Выбрать главу

Кожнае племя, ды напэўна i кожная вёсачка, мела свайго чараўніка. А як сведчыць этнаграфія — які ж гэта чараўнік без бубна?!

Шкада, што драўляныя неалітычныя бубны не захаваліся да нашых дзён. Але ці толькі з дрэва яны рабіліся? На тэрыторыі сучаснай Польшчы на помніках неалітычных культур лейкападобных кубкаў i шарападобных амфар сустракаюцца бубны... гліняныя. Такія ж інструменты былі i на тэрыторыі сучаснай Украіны. Плямёны з шарападобнымі амфарамі i лейкападобнымі кубкамі пранікалі i на захад сучаснай Беларусі. Значыць, вельмі верагодна, што гліняныя бубны маглі быць у нашых далёкіх продкаў. Але яны археолагамі пакуль што яшчэ не знойдзены.

Гліняныя бубны на тэрыторыі Польшчы мелі форму своеасаблівага келіха без дна з тоўстай ножкай. Памеры ix невялікія — да 20 см вышынёй. Звычайна на верхняй, большай частцы інструмента меліся налепленыя гліняныя гузы або вушкі, да якіх прывязвалася туга нацягнутая скураная мембрана.

Вядомы беларускі археолаг К. М. Палікарповіч, раскопваючы ў 1935 годзе палеалітычную стаянку ля вёскі Елісеевічы, што на суседняй з БССР Браншчыне, знайшоў статуэтку жанчыны — найстаражытнейшую выяву чалавека на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя. Такія знаходкі, хоць з’явы і вельмі рэдкія, але не адзінкавыя для верхнепалеалітычнага часу (40 000-11 000 гадоў таму назад). Яны ўжо сустракаліся i ў СССР i ў іншых краінах свету. Але калі большасць экземпляраў адзначалася вялікім скажэннем прапорцый, знаходка з Елісеевіч звяртае на сябе ўвагу сваёй стрыманасцю. Можна сказаць, што манера выканання гэтай статуэткі нагадвае сабой стыль, распаўсюджаны ў сучасным мастацтве, якое імкнецца найперш адлюстроўваць унутраны змест рэчы, падпарадкоўваючы гэтай задачы форму.

У новым каменным веку з распаўсюджаннем жывёлагадоўлі i земляробства ў жыцці першабытнага грамадства ўзрастае значэнне мужчыны. Яго вобраз займае ўсё больш месца ў міфалогіі i рэлігіі першабытнага чалавека. У сувязі з гэтым з'яўляюцца i яго выявы.

Найстаражытнейшая на тэрыторыі сучаснай Беларусі статуэтка мужчыны была знойдзена ў 1966 годзе ўсё на тым жа ўжо вядомым нам тарфяніку ля Асаўца. Выява, выразаная з цвёрдага лістоўнага дрэва, мае даўжыню дзевяць з паловай сантыметраў. Ніжняя частка яе абламаная. Фігурка ўвасабляе сабой рэалістычны вобраз чалавека з выразнымі i нават рэзкімі рысамі твару. Глыбокія вачніцы i апушчаныя куточкі вуснаў надаюць ёй суровы выгляд. Краі надброўяў закругленыя, пераноссе выяўлена слаба, нос прамы i некалькі сплюшчаны. Відаць, што кончык быў адбіты яшчэ ў старажытнасці. Рэльефна выступаючая ўперад ніжняя часткя твару, магчыма, сімвалізуе вусы i бараду. Добра выдзеленая шыя патаўшчаецца да схематычна выразанага корпуса. Рукі адсутнічаюць.

Нельга думаць, што старажытны мастак стварыў партрэтнае падабенства асобы. Гэта хутчэй за ўсё вобраз міфічнага героя або духа, у якім у абагульненай форме выявіліся найбольш характэрныя рысы супляменнікаў скульптара — суровых воінаў i паляўнічых.

Паселішча Асавец вельмі багатае на знаходкі. У раекопкавы сезон 1972 года ў першы ж дзень працы на гэтым помніку нам натрапілася выразаная з рога адламаная чалавечая нага. Яна была так дасканала зробленая i мела такую «жаноцкасць» абрысаў, што члены экспедыцыі напаўжартам ахрысцілі знаходку «ножкай Венеры Асавецкай». Шкада толькі, што астатняя частка статуэткі ие знайшлася. I вось літаральна назаўтра ў той жа раскопцы была знойдзена цудоўная галоўка ад статуэткі... мужчыны. Па дасканаласці выканання i характэрнасці вобраза нялёгка знайсці аналогіі гэтай рэчы ва ўсёй Усходняй Еўропе. Галоўка мела шэра-рудаваты колер i была выразана з рога. Яна ўвасабляе сабой выяву чалавека з высокім ілбом i выцягнутым авальным тварам, вострай бародкай. У глыбокіх вачніцах пазначаны вочы — прасвідраваныя конусападобныя ямкі. Амаль плоскія шчокі сыходзяцца на прамым носе. Пераноссе выяўлена слаба. Злёгку пазначаны вусны, але сам рот выразна акрэслены гарызантальна прарэзаным паглыбленнем. Наогул, рысы твару правільныя, калі не лічыць караткаватай верхняй вусны.

Галоўка яшчэ ў старажытнасці была адламаная ад тулава, але захавалася шыя, у верхняй частцы якой маецца прасвідраваная адтуліна, з дапамогай якой статуэтка, трэба меркаваць, падвешвалася. Даўжыня знаходкі 4,2 см.

Пры параўнанні абедзвюх галовак з Асаўца відаць падабенства манеры ix выканання. Гэта быў, так сказаць, адзін i той жа стыль.