Зімой, калі за акном бываюць халодны вецер i снег, археолаг сядзіць ва ўтульным кабінеце i вывучае здабытае за лета. З асобных чарапкоў склейваюцца гаршкі, якія потым замалёўваюцца i фатаграфуюцца, касцяныя рэчы замацоўваюцца спецыяльнымі растворамі. Пад рукою ў даследчыка ёсць розныя інструменты, павелічальнае шкло, а то i мікраскоп. Непадалёку кніжкі, чарцяжы, палявыя дзённікі.
Раскапаць даўняе паселішча або могільнік — гэта толькі палова справы. Знойдзены матэрыял трэба старанна даследаваць, дакументальна аформіць яго, параўнаць з раней здабытым.
Знойдзеная старадаўняя рэч недасведчанаму чалавеку амаль нічога не гаворыць. Нават вопыгны археолаг адразу не шмат можа расказаць пра новую, дагэтуль невядомую знаходку. У такім выпадку даводзіцца перагледзець шмат матэрыялаў з суседніх тэрыторый, каб уявіць прызначэнне знаходкі, час яе вырабу, зразумець, якому народу гэта рэч належала.
Важнае месца ў археалогіі займае датаванне. Якая карысць з раскапанага, хай сабе i цудоўнага помніка, калі невядома, да якой эпохі ён належыць. Датаванне — справа складаная, але не безнадзейная. Для гэтай мэты існуе з дзесятак розных метадаў.
Пры вызначэнні ўзросту знаходак вельмі дапамагаюць выяўленыя разам з імі старадаўнія рэчы: манеты з выразнымі гадамі ix чаканкі, аздоба, бытавыя прадметы блізкаўсходняга, егіпецкага, грэчаскага i рымскага паходжання, бо, як вядома, антычная храналогія дасканала распрацаваная. Аднак на тэрыторыі Беларусі ўвогуле мала сустракаецца рэчаў са старажытнага Міжземнамор'я, ды i то яны ў сваёй пераважнай колькасці адкопваюцца на помніках больш позняга часу.
Датаванню паселішчаў i знаходак каменнага веку дапамагае параўнанне ix з матэрыяламі суседніх тэрыторый, асабліва больш паўднёвых, храналогія якіх ужо вызначана.
У сучасны момант распрацаваны i шэраг метадаў больш дакладнага датавання з дапамогай розных складаных машын i прыбораў. Так, па знойдзеных вугалях можна вызначыць, калі гарэла вогнішча, па абломках глінянага гаршка — калі ён абпальваўся, па рэштках печкі — калі ў ёй гатавалі страву.
Апрацаваўшы падобным чынам усе здабытыя за лета матэрыялы, археолагі затым робяць на ix падставе розныя цікавыя вывады пра жыццё першабытных людзей.
A ў маі, калі расквітнее зямля, сцяжынкі зноў клічуць у нязведанае, у чароўную краіну Археалогію, дзе кожны прырэчны грудок хавае таямніцу, дзе гісторыя народа запісана не на пажоўклым пергаменце, а на старонках вялікай кніжкі — Зямлі.
Чалавечая гісторыя, як вядома, падзяляецца на пяць перыядаў, якія характарызуюцца ўзроўнем сацыяльнаэканамічнага развіцця грамадства: першабытнаабшчынны, рабаўладальніцкі, феадальны, капіталістычны i сацыялістычны лад. Эпоха, якую вывучаюць археолагі, займае ўвесь перыяд першабытнаабшчыннага, рабаўладальніцкага i частку феадальнага ладу i працягваецца некалькі соцень тысяч гадоў. У сваю чаргу яна мае археалагічную перыядызацыю: каменны, бронзавы i жалезны век. Для некаторых тэрыторый выдзяляецца яшчэ i медны век, які папярэднічаў бронзаваму.
Як сведчаць самі назвы, за аснову перыядызацыі быў узяты матэрыял, з якога вырабляліся прылады працы. гэты падзел не такі ўжо i фармальны, калі ўлічыць, што прылады адлюстроўваюць узровень гаспадарчага развіцця грамадства.
На ўроках гісторыі вы даведаліся, што ў каменным веку прылады вырабляліся з каменю, у бронзавым — з бронзы, хоць i камень яшчэ не выйшаў з ужытку; у жалезным — з жалеза. Дарэчы, жалезны век працягваецца па сённяшні дзень. Хоць мы выкарыстоўваем i электрычнасць i атамную энергію, але без жалеза яшчэ амаль нідзе нельга абысціся.
Каменны век працягваўся каля мільёна гадоў. За такі доўгі час i ў вырабе прылад працы i ў развіцці самога першабытнага грамадства адбываліся значныя змены, таму археолагі каменны век у сваю чаргу падзяляюць на асобныя эпохі: палеаліт, мезаліт i неаліт.
Палеаліт — гэта значыць, старажытны каменны век (з грэчаскай мовы: «палайас» — старажытны, «літас» — камень).
У палеаліце чалавек авалодаў агнём i навучыўся вырабляць прылады працы. На пачатку гэта былі пераважна каменныя ручныя секачы i адшчэпы. Пазней людзі сталі ўжываць крамянёвыя востраканечнікі, скрэблы, вырабы з пласткоў. У канцы эпохі з'явіўся амаль увесь асартымент вырабаў з каменю, костак i рагоў, характэрных для каменнага веку: скрабалкі, разцы, наканечнікі стрэлаў i дзід, праколкі, іголкі, гарпуны i г. д. Пахаладанне клімату ў палеаліце вымусіла старажытнага чалавека будаваць сабе жытло, вынайсці вопратку i абутак. Вынікам развіцця чалавека, як сацыяльнай істоты, з'явіўся пераход ад першабытнастаткавай грамады да родавага ладу. У сярэдзіне эпохі зараджаюцца першыя рэлігійныя вераванні i мастацтва.