі трэці м-ц ляжыць выдатны хірург Ярашэвіч А. Ал.: яго ў пад’ездзе яго ж дома ўдарылі жалезным прутам па галаве. Кажуць, выдралі нават залатыя пратэзы. Я з ім многа разоў гутарыў, але пра гэта спытаць не адважыўся. Тэлеперадачы, якія нібыта накіраваны супраць крыміналу, на самой справе прапагандуюць падобны разбой. Асабліва амерыканскія баевікі, у якіх людзей забіваюць што курапатак. Спыніся, чалавецтва! Зрабі рэвізію сваіх каштоўнасцяў! Дайшлі да таго, што займаюцца сексам па Інтэрнеце. Жах! І на такой «культуры» і «навуцы» нажываюць мільярды. Не філосаф я — бытапісальнік. Талстой асуджаў «навінкі» з глыбокімі высновамі. Аднак сорамна раўняць сябе з геніем! Маё шчасце, што я заўсёды рэальна ацэньваў свой талент — не прыніжаў (прыніжалі без мяне) і не ўзвышаў (узвышаў народ, чытачы). Здаецца, у «КП» прачытаў трапнае выслоўе: «Писатель не тот, кто пишет, а тот, кого читают». Мяне чыталі! Але ці будуць чытаць у будучым? Мае равеснікі пяюць дыфірамбы. Маладыя сёстры чыталі хіба тое, што вучылі ў школе. Сумная выснова.