Выбрать главу

Прачнуўся ў 9, не спаў да 11, заснуў і дуў, як казаў мой бацька, да двух дня. Снедаў пасля трох. Дурны рэжым! Да паловы трэцяй чытаў гістарычны раман Я. Карновіча (упершыню чытаю гэтага цікавага пісьм. ХІХ ст.) «Притворное кружево» — аб Екацярыне І, Меншыкаве, аб Пятру ІІ. Многа цікавых дэталяў, якіх я не ведаў. Якія інтрыгі пляліся! У еўрапейскім маштабе.

Учора вычытаў «Панцеляймонава кіно» са свайго цыкла «Начныя ўспаміны» — як Панамарэнка вешаў мне лапшу на вушы, і я, наіўны, паверыў яму. Наіўны я быў у 33, але бадай такім жа застаўся і ў 82. <.>

Разумею старых дваран, якія забіраліся ў глухія маёнткі ці нават у манастыры, — далей ад свецкай калатнечы.

Два м-цы Мачульскі (якіх два! Год!) не можа атрымаць грошы для вы­платы ганарару. <.>

Паклаў 2 млн. руб. у запаснік — на чорны дзень, прыйдзецца раскасоўваць. Новы год, а Таццяна, сям’я яе, ужо без грошай: БДУ не выдаў сваім выкладчыкам аванс. Выдадуць да Новага года? І Богу невядома...

26 снежня 2002 года

Можна «падбіваць бабкі» 2002 г. Што ж, ён для мяне плюсавы: жыў і — галоўнае — пісаў. Напісаў штук 12 навел цыкла «Начныя ўспаміны», аркушаў пяць. Подзвіг на 82 гады. Здаў пад восень: тры м-цы не вылажу з хаты, слабее мой апорна-рухацельны апарат. Учора прачнуўся з моцным галаўным болем. Алеся памерала ціск: 220/100. Крыз. Трэба было выклікаць «хуткую». Мужыцкая сціпласць — не турбаваць... Глынуў «дилтиазем» (упершыню) і да вечара ляжаў. Пасля глытнуў эналапрыл. Увечары глядзеў тэлевізар. Уначы да двух чытаў гістарычны раман Я.П. Карновіча «Любовь и корона». Адкрыў пісьменніка ХІХ ст. Здзіўляюся, чаму яго замоўчвалі. Таленавіты пісьменнік. Паспрабаваў Загоскіна — чытаць немагчыма...

Чакаю ўчастковага ўрача, да яе прыходу не глытаю таблеткі. Няхай праверыць ціск. А галоўнае — выпіша снатворнае, без яго не магу заснуць. Прачытаў, здаецца, у «Завтра» інтэрв’ю з памочнікам Брэжнева Голікавым. Мы лічылі, што генсек добра закладваў за каўнер. Ажно не. Амаль не піў. Але не мог жыць без снатворнага. Голікаў быў сведкам, калі ўрач даў Л.І. тры таблеткі, а ён умольна прасіў чацвёртую. І стаў наркаманам, што скараціла яму жыццё.

Смешна, калі супакойваюць: 82 — не ўзрост, мая бабуля пражыла 93 (нехта нядаўна казаў). А статыстыка сведчыць: старэйшых за 80 усяго адзін працэнт.

Выпрасіў для Ванечкі білеты на прэзідэнцкую ёлку — яна заўтра — і радуюся.

29 снежня 2002 года

Дзіўнае і, па-мойму, нядобрае адчуванне ў апошнія дні: быццам я ўжо ўсё зрабіў. У гэтым годзе? Ці ў жыцці? Не разбяруся. Ва ўсялякім разе пісаць не хочацца. Але яшчэ чытаю. У мінулую ноч — да 3-х гадзін Карновіча «Пагуба». Добры пісьменнік... А Карновіч, на маю думку, глыбей Вальтэра Скота, якога ўсе ведаюць. Пісаць не хочацца, а душэўнага спакою няма. Хвалююся за дзяцей. <.>

Позна прачнуўся — у гадзіну дня. Глядзеў мульцік «Ночь перед рож­деством», 1951 г. Цікава: будзіў успаміны 50-гадовай даўнасці, з Машай глядзелі — у кіно. Пасля цікавейшая праграма «В мире животных» — аб жыцці жывёл у экстрэмальных умовах — белых мядзведзяў, чорных суркоў, вярблюдаў. Дзіўныя механізмы прыстасавання. Лягушка ўмярзае ў лёд і з цяплом — аджывае; сем месяцаў спіць мядзведзіца і без харчу раджае медзведзянят і... корміць іх. Цуд прыроды! Фільм зрабілі англічане. Кашалот нырае за харчам на два кіламетры, і яго не <нрзб>, кроў не закіпае пры пад’ёме.

Сяргей пайшоў у магазін. Ванечка спаў, прачнуўся і — «Калі прыйдзе папа?» — на вачах слёзы, і слёзы яго кранулі да слёз і мяне. Як дзіцяці трэба тата!

Не пішу паштоўкі навагоднія. Некалі па сотні-паўтары адсылаў. Пазаўчора тры напісаў — Лукашэнку, Вайтовічу, Мясніковічу. Нехта скажа: падхалім. Не! Апошнія два мне прыслалі, мае — адказныя. Латыпаў прыслаў. А новае кіраўніцтва СП — ні гу-гу. Дрэнна іх выхоўвалі. Мы!

31 снежня 2002 года

Апошні дзень года. Прачнуўся з галаўным болем. Зноў, відаць, ціск.

З адчуваннем, што я ўсё зрабіў, з’явілася супрацьлеглае: камусь я застаўся вінен. Каму? Дзецям, унукам? Чытачам? Здаецца, не. Зрабіў усё, што мог, на што меў здольнасць, талент, дабрыню (дзецям).

Прыслаў віншаванне Прэзідэнт. <.>

Сяргей купіў «мора закускі», як казаў незабыўны Антон Бялевіч. Во пра каго хочацца напісаць: тып пэўнай эпохі — пасляваенных гадоў. Пад новы год узяўся мароз: учора быў 0, сёння ўдзень — 15, уначы абяцаюць да 25. У кватэры, дзякуй Богу, цёпла. Дарэмна скланяюць улады. Жывём не горш расіян, украінцаў... Хто лепш з былых рэсп. СССР? Літоўцы? Туркме­ны? Усё адносна.

2003

1 студзеня 2003 года

Дзень першы новага года. Што запісаць? Няма ў галаве і душы пажаданняў сабе. Здароўя? Лепшае яно не стане. Творчасці? Рамана не напішу, дай Бог нізку-другую «Нач. успамінаў». Пару сюжэтаў маю. Навагодняя ноч: я, Алеся, Сяргей, Ваня. Закусі на 15 чал. Каньяк. Шампанскае. Выпіў грамаў 100 каньяку, бакал шампанскага. Асалоды не адчуў — як раней. З цікавасцю слухаў Задорнава (вышэй Райкіна), імітатара Галкіна — цікавае дараванне. Паглядзеў, паслухаў мюзікл па сюжэце «Золушки»... Лепш люблю дзіцячыя казкі, чым сучасныя раманы. Гістарычныя раманы нашых слабей за Карновіча, якога пры сав. уладзе не выдавалі, дарэмна: патрыятычныя рэчы — супраць засілля немцаў. Раманы нашых «гісторыкаў» неапраўдана палітызаваныя, а на словах аўтары супраць ідэалагічнага партыйнага засілля. Я — палітык, Быкаў — не палітык. Смешна. Двойчы пазваніў Навуменка, два дні назад і ўчора... Настроены песімістычна. Пасля 12 ніхто з калег не пазваніў. Сёння — Мятліцкі, калі я яшчэ спаў, потым Рая Баравікова, яе званок парадаваў, люблю я гэтую паэтку і чалавека...