Выбрать главу

У некаторых выпрацоўках натрапіліся гарняцкія інструменты. Гэта найчасцей былі аленевыя рогі, апрацаваныя ў форме кайла. Даўжэйшы адростак служыў рукаяткай, карацейшы i завостраны — рабочай часткай. Сустракаліся i больш складаныя прылады — свідраваныя кіркі, якія насаджваліся на драўляныя рукаяткі. Сярод ix быў знойдзены незакончаны экземпляр, на якім з абедзвюх плашчынь выдзеўбаны копачкі, але самую адтуліну чамусьці не паспелі зрабіць.

Кіркамі можна было капаць толькі ў больш прасторнейшых месцах. У вузкіх падбоях i штрэках размахнуцца не было дзе, таму тут прымяняліся вострыя кавалкі рагоў, якія заганялі ў пароду масіўнымі рагавымі ўдарнікамі — даўбешкамі.

Большасць прылад працы, знойдзеных археолагамі, паламаныя і моцна спрацаваныя. Гэта i зразумела, бо ў шахтах пакідаліся толькі сапсаваныя, не прыгодныя для далейшага ўжытку інструменты.

Самая першапачатковая апрацоўка крамянёвых канкрэцый праводзілася непасрэдна ў шахтах. З ix збіваліся розныя непатрэбныя выступы, якія не маглі быць выкарыстаны пры вырабе прылад працы. Такім чынам, наверх не трэба было выцягваць увесь крэмень, a падымаліся самыя лепшыя кавалкі. Не браліся таксама дробныя i крывыя канкрэцыі.

Далейшая апрацоўка крэменю праводзілася ў спецыяльных майстэрнях. Імі часам служылі напаўзасыпаныя шахты. Некалькі такіх аб'ектаў было раскапана вучонымі непасрэдна паміж выпрацоўкамі. У ix на глыбіні 1,5-2 м прасочваўся моцна ўтаптаны пласт крэйдавай крошкі, які служыў падлогай, тут жа сустракаліся буйныя камяні — кавадлы, рэшткі агнішчаў, косткі жывёл i мноства крамянёвых адшчэпаў. Такія месцы хутчэй за ўсё мелі спецыяльныя павеці i былі адначасова майстэрнямі i жытлом, у якім апрацоўшчыкі крэменю маглі адпачыць i падсілкавацца, пагрэцца каля агню.

За межамі крэйдавых залежаў на пясчана-гравійных узгорках размяшчаліся сезонныя пасёлкі, дзе жылі шахцёры. На такіх месцах сустракаецца мноства кавалкаў крэменю i нарыхтовак прылад працы. I калі каля шахт непасрэдна знаходзілі амаль выключна нарыхтоўкі сякер, то на тэрыторыі пасёлкаў сустракаюцца скрабалкі, нажы i іншыя рэчы, якія былі неабходны ў паўсядзённым жыцці старажытнага чалавека.

У 1962 годзе пад час распрацоўкі кар'ера на дне адной з выпрацовак удалося знайсці пахаванне шахцёра.

Дзякуючы крэйдзе яно добра захавалася. Нябожчык ляжаў на баку i меў падкурчаныя ногі. Каля яго стаяў пласкадонны гаршчок з наразным арнаментам i ляжала касцяная іголка для сшывання скураных мяшкоў. Менавіта гэта іголка i сведчыць, што перад намі было пахаванне найстаражытнейшага на тэрыторыі сучаснай Беларусі шахцёра. Мяркуючы па форме гаршка i яго арнаментацыі, гэта быў прадстаўнік племя культуры шнуравой керамікі або баявых сякер, якое з'явілася тут у канцы неаліту — пачатку бронзавага веку.

Але хіба толькі гэты народ здабываў тут крэмень у той далёкі час? Мабыць, не. Велізарная колькасць шахт — некалькі тысяч, розная ix форма i ступень дасканаласці сведчыць, што распрацоўкі на рацэ Poci існавалі надзвычай доўга. Аналіз вугалёў, знойдзеных у выпрацоўках, паказаў, што вогнішчы тут гарэлі i ў III i ў II тысячагоддзях да н. э. Значыць, амаль два тысячагоддзі давала людзям мясцовая зямля каштоўнейшую сыравіну.

Вырабы з краснасельскага крэменю сустракаюцца не толькі на неалітычных помніках у заходняй частцы сучаснай Беларусі, але i ў паўднёвай Літве.

Усё гэта гаворыць аб тым, што ў розны час ро'зныя плямёны займаліся тут крэмнераспрацоўкамі. Толькі ў раннім жалезным веку, калі крамянёвыя прылады былі заменены жалезнымі, краснасельскія шахты заняпалі i былі забыты.

Па сваёй тэхнічнай дасканаласці краснасельскім шахтам пакуль што не знойдзена роўных старажытных помнікаў на тэрыторыі ўсяго СССР, хоць выпрацоўкі крэменю сустракаюцца i ў іншых кутках нашай краіны, напрыклад у Сярэдняй Азіі, на Днястры. У Цэнтральнай i Заходняй Еўропе вельмі падобныя на краснасельскія шахты ёсць у Польшчы, Венгрыі, Чэхаславакіі, Бельгіі, Англіі i ў некаторых іншых краінах.

Чалавек, які браў у рукі кірку i пачынаў капаць шахту, павінен быў мець цэлы шэраг спецыяльных навыкаў.

Яму трэба было ведаць характер залягання канкрэцый, найбольш рацыянальныя спосабы працы ў вертыкальным ствале i гарызантальных падбоях i штрэках, сачыць, каб не абвальваліся скляпенні. Такія заняткі вымагалі пэўнай спецыялізацыі. Таму няма сумненняў, што распрацоўкай крамянёвых залежаў займаліся сталыя групы людзей — спецыялістаў, Адны з ix раздрабнялі крэйду i даставалі крамянёвыя канкрэцыі, другія выцягвалі ўсё гэта на паверхню, трэція рабілі нарыхтоўкі вырабаў.