Выбрать главу

У Асаўцы ж трапляліся завостраныя слупы, але былі ўвагнаны ў зямлю чамусьці па адной лініі. А як жа ў такім выпадку пакласці насціл? Ды i адлегласць паміж слупамі была занадта вялікая, каб ix можна было лічыць палямі. А вакол гэтай лініі за паўдзесятка метраў ад яе знаходзіліся рэшткі мноства жэрдак, нахіленых у напрамку слупоў. Іх падставы ўтваралі нейкае падабенства вялікага авала, што акружаў слупы.

Безумоўна, гэта былі не палевыя пабудовы, але што тут меліся рэшткі нейкага жылля — несумненна. Яго заходнюю частку мы яшчэ не паспелі раскапаць, але ўжо можна было ўявіць канструкцыю i форму хаціны.

Пабывайце ва ўцалеўшых ад пажараў апошняй вайны вёсках Сенненскага або Бешанковіцкага раёнаў, i вы там абавязкова дзе-нідзе ўбачыце саламяныя заімшаныя ад часу чатырохскатныя стрэхі. У думках адкіньце ад такой пабудовы сцены, зрабіце авальную страху, прарэжце збоку нізкі ўваход, а дзе-небудзь уверсе дзірку для дыму — i вось вам гатова жыллё старадаўняга тубыльца з Крывінскага балота!

Падобнае ж жыллё ў старажытнасці будавалася наступным чынам. Спачатку ў зямлю ўбіваўся рад тоўстых завостраных слупоў, якія ўверсе мелі раздваенні. Затым на раздваенні клалася доўгае падстропнае бервяно. Да яго i прыстаўляліся нахіленыя жэрдкі, што ўтваралі каркас страхі. Цяжэй сказаць, чым страха такой хаціны накрывалася. Магчыма, асакой або аерам, бо шмат ix рэштак знойдзена на месцах старажытных паселішчаў.

Рэшткі неалітычнага жылля — цудоўныя сведчанні цяслярскага ўмельства нашых далёкіх продкаў. Тонкія жэрдкі зачэсваліся на адну касую плашчыню, таўсцейшыя — на дзве i больш, Такія завостраныя канцы тоўстых жэрдак i слупоў выглядалі як шматгранныя піраміды. A ўсё ж гэта рабілася прымітыўнай каменнай сякерай! Дарэчы, у жыллі знойдзены i кавалкі чэсаных дошак. Уявіце сабе, колькі даводзілася працаваць чалавеку.

Не дзіўна тое, што крамянёвымі нажамі першабытныя людзі завострывалі розныя калочкі i палачкі, майстравалі дзяржанні да прылад працы, дрэўкі дзідаў i стрэлаў, выразалі розныя драўляныя прыстасаванні, неабходныя ў гаспадарцы. Такая справа была звычайная i сведчанняў яе на тарфянікавых стаянках захавалася шмат. Нашы далёкія продкі былі здатны на большае: на Асаўцы былі знойдзены рэшткі міскі, па-майстэрску выразанай з дрэва, а на суседняй стаянцы ля Галоўска — драўляны апалонік.

Ганчарны круг на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачаў ужывацца прыкладна з IX стагоддзя. Тут варта заўважыць, што ў некаторых нашых вёсках яшчэ гадоў пяцьдзесят таму назад гліняныя пасудзіны ляпіліся ўручную. А што ж тады казаць аб тых часах, калі існавалі крывінскія паселішчы?

А наогул, як з'явіліся гліняныя гаршкі?

Найстаражытнейшыя ix абломкі, знойдзеныя археолагамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, адносяцца да V тысячагоддзя да н. э. Да гэтага часу посудам чалавеку служылі розныя драўляныя даўбёнкі, пляцёнкі з травы, прутоў i кары. Такое начынне добрае для жалудоў ці арэхаў, а вось ваду ў ім далека не занясеш. Праўда, этнаграфіі вядомы выпадкі, калі ў некаторых народаў маглі так лоўка змайстраваць пляцёнку, што з яе ні кроплі не выцякала. Але гэта — выключэнне з правіла; у большасці ж выпадкаў шчыліны стараліся чым-небудзь замазаць.

Яшчэ ў «дапатопныя» часы нашы продкі заўважылі цэлы шэраг цікавых асаблівасцей гліны: яна, калі вільготная, робіцца клейкай, лёгка мяняе форму i захоўвае яе пры высыханні. Гэта рабіла яе унікальным матэрыялам для замазкі. Калі пасудзіна з цягам часу зношвалася, яна пакрывалася новым пластом гліны.

А цяпер уявім сабе, што па чыёй-небудзь неахайнасці такое драўляна-глінянае начынне трапіла ў вогнішча. Дрэва згарэла i — о цуд,— пасудзіна не толькі не развалілася, але, наадварот, стала яшчэ мацнейшая, бо гліна абпалілася... Дык чаму ж тады не паспрабаваць зляпіць нейкае змесціва з адной гліны? Паспрабавалі — атрымалася. Дарэчы, апальванне гліняных гаршкоў — першая хімічная рэакцыя, якой авалодаў чалавек.

Вось так, на думку большасці вучоных, i адбылося вынаходніцтва глінянага посуду — аднаго з найвялікшых дасягненняў першабытнага грамадства.

Навык лепкі гаршкоў хутка распаўсюдзіўся па ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Ці бачыў хто-небудзь з вас жанчыну-ганчара? Напэўна, не. А вось у каменным веку ўвесь посуд вырабляўся выключна жанчынай. Аб гэтым мы даведаліся па адбітках пальцаў, якія там-сям захаваліся на гаршках. Як вядома, такія адбіткі ў мужчын i жанчын адрозніваюцца паміж сабой.

Мужчына быў рыбаком, паляўнічым i воінам. Жанчына займалася збіральніцтвам, хатняй гаспадаркай, рыхгавала ежу. Для гэтых заняткаў i неабходны былі зручныя пасудзіны, таму няма нічога дзіўнага, што менавіта жанчына магла быць i вынаходнікам керамікі.