Выбрать главу

19 чэрвеня 2002 года

Губляю жыццёвую актыўнасць. Пяць дзён не вылазіў на вуліцу. Учора выйшаў. Хаджу цяжэй, чым да лячэння. Трэба паехаць на дачу. Баюся. Чаго? Дзе жыць? Ці ўзлезу ў сваю «галубятню»? Спякотна там. Дзверы, па сло­вах Машы, згнілі. Унізе — прахадны двор. <...> Лазню размарозілі. Печ у лазні развалілася. Печніка Слава знайшоў. Але трэба добры сантэхнік. А без лазні як памыцца? А галоўнае — чым займацца на дачы? Ці здолею пісаць? Не цягне. Стымулы аслабелі. Слава ўжо не трэба. Трэба грошы, а іх не плацяць. Выйшла ў «МЛ» «Сэрца на далоні», «Г андлярка і паэт». Салідны том. А ганарар далі? Званіў Марчуку. «Заплацім». Аптыміст! А сам у падвешаным стане: выдавецтвы аб’ядноўваюцца. «МЛ» і «Юнацтва». А хто будзе дырэктарам? Хочуць ставіць эканаміста.

Вісіць прэмія. Пуцін хоча прысвоіць Бел., зрабіць яе губерніяй РФ-ыі, другой Татарыяй. Учора выступаў Лукашэнка. Адстойваў суверэнітэт. Вельмі правільна сказаў: называць Бел. нахлебніцай Расіі — абраза нашага наро­да. Саюзны сакратар Барадзін, якога амерыканцы арыштоўвалі як злодзея, гне прапуцінскую лінію. Баюся, пагараць наша з Дударавым прэміі. Але што прэміі! Думаць так эгаістычна. Застогнем усе, калі нам газ і нафту пачнуць прадаваць па міжнародных цэнах. О, добрая старэйшая сястра! Куды ты штурхаеш нас? Пакланіцца Захаду, Амерыцы, новым нямецкім рэваншыстам? Калінінград немцы адцяпаюць, да гэтага вядуць. Няхай «мудры» Пуцін укусіць свой локаць. Я асуджаў Праханава за яго ўедлівыя абвінавачванні Пуціна. А цяпер думаю, што Праханаў мае рацыю. Кланяцца Бушу, Шродару, НАТА. Ул. Ул., дзе твой афішыраваны патрыятызм? Зямлю хоча прадаць замежнікам. О, няшчасная Русь! Хто цябе ні прадаваў? Але ты, на шчасце верным сынам сваім, стаіш! І будзеш стаяць! Памажы ж нам, тваім сёстрам і братам — беларусам, мы заўсёды былі верныя табе. Усе! <.>

Абдумаў некалькі сюжэтаў «Начных успамінаў» і некаторыя ўжо забыўся. Буксуе памяць. Гэта палохае — страта памяці, палохае больш, чым нечаканая смерць. Смерці, асабліва раптоўнай, не баюся, але жыць хачу. Дай Божа пражыць гады два-тры. На нагах. Малюся Ісусу: «Госпадзі, памілуй мяне, грэшнага. Пазбаў ад хвароб. Дай здароўя, сілу жыць і працаваць — пісаць пра мой народ — славіць яго працоўны і ратны подзвігі». Малітвы, уласныя, супакойваюць, — лягчэй засынаю. Праўда, карыстаюся снатворным.

23 чэрвеня 2002 года

Тройца. Свята. Людзі, якія вераць у Бога, радуюцца. <.>

Учора споўніўся 61 год з пачатку вайны. Успомніў пад вечар. Дзіўна, што забыўся. Варта было выпіць за брата Паўла, за 27 мільёнаў Іванаў і Паўлаў Марый і Надзей. Колькі іх! Немагчыма ўявіць — 27 млн.! Глядзеў увечары «Судьбу человека» Бандарчука. Вялікі Шолахаў, які ў невялікім апавяданні напісаў лёс чалавека — лёс народа. Вялікі Бандарчук: эмацыянальна паставіў, эмацыянальна, можна сказаць, геніяльна сыграў Сокалава. Я наплакаўся. Заўсёды быў сентыментальным. Цяпер — асабліва. Вайна асабліва хвалюе. Усё хвалюе, што датачыць лёсу блізкіх, лёсу народа. <.>

Баюся, што прэмія мая накрылася. А шкада да болю. Я так спадзяваўся на яе. І ўсе мае блізкія спадзяваліся, бо ўсе — на грані беднасці пры бацьку, дзеду, які сачыніў 20 тамоў раманаў, аповесцяў, п’ес. Крыўдна да болю сардэчнага. З’явілася думка напісаць Лукашэнку: у выніку майго перасялення ў свет, дзе грошай няма, уручыць грашовую прэмію маім дзецям — Ліне, Таццяне, Алесі па роўных частках.

Прыехала маці Сяргея Лілія Сцяпанаўна, і Ванечка вельмі радуецца бабулі. <...> Але, нягледзячы на ўсю яго гарэзлівасць, я вельмі люблю гэтага хлопчыка. Ён найбольшае наша шчасце, у Алесі і Сяргея — найвышэйшае шчасце. Дай Бог табе здароўя, Ванечка! Шкада, што мне засталося мала часу радавацца табой, дарагі ўнучак.

Люблю ўсіх унукаў. За Славяну баліць сэрца з-за яе хваравітасці. А такая разумніца: за ўсе тры курсы універсітэта адны 5. Малайчына. А нагрузка ў БДУ шалёная! Яна абурае мяне. Нельга дзяцей так нагружаць! Падрываем здароўе. Каму гэта трэба, каб будучыя бацькі, маці былі хворыя?! Яны павінны нараджаць здаровае пакаленне!

Аднак дабраўся я да сшытка. Але ж гэта толькі тысячная доля думак пра падзеі сусветныя, дзяржаўныя, сямейныя, мае ўласныя.

30 чэрвеня 2002 года

Нарэшце выбраўся на дачу. Не сядзець жа ўсё лета ў гарадской кватэры. Учора паўдня сабіраў партфель і торбу. Усё запаволена: думкі, рухі. Што ўзяць? У першую чаргу лекі. Іх многа. І ўсё ж галоўнае слабіцельнае — узяў не ўсё. Напісаў пісьмо (дарэмна!) — завяшчанне. Пісьмо Лука­шэнку: калі, крый Божа, скончу нечакана (у маім узросце гэта здараецца) свой жыццёвы шлях, прашу ўручыць прэмію маім дзецям — Ліне, Таццяне, Алесі. І я сапсаваў сабе настрой — зразумеў: зрабіў глупства. Прыехаў з Ал. пад вечар. Сапсавалася надвор’е. Холадна. Няўтульна. У мансардзе ў маім кабінеце сарвала дзверы, вылецела шкло — неахайнасць маладых: адчынілі дзверы і кінулі. Размясціўся ўнізе. Нязвыкла. Спаць няёмка. Не ўзяў пледа (сярэдзіна ж лета!), пад адной летняй коўдрай холадна. Доўга, гадзін да трох, не мог заснуць — сумныя думкі апанавалі. Дача захламле­на. Лазня размарожана. <.>