Каралі-амулеты рабіліся i з зубоў забітых ворагаў. Гэта як бы забяспечвала пераход сілы пераможанага да пераможцы.
Амулетамі часам былі i цэлыя сківіцы бабра, якія таксама прасвідроўваліся i насіліся на шыі. Для разнастайнасці да караляў падвешваліся розныя касцяныя трубачKi — пранізкі, ракавінкі, прасвідраваныя плоскія костачкі або каменьчыкі.
Шмат радасці бывае ў археолага, калі пры расчыстцы культурнага пласта яму трапляюцца вырабы з бурштыну, падобныя на сонечныя кропелькі. Мабыць, яшчэ больш радаваліся i ганарыліся імі ix даўнія ўладальнікі — жыхары неалітычных паселішчаў сучаснага беларускага Паазер'я.
Але спачатку некалькі слоў увогуле пра бурштын.
Бурштын — выкапнёвая зацвярдзелая смала некаторых хваёвых дрэў. Найбольшыя ў свеце яго залежы сустракаюцца на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы Балтыйскага мора, дзе бурштынаносны пласт «сіняй зямлі» цягнецца на 340 км. У межах СССР ён маёцца ў Калінінградскай вобласці, Літоўскай i Латвійскай саюзных рэспубліках. Марскія хвалі тут паступова размываюць бераг i выкідваюць бурштын на сушу.
Вядома гзта смала i ў Беларусі ў Гродзенскай i Мінскай абласцях, але тут яна залягае на даволі вялікай глыбіні.
Бурштын Балтыйскага мора мае розныя колеры: жоўты, руды, мядова-жоўты, часам амаль белы. У Сіцыліі сустракаецца блакітны, чырвоны або зялёны бурштын, у Румыніі — чорны.
Старажытныя грэкі называлі яго электронам, ад чаго i паходзіць слова «электрычнасць».
Бурштын быў вядомы i нашым продкам. На тэрыторыю Беларусі ён трапляў з Прыбалтыкі. Уверх па Дзвіне i яе прытоках, змагаючыся з хуткім цячэннем, паволі падымаліся лодкі-даўбёнкі з каштоўным мінералам. У Прыбалтыку ўзамен за бурштын везлі крэмень, бо там не было залежаў гэтай каштоўнай сыравіны. Такім чынам адбываўся першабытны абмен.
Былі i іншыя шляхі распаўсюджвання жоўтай смалы. Прадстаўнікі якога-небудзь племені, адпраўляючыся ў госці да суседзяў, бралі з сабой падарункі. A які лепшы падарунак ад кавалачкаў бурштыну! Бурштын, здаралася, трапляўся i сярод рознай здабычы, захопленай у час ваенных сутычак.
У той час плямёны гандлявалі не толькі сыравінай, але i вырабамі з яе. На тэрыторыю сучаснага нашага Паазер'я бурштын трапляў пераважна ў выглядзе гатовых рэчаў. А яны былі самыя разнастайныя: каралі з прасвідраванымі адтулінамі, трубачкі, гузікі, кольцы. Кавалачкі смалы спачатку шліфаваліся на пясчанікавых плітках, чым надавалася ім адпаведная форма. Затым вострымі крамянё вымі прыладамі свідраваліся скразныя адтуліны, Калі аздоба ламалася, яе рамантавалі — свідравалі зноў або рабілі нарэзкі для падвязвання.
Таксама як i каралі з зубоў, бурштынавыя вырабы мелі дваякае значэнне для старажытнага чалавека: яны былі як аздоба i як рэчы, якім надавалася нейкая магічная моц. Дарэчы, яшчэ да нядаўняга часу дзе-нідзе знахары «лячылі» бурштынам розныя хваробы.
Бурштынавыя вырабы пакуль што знойдзены толькі на неалітычных паселішчах беларускага Паазер'я. У іншых раёнах Беларусі яны не трапляюцца археолагам, якія даследуюць гэтую эпоху. I гэта няцяжка вытлумачыць. Нашу поўнач, як i паўднёва-ўсходнюю Прыбалтыку, калісьці засялялі плямёны адной культуры, гэта значыць, яны былі паміж сабой крэўныя. I менавіта на гэтай тэрыторыі ў вялікай колькасці распаўсюджваўся бурштын. Басейны Нёмана, Дняпра i Прыпяці засялялі іншыя плямёны, з якімі паазерцы, трэба меркаваць, часам знаходзіліся ў не зусім мірных адносінах. Таму апошнія стараліся, каб сонечная смала не трапляла да «чужых», бо інакш «чароўнымі» якасцямі бурштыну маглі авалодаць ix патэнцыяльныя ворагі.
У пачатку II тысячагоддзя да н. э., калі тэрыторыі Прыбалтыкі i сучаснай Беларусі ў значнай ступені былі аб'яднаны распаўсюджаннем плямёнаў эпохі бронзы, бурштынавыя вырабы траплялі на ўсе землі, якія цяпер уваходзяць у склад нашай рэспублікі.
Нашым неалітычным продкам былі вядомы i некаторыя музычныя інструменты. На стаянках Крывінскага тарфяніку былі знойдзены кавалкі птушыных трубчастых костак з прасвідраванымі адтулінамі. Гэта былі рэшткі нейкіх духавых інструментаў, падобных да сучаснай беларускай жалейкі,
Бадай, самымі старадаўнімі музычнымі інетрументамі з'яўляюцца ўдарныя. Ужо на світанку чалавечай гісторыі ўдарамі палкі аб палку адбіваліся рытмы нашых першых танцаў. Удары па дуплістаму дрэву былі больш гучныя i разнастайныя па тэмбру. З цягам часу сталі спецыяльна выдзёўбваць кавалкі камля i нават абцягваць ix скурай, якая ўтварала мембрану. Так узнік бубен. Няма сумненняў, што бубен у каменным веку, i асабліва ў меаліцс, быў вядомы ўсім плямёнам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Без яго, мабыць, не абыходзілася ні адно свята, ні адна важная падзея.