Выбрать главу

Але як жа адрозніваюцца самі вобразы!

Знаходка 1972 года ўяўляе сабой мужчыну ў росквіце год, які пільна ўглядаецца ў вас i быццам бы пытае: «А хто ты, мой далёкі нашчадак, як жывеш, што цябе турбуе? Ці хапае дзічыны ў лесе i рыбы ў возеры? Ці не крыўдзяць цябе суседзі?»

Каля паўночна-ўсходняй мяжы Віцебшчыны на тарфяніку непадалёку ад Усвят ленінградскім археолагам A. M. Мікляевым была знойдзена яшчэ адна рагавая скульптурка даўжынёй 9,З см.

Гэта была выява мужчыны з вялікай галавой, на якой выдзяляліся ў выглядзе паглыбленняў вочы, нос i адкрыты рот. Вушы былі адзначаны бугаркамі з невялікімі копачкамі ў ix. На корпусе меліся выразаныя рукі, прыціснутыя кісцямі да сцёгнаў. Яшчэ ў старажытнасці адна нага была поўнасцю знішчаная, а другая часткова пашкоджаная. Нягледзячы на вялікую колькасць дэталей, па майстэрству выканання скульптурка з Усвяччыны ўсё ж уступав асавецкай знаходцы.

У археалагічнай калекцыі з Асаўца маецца яшчэ адно сведчанне таго, што вобраз чалавека ў старажытнейшым выяўленчым мастацтве нашай Зямлі займаў немалое месца. У тым жа 1972 годзе тут былі знойдзены абломкі добра прафіляванага глінянага гаршка, аздобленага на шыйцы гарызантальнымі адбіткамі перавітага шнура. Хоць гэтыя рысы i дазваляюць датаваць знаходку ўжо наступнай эпохай — бронзавым векам, але не ў ix асноўная цікавасць. Ніжэй арнаментаванай шыйкі на пукатым брушку кароткімі адбіткамі таго ж перавітага шнура былі выгравіраваныя дзве чалавечыя постаці. Адна з ix захавалася амаль поўнасцю, ад другой засталіся толькі галава i рука.

Гравіроўкі вельмі схематычныя, але нягледзячы на гэта, яны ўдала паказваюць формы чалавечага цела: галава, шырокія плечы, сагнутыя ў локцях рукі, торс перададзены адной лініяй. Мяркуючы па некаторых дэталях, старажытны выканаўца хацеў паказаць на гэтым гаршку фігуры мужчын.

Гаршчок з фігурамі, безумоўна, выходзіць за храналагічныя рамкі нашай кніжкі, але звесткі аб ім важна ведаць чытачу ў сувязі з іншым матэрыялам, a менавіта, ca знаходкай з Ліцвіна.

Пры раскопках неалітычнага паселішча Ліцвін ля мястэчкі Юравічы Калінкавіцкага раёна натрапілася некалькі даволі дробных чарапкоў ад верхняга краю глінянага гаршка. Чарапкі былі звычайныя, тут ix знаходзілі сотнямі — гафрыраваны брыж, шэраг глыбокіх круглых копачак. Але арнамент меў не строгі геаметрычны ўзор, а складаную кампазіцыю, утвораную неглыбокімі наколкамі.

Кавалкі склеілі i бязладныя на першы погляд лініі ўтварылі цэлы малюнак. З правага боку на ім выразна значыліся (чалавечая фігура была акрэслена толькі некалькімі лініямі) рукі, ногі, корпус, галава. Злева на малюнку i ўжо з дапамогай некалькіх ліній наколак віднелася птушка, хутчэй за ўсё традыцыйная ў неалітычных вераваннях i мастацтве качка.

Малюнак выключна лаканічны: ніводнай лішняй дэталі, разам з тым кожная лінія падкрэслівае характэрныя асаблівасці «дзеючых асоб».

Як вядома, у старажытным мастацтве не было партрэтнасці, яно звычайна не давала ілюстрацый да эмпірычных, выпадковых падзей, i таму індывідуальныя вобразы замяняліся абагульненымі, абстрагаванымі формамі, асабліва калі гэта датычыла міфалогіі.

Так, на знаходцы з Юравіч, бясспрэчна, раскрыты нейкі міфалагічны сюжэт, які, пэўна, перадаваўся з пакалення ў пакаленне, быў вядомы ўсім, таму i хапала тых дэталей, якімі карыстаўся мастак.

На першы погляд, для малюнка птушкі можна было скарыстаць i менш ліній. Але выканаўца, відаць, хацеў падкрэсліць раўназначнасць «персанажаў» міфа — чароўнай птушкі i нейкага легендарнага героя; акрамя таго, у такім выкананні малюнак набывае большую кампазіцыйную выразнасць.

Параўнанне знаходак з Асаўца i Ліцвіна паказвае здзіўляючае падабенства стылю ix выканання. Гэта яскрава сведчыць аб тым, што традыцыі неалітычнага выяўленчага мастацтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі працягвалі развівацца i ў наступную эпоху.

Сярод матэрыялаў з неалітычных паселішчаў Беларусі сустракаюцца выявы звяроў i птушак. Напрыклад, з Асаўца вядома рагавая статуэтка лася. Жывёліна паказана ў напружанай позе, гатовая да скачка. Форма яе рэалістычная, праўда, галава пазначана толькі невялікім выступам. Але f гэта абумовілася характерам матэрыялу, з якога была змайстравана выява.

На Крывінскім тарфяніку знойдзена некалькі фігурак птушак, выразаных з расшчапаных вепруковых іклаў. Хоць абрысы выяў даволі прыблізныя, але ўважліва прыгледзішся — i вось быццам чапля, застыглая на балотнай купіне, а другая фігурка падобная на качку, што падрыхтавалася да ўзлёту. У асавецкай калекцыі маецца абломак галоўкі больш дасканалай статуэткі, выразанай з рога. Дарэчы, на неалітычных помніках сустракаюцца выявы звяроў i птушак, змайстраваныя з крэменю. Зразумела, крэмень не той матэрыял, з якога легка рабіць скульптуркі, таму яны вельмі прыблізныя.