Выбрать главу

У 1960 годзе ў Афрыцы былі знойдзены рэшткі істоты, якая, мяркуючы па яе костках, перайшла да простастаячай хадзьбы i мела адносна вялікі аб'ём мозгу. Разам з косткамі былі знойдзены i абабітыя камяні — першыя несумненныя прылады працы! Вучоныя назвалі гэту істоту Homo habilis — чалавек умелы. Менавіта ён i быў ля калыскі чалавецтва. З часу яго існавання,— а гэта амаль 1000 000 гадоў таму назад,— i пачынаецца ўласна чалавечая гісторыя.

Больш як праз мільён гадоў «чалавека ўмелага» змянілі так званыя архантрапы — архаічныя людзі (пітэкантрапы, сінантрапы i інш.). У ix развіваецца ўсё больш устойлівая простастаячая хадзьба, аб'ём мозгу павялічыўся з 900 да 1200 кубічных сантыметраў.

Архантрапы жылі ў пячорах, выраблялі каменныя прылады працы, вялі калектыўнае паляванне, умелі карыстацца агнём, навучыліся членараздельна размаўляць.

К гэтаму часу чалавек ужо засяліў большую частку Афрыкі, поўдзень Азіі i Еўропы.

У сярэднім палеаліце, каля 100 тысяч гадоў таму назад, з'явіліся неандэртальцы — непасрэдныя папярэднікі сучаснага чалавека. Назва «неандэртальскі чалавек» паходзіць па месцы першай знаходкі ў даліне Неандэрталь, паблізу Дзюсельдорфа, у Германіі, у 1856 годзе.

Неандэртальцы былі сярэдняга росту, сутулыя, але вельм! дужыя. У будове ix чэрапа яшчэ захавалася шмат рысаў ад малпы. Яны былі нізкімі, з пакатымі лбамі, масіўныя надбооўі выступалі ўперад. Хоць мозг неандэртальца па аб'ёму i набліжаўся да мозга сучаснага чалавека, але яго лобныя долі, у якіх размешчаны цэнтр мыслення i тармажэння, былі развітыя слаба.

Чалавек сярэдняга палеаліту ўжо вырабляў з каменю i костак некалькі дзесяткаў тыпаў прылад працы, умеў здабываць агонь i будаваць жыллё, меў некаторыя рэлігійныя ўяўленні.

Неандэртальцы рассяліліся на значных прасторах Еўропы, Азіі i Афрыкі. У СССР вядомы знаходкі гэтых выкапнёвых людзей у Крыму i Узбекістане, а ix паселішчы — на тэрыторыях паўночнай Украіны, Браншчыны, Паволжа.

У познім палеаліце, які пачаўся каля 40 тысячагоддзяў таму назад, з'явіўся чалавек сучасны або Homo sapiens — чалавек разумны. У гэты ж перыяд адбываецца пераход ад першабытнага чалавечага статка да родавай абшчыны.

Адкрыццё стаянак позняга палеаліту ў Беларусі звязана з імем вядомага даследчыка К. М. Палікарповіча.

У 1926 годзе ён быў яшчэ маладым i мала вядомым археолагам, але за яго плячыма ўжо меўся не адзін дзесятак кіламетраў, пройдзеных па берагах прытокаў Дняпра. Там ён адкрыў шмат розначасовых помнікаў. У жніўні таго ж года, у час аднаго з такіх падарожжаў, на высокім беразе Сожа за два кіламетры ад Бердыжа Чачэрскага раёна Канстанцін Міхайлавіч знайшоў абломак зуба маманта, a ў верасні дапытлівы вучоны правёў тут невялікія раскопкі, дзе на глыбіні 4-х метраў яму ўдалося выявіць культурны пласт старажытнага паселішча з крамянёвымі прыладамі працы i косткамі жывёл.

Бердыжская стаянка даследавалася найбольш грунтоўна з усіх палеалітычных помнікаў Беларусі. Амаль на працягу дзесяці раскопачных сезонаў тут было даследавана каля трохсот квадратных метраў.

Асаблівую цікавасць гэты помнік уяўляе сваімі жытламі. Першае з ix было знойдзена яшчз ў раскопе 1927 года. Яно было авальнае ў плане i адносна невялікае — чатыры з паловай метры ў даўжыню. Яго сцены ўнізе былі ўмацаваныя буйнымі косткамі маманта: чарапамі, лапаткамі, тазавымі i трубчастымі косткамі. Падлога крыху заглыблялася ў зямлю. Навокал збудавання прасочваліся рэшткі агнішчаў.

Жытло, раскапанае ў наступных гадах, было таксама авальнае i поўзямлянкавае, але дасягала ў даўжыню 11 м. Сцены знізу таксама былі ўмацаваны косткамі маманта, але агнішча на гэты раз знаходзілася ўнутры збудавання, a таўшчыня пласта вугалю ў ім была больш як паўметра.

У агнішчах як бердыжскай, так i іншых познепалеалітычных стаянак Беларусі археолагі знайшлі шмат вугалю ад спаленых костак. I нічога тут дзіўнага няма, бо лясоў у прыледавіковай зоне было мала i таму даводзілася дровы замяняць косткамі.

Збоку ад жытла на бердыжскай стаянцы размяшчаліся гаспадарчыя ямы, у якіх, відавочна, захоўваліся запасы мяса. I зразумела, чаму гэтыя кладоўкі не выкопваліся ў саміх збудаваннях. Там было цёпла i мяса хутка псавалася б, a ў схованках за жытлом, выкапаных у вечнай мерзлаце, яно ляжала, нібы ў своеасаблівым халадзільніку.