Адшчэпы або абломкі ножападобных пласткоў, у якіх край закругляўся i апрацоўваўся стромкім рэтушам, служылі скрабалкамі. Такая прылада з'яўлялася універсальнай, ёй можна было чысціць рыбу, здзіраць мяздру са скуры, рэзаць скуру жывёл i кару дрэў, апрацоўваць унутраныя часткі драўляных лыжак i місак.
Завостраныя i рэтушаваныя пласткі i адшчэпы служылі праколкамі. Імі рабіліся невялікія адтуліны ў скуры або кары. Адпаведным чынам апрацаваныя еупрацьлеглым рэтушам востраканечнікі былі пракруткамі, якімі свідраваліся розныя тонкія адтуліны ў костках, дрэве, ракавінах, гліняных гаршках i нават у каменнях.
Сярод крамянёвых прылад працы адносна невялікую групу складалі разцы, якія пераважна прымяняліся для апрацоўкі костак. I па сваёй форме, i па спосабу прымянення крамянёвыя разцы здзіўляюча падобны на сучасныя разцы, з той толькі розніцай, што апошнія прыводзяцца ў дзеянне не рукамі, a спецыяльнымі станкамі,
Наканечнікі дзідаў i стрэлаў таксама выраблялі з крэменю. Для гэтага звычайна выкарыстоўваліся шырокія пласткі, якім з дапамогай бакавога ўдарнага рэтуша надавалася лістападобная форма.
Вялікае захапленне выклікаюць крамянёвыя наканечнікі стрэлаў, якія часта сустракаюцца на старажытных помніках. У канцы палеаліту, калі i быў вынайдзены лук, наканечнікі стрэлаў мелі адносна значныя памеры. У мезаліце ж у якасці наканечнікаў прымянялі i так званыя мікраліты — розныя дробна пасечаныя пласткі i адшчэпы, рэтушаваныя па краях.
У пачатку неаліту наканечнікі былі пераважна лістападобныя, але на захадзе i поўдні нашай рэспублікі ў той час з'явіліся i трохвугольныя экземпляры. Пазней тут пачал! вырабляць наканечнікі з увагнутай падставай, паабапал якой выдзяляліся вострыя зазубні. З цягам часу такая форма распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі.
З чым жа было звязана з'яўленне розных наканечнікаў стрэлаў i змяненне ix формы?
Страла была незаменнай зброяй на паляванні. I не толькі на дробную дзічыну або птушак. З моцнага, добра зробленага лука можна было выпускаць стрэлы з вялікім імпэтам, дастатковым для паражэння буйной жывёліны. Калі кінутае кап'ё пралятала 30-40 м, то страла — больш чым 100 м. Этнографам вядома, што дальнасць бою з цяжкага індзейскага лука даходзіла да 450 м. Непараўнальная была i яго ўбойная сіла: напрыклад, эскімосы з блізкай адлегласці прабівалі аленя навылет, а за 300 м індзеец з племені апачаў мог наскрозь прабіць чалавека. У час заваявання іспанцамі Цэнтральнай Амерыкі здараліся выпадкі, калі канквістадары аказваліся літаральна прыбітыя стрэламі да сваіх коней.
Паляўнічы, забіўшы здабычу, вымаў з яе цела стралу разам з наканечнікам i мог выкарыстаць яе зноў. Таму было мэтазгодна рабіць наканечнік лістападобнай, абцякальнай формы. З развіццём земляробства i жывёлагадоўлі пашыраліся ўзброеныя сутычкі паміж плямёнамі. Зброя паляўнічага ўсё часцей пачынала скіроўвацца на чалавека. Вось якраз тады i пайшлі ў ход трохвугольныя з зазубнямі наканечнікі — паранены мог вызваліцца ад дрэўка стралы, але яе наканечнік чапляўся зазубнямі за мышцы i заставаўся ў целе пацярпеўшага, прычыняючы яму несупынныя пакуты.
Яшчэ ручны сякач ранняга палеаліту мог ужывацца як сякучая прылада. Аднак адначасова ён ужываўся i для рэзання i для выкопвання ядомых каранёў i клубняў. У познім жа палеаліце з'яўляюцца першыя сапраўдныя сякеры. Але найбольш яны распаўсюдзіліся ў пачатку неалітычнай эпохі з развіццём апрацоўкі драўніны. У гэтай справе ix дапаўнялі цяслы i долаты. Першыя крамянёвыя дрэваапрацоўчыя прылады былі грубыя i недасканалыя, з ix бакоў тырчэлі розныя вострыя выступы, якія чапляліся за драўніну ў час працы. Пасгупова людзі навучыліся зашліфоўваць выступы. Затым у прыладах шліфавалася ўся паверхня.
Шліфавалі на каменных плітах, падсыпаючы мокры пясок. Вастрыі рэжучых прылад тачылі невялікімі брускамі.
У тых месцах, дзе прылады вырабляліся з мяккіх парод каменю, знойдзены сведчанні яго пілавання. На Беларусі ж слядоў гэтага спосабу апрацоўкі камянёў няма, бо тут паўсюдна меўся цвёрды крэмень. Гэты камень не паддаецца i свідраванню. А вось у канцы неаліту i асабліва пазней, у бронзавым веку, было шмат свідраваных сякер, вырабленых з менш цвёрдых парод.
Свідраванне ракавін, костак i нават камянёў пачалося яшчэ ў палеаліце. Яно рабілася ўручную завостраным кавалкам крэменю — пракруткай. Адтуліны атрымліваліся малымі i няроўнымі.
У неаліце, з вынаходствам спецыяльнага станка можна было свідраваць глыбокія i вялікія адтуліны. Станок нагадваў прыстасаванне для здабычы агню, гэта значыць, асноўнымі часткамі яго былі лучок i стрыжань, які круціўся з дапамогай абматанай цецівы. На канцы стрыжня прымацоўваўся кавалак трубчастай косткі, якім i праводзілася свідраванне. Косткай свідравалі камень? Так, свідравалі, i нават атрымліваліся адтуліны шырынёй у некалькі сантыметраў. Справа ў тым, што пад касцяны свердзел падсыпалі буйны пясок i фактычна менавіта пясчынкі «вымолвалі» адтуліну. Прымяненне трубчастай косткі давала карысць у працы, бо свідраванне адбывалася толькі па перыметру адтуліны, цэнтр жа яе заставаўся цэлы i выпадаў у выглядзе акуратнага цыліндрыка.