Выбрать главу

Мікола Мятліцкі мяне супакоіў: ніхто не будзе зубаскаліць, бо гэта намер, які варта падтрымаць іншым раёнам у адносінах да сваіх землякоў.

Учора тэлефанаваў Дудараву : ці не чуў ён што пра прэмію? Гутарыў з жонкай яго Валянцінай, ён паплыў з некім у чоўне па Бярэзіне і Дняпры. Зайздроснае падарожжа! Мы з Андрэем гадоў 20 марылі пра такое падарожжа — па рацэ ці пехатой, але не выбраліся і на машынах. Маша смяялася з нашых «дзіцячых мар» і фантазій: «Нікуды вы не паплывеце, не паедзеце». Дамаседы!

Ёсць сюжэты «Начных успамінаў». Трэба прымусіць сябе пісаць. Чытаю дзённікі Л.Талстога. Як ён прымушаў сябе працаваць! Якія строгія правілы выпрацоўваў. Ха, параўнаў! Яму, афіцэру, было 26-27! Але якія думкі! Я — бытавік, не філосаф. Але ж у мяне была багатая фантазія.

Хаджу па-ранейшаму вельмі цяжка.

11 ліпеня 2002 года

Учора Ліне споўнілася 61. Яшчэ раз нагадала, які я стары: дачцэ — 61, унуку — 35. Прывітаць яе прыехала ўся Таццяніна сям’я. Было шумна.<.>

Пазванілі з Гом. ДУ: заўтра хочуць наведаць. Адмовіць нельга было. Але якое ўбоства і бязладдзе яны ўбачаць на дачы народнага пісьменніка, якога яны ж абвясцілі класікам і маюць намер зрабіць у Карме музей. Дзе? Хто пабудуе? Ды і навошта? Колькі я пражыў у Карме? 4 гады ў маленстве, паўтара навучальнага года ў 5 і 6 класах. Я напісаў пра гэта ў «Начных успамінах». Ці выйдзе невялічкая кніга «Промні маленства»? Няма выдавецтва «Юнацтва» — плода маёй актыўнай дзейнасці ў СП: я хадзіў да Машэрава, каб пераканаць яго ў неабходнасці выдавецтва дзіцячай л-ры. Пятро любіў такія ідэі — нечаканыя. А на адкрыццё новага выда­вецтва трэба была згода ЦК КПСС. Прабіў згоду. Знайшоў грошы. Дрыжу ад злосці, калі хтось аплёўвае той час. Зводзяць усю савецкую гісторыю да 1937 года. А былі ж яшчэ пераможныя 40 пасляваенных гадоў. Быў залаты век літаратуры, культуры ўсёй усіх народаў СССР. Контррэвалюцыя 1991 усё зруйнавала. <...>

13 ліпеня 2002 года

Наведалі гамяльчане ладнай групай: прарэктар Лін Дзм. Рыг., прафесар-літаратуразнаўца Штэйнер Ів. Фёд., старшыня Добрушскага РВК Буднік Ал. Ус. (?), рэдактар «ГП» Тамара Кручэнка, аператар, кар. ТВ і фатограф «Гомельскай праўды». Добрая гутарка ў альтанцы перад камерай. Пісала тэле, пісала Тамара на «рэпарцёр» 80 % таго, пра што ў мяне ў той ці іншай форме , жанры напісана. 20 % — сучаснасць, скарга на беднасць (дарэмна!), не трэба гэта гледачам і чытачам. <...> Заязджалі на Купалы. І Ванечка сеў ў маё крэсла і сказаў: «Я буду писатель, как дед». Дай Бог! Праблемай было пачаставаць гасцей. Але яны прыехалі не з пустымі рукамі. Прывезлі бульбы (!), сала, каўбасы, гуркоў, каньяку, гарэлкі (пляшкі тры). За сталом гутарка працягвалася. Дзве гадзіны працы, дзве застолля. Стаміўся. Папрасіў: пачынаць не з майго персанальнага музея (я яшчэ, дзякуй Богу, жыву), а з гісторыка-краязнаўчага музея ў Добрушы. Буднік згадзіўся, абяцаў даць памяшканне былой управы фабрыкі папяровай, там зараз дзіцячы сад, але сад будуюць новы. Калі збудуюць? Музей абяцаюць ужо гады тры ці больш — Валянціне Коцікавай. Пазваніць ёй!.

Стаміўся. Залішне эмоцый. А яны працягваліся і пасля гасцей. <.>

Але чытаю дзённікі Талстога. Многа мудрасці. Але многа і аднастайных дробязей. Прачнуўся, абед у тры гадзіны, пісаў (пісаць прымушаў сябе), сустрэчная гульня ў карты (афіцэрскі перыяд). Асабліва сумныя запісы 1857 года — паездка ў Парыж, Швейцарыю — лячэнне ў Бадэне. Учора перад сном некаторыя запісы прапускаў, бо, як кажуць, ні розуму, ні сэрцу.

Я ўчора сказаў гасцям: «Каб скінуць гадоў 10, які раман я напісаў бы». Веру, што напісаў бы. Не ўласцівы для мяне — злы! Злое я не пісаў ніколі, нават калі ў Пракопаўцы галадаў. А цяпер напісаў бы: злосць у мяне на жыццё, на <нрзб>, на багатых, на сваю беднасць. Беднасць робіць людзей злымі і нараджае «бунт бессмыссленный и беспощадный».

Думаю, ён спее, народны бунт. У рэспубліках СНД. У Расіі, у Грузіі раней, чым у нас. Слаба ведаю сённяшняе жыццё ў рэспубліцы, да якой у мяне была асаблівая любоў, — на Украіне. Але напэўна бунт спее і там. І страх якраз у тым, што гэта будуць не рэвалюцыі, а менавіта бунты ў пушкінскім вызначэнні. Страх за дзяцей, унукаў. Не дай ім Божа гэтай кары!

4 лістапада 2002 года

Дачытаў С. Куняева «Русский беркут» пра трагедыю Паўла Василье­ва, і не толькі яго... Куняеў дабраўся да архіваў НКУС. Пратаколы допытаў не сведчаць, што Васільевы (яшчэ Іван), іх сябры не былі героямі — «мачылі» сваіх. Але іх білі. І ў допытах праглядваецца адна тэндэнцыя: выбіць з кожнага прызнанне, што ён удзельнічаў у арганізацыі замаху на Сталіна. Канешне, ягоды, яжовы, берыі такія пратаколы дасылалі Сталіну. І можна ўявіць, як грузіна, параноіка гэта заводзіла. Такія ж паказанні, напэўна, выбівалі ў палітыкаў, у ваенных, не былі яны цвярдзейшыя за пісьменнікаў.