Пад час раскопак Крывінскага паселішча натрапіўся абломак гаршка, на якім двайным шэрагам дробных наколак была выгравіравана качка. Улічваючы знаходку з Ліцвіна, пра якую гаварылася вышэй, гэта другая падобная гравіроўка, знойдзеная на тэрыторыі нашай рэспублікі. А вось на гаршку з усвяцкага неалітычнага паселішча бачна выгравіраваная складаная арнаментальная кампазіцыя са змеямі.
Сярод рэчаў, якія маюць мастацкую каштоўнасць, варта ўспомніць прыгожыя фігурныя накладкі, касцяныя плоскія кольцы i розныя пласткі з зубчастымі краямі.Усё гэта — знаходкі з Крывінскага тарфяніка.
Пры разглядзе керамікі мы ўжо пісалі пра арнаменты. I сапраўды, з усіх знаходак каменнага веку менавіта на гаршках сустракаюцца найбольш насычаныя i складаныя рэльефныя ўзоры. Праўда, зрэдку арнамент бывае i на вырабах з рога i костак. На стаянцы ля вёскі Зацэнне Лагойскага раёна знойдзена паламаная рагавая матыка з папярэчнымі нарэзкамі i касцяны наканечнік стралы з больш складаным зігзагападобным узорам. Вядомы розныя наразныя арнаменты i на падобных вырабах з Паазер'я i з басейна Віліі.
Арнаментамі аздаблялі рэчы. Адначасова арнаментам надавалася i магічнае значэнне, сэнс якога пакуль што не ўдаецца расшыфраваць. Можна толькі сказаць, што крэўныя трупы плямён мелі падобныя арнаменты, што з'яўлялася адной з важнейшых знешніх адзнак ix культуры (у археалагічным разуменні гэтага тэрміну).
Старажытнейшае грамадства на тэрыторыі сучаснай Беларусі, як i на іншых землях, у познім палеаліце, мезаліце i неаліце развівалася ва ўмовах першабытнаабшчыннага ладу, аснову якога складала агульная ўласнасць на сродкі вытворчасці i на прадукты працы, Формай арганізацыі людзей гэтага часу з'яўляліся мацярынскія роды, якія ўжо ў мезаліце гіачалі аб'ядноўвацца ў плямёны.
Члены роду сумесна палявалі, лавілі рыбу, займаліся збіральніцтвам, a ў познім неаліце — жывёлагадоўляй i земляробствам, будавалі жытлы i лодкі. Калектыўная праца параджала i калектыўную ўласнасць на сродкі вытворчасці i яе прадукты. Здабытае працай пароўну дзялілася між усімі членамі родавай абшчыны. Лясы, рэкі i азёры, палі i статкі жывёлы знаходзіліся ў агульным карыстанні. Уласнасцю паасобных людзей маглі лічыцца толькі некаторыя прылады працы, зброя, вопратка, аздоба. Усё гэта сведчыць аб тым, што ў першабытным грамадстве не было маёмаснай няроўнасці, не было падзелу на антаганістычныя класы i эксплуатацыі чалавека чалавекам.
У эпоху каменнага веку жанчына ў родзе займала раўнапраўнае становішча з мужчынам. Яна вяла хатнюю гаспадарку, гадавала дзяцей, вырошчвала культурныя расліны, памагала мужчыне ў паляванні i рыбацтве, вырабляла посуд, займалася збіральніцтвам. У той час сваяцтва лічылася па мацярынскай лініі. Па гэтай прычыне жанчына выступала i як своеасаблівая аб'ядноўваючая сіла. Большасць вучоных лічаць, што ў неаліце, як i ў папярэдні час, існаваў матрыярхат — гэта значыць, мацярынска-родавы лад.
У канцы каменнага веку з далейшым развіццём жывёлагадоўлі, з паступовым пераходам ад матыкавага да ворыўнага земляробства ўсё большае значэнне пачынае набываць мужчынская праца, а яго роля ў жыцці роду значна павялічваецца. I як вынік усяго гэтага, пачынае фармавацца бацькаўскі род, гэта значыць, матрыярхат паступова замяняецца патрыярхатам, хоць некаторыя перажыткі першага праіснавалі ажно да сярэдневякоўя i нават да больш позняга часу.
Пазнаючы навакольны свет, першабытны чалавек на кожным кроку сутыкаўся з мноствам з'яў прыроды. Ён не ведаў, што такое сонца i зоркі, чаму ноч змяняе дзень i наадварот, чаму растуць дрэвы, нараджаецца i памірае чалавек. У той жа час само існаванне нашага далёкага продка залежала ад сіл прыроды—сонца давала цяпло, лес i вада — ежу, паводка затапляла паселішча, агонь грэў i паліў, маланка забівала. Страх i бяссілле перад сіламі прыроды, якімі чалавек яшчэ не мог кіраваць, з аднаго боку, імкненне неяк вытлумачыць навакольны свет, з другога, прывялі да ўзнікнення рэлігійных вераванняў — скажонага, ненавуковага ўспрыняцця рэчаіснасці.
Сляды зараджэння рэлігійных уяўленняў першабытнага чалавека губляюцца дзесьці ў прыцемках яго першапачатковай гісторыі, але ў новым каменным веку яны ўжо сталі складанай сістэмай вераванняў у розныя звышнатуральныя сілы, якія быццам бы рабілі ўплыў на існаванне нашага далёкага продка i навакольны свет. Гэтыя звышнатуральныя сілы, меркаваў тады чалавек, можна было ўміласцівіць падарункамі i рознымі рытуальнымі абрадамі, а можна было i ўгнявіць...