Выбрать главу

Археолагі мяркуюць, што палеалітычныя жытлы накрываліся шкурамі мамантаў, якія падтрымліваліся «жэрдкамі» са звязаных рэбраў гэтых жывёл. Вы можаце здзіўлена запытаць: адкуль гэта археолагі даведаліся пра такія падрабязнасці? Але ўявіце самі сабе, што вы апынуліся на раскопе, на нашым месцы. Ужо расчышчаны нажамі i падмецены пэндзлямі — парушынкі нідзе няма — авал жытла, па краях якога захавалася сценка з костак маманта вышынёй ледзь не да метра. Унутры ж жыллёвага авала буйных костак, якімі мацавалася сценка, няма. Затое тут мноства рэбраў. Дык для чаго ж такія рэбры маглі спатрэбіцца, калі навокал ні аднаго добрага дрэўца, каб высекчы жэрдку?.. А для таго, каб трывалей стаяла жыллё, каб не абвальвалася яго «страха».

Вядома, найбольш мяса бердыжцы мелі ад упаляваных мамантаў, але, мяркуючы па знойдзеных костках, жыхары гэтай мясцовасці палявалі i на дзікіх коней, быкоў, бурых мядзведзяў, аленяў, ваўкоў, суслікаў, пясцоў.

Адзін знойдзены на паселішчы зуб маманта прадатавалі радыёвугляродным метадам. Аказалася, што гэты зуб праляжаў у зямлі 2З 430 гадоў. Вось прыблізна столькі гадоў назад i існавала Бердыжскае паселішча.

Наступная цікавая палеалітычная стаянка была выяўлена крыху пазней.

Гарачым ліпенем 1929 года К. М. Палікарповіч разам з беларускім археолагам А. Дз. Каваленяй шукаў па берагах Прыпяці стаянкі каменнага i бронзавага вякоў. Шлях уздоўж паўнаводнай палескай ракі прывёў ix у мястэчка Юравічы Калінкавіцкага раёна. У мястэчку археолагі сустрэлі мясцовага настаўніка Ю. Ю. Попела, які паказаў ім костку маманта, знойдзеную на стромкім схіле недалёкага яру.

Археолагі ў той жа дзень узяліся за рыдлёўкі. У шурфе натрапілася мноства патрушчаных костак. А вось расшчапаных чалавекам крэменяў, якія б сведчылі, што тут старажытнае паселішча, не было. Але надзея не пакінула даследчыкаў, i яны пачалі ўважліва аглядаць бліжэйшыя схілы яру i непадалёку ад шурфа сустрэлі цэлы пласт выкапнёвых костак, які выходзіў на паверхню. Зноў узяліся за рыдлёўкі i на вузкай расчышчанай пляцоўцы ўздоўж схілу ім адкрыліся рэшткі некалькіх маладых мамантаў, а сярод ix ляжалі i крамянёвыя прылады працы.

Прайшло лета. У верасні ў Юравічах зноў з'явіўся Канстанцін Міхайлавіч i пачаў грунтоўныя раскопкі новага помніка. Потым стаянка яшчэ даследавалася ў 1931, 1959 i 1960 гадах.

Раскопкі далі даволі шмат цікавых матэрыялаў. Былі ўскрыты рэшткі жыллёвага збудавання з умацаванымі каменнем падставамі сцен. Тут жа знаходзіліся агнішчы, абкладзеныя валунамі розных памераў i пясчанікавымі пліткамі, на якіх, напэўна, было зручна падсмажваць рыбу i мяса. A ў вогнішчах знаходзілася мноства касцянога вугалю — i тут косткі былі асноўным палівам.

Знойдзеныя на гэтым помніку крамянёвыя прылады працы былі падобныя да матэрыялаў з іншых познепалеалітычных стаянак. Сярод знаходак асаблівую ўвагу звярталі на сябе пласткі з крута рэтушаваным краем i масіўная апрацаваная пласціна, якая магла выкарыстоўвацца i як наканечнік дзіды i як нож.

Сярод касцяных вырабаў сустрэты зламаная землекапалка i фрагмент прылады, арнаментаваны прадрапанымі шасцівугольнікамі i лукаткамі.

Узрост Юравіцкай стаянкі таксама быў вызначаны па зубу маманта — 26 470 гадоў таму назад.

Яшчэ да самага нядаўняга часу пра сярэдні каменны век можна было сказаць вельмі мала.

Знаходкі неалітычнага часу на Беларусі вядомы з XIX стагоддзя. Першыя палеалітычныя стаянкі былі адкрыты ў 20-х гадах бягучага стагоддзя. А што можна сказаць пра мезалітычныя? Зрэдку на пясчаных дзюнах непадалёку ад рачных берагоў знаходзілі крамянёвыя прылады з гэтай эпохі. Вось, бадай, i ўсё. Сярод некаторых вучоных нават усталявалася думка, што мезалітычнае насельніцтва з'яўлялася вельмі рухавым i ўслед за дзічынай часта перамяшчалася з месца на месца. Таму, маўляў, i не захавалася слядоў яго больш-менш доўгачасовых паселішчаў.

Але, калі ўдумацца, дык хочацца сказаць: навошта былі тыя частыя вандраванні! Гэта ж не ў тундры, дзе паўночныя алені ў пошуках корму ў розныя поры года перамяшчаюцца на сотні кіламетраў. Нашы ж продкі i 7 тысячагоддзяў таму назад палявалі ў навакольных лясах на ласёў, высакародных аленяў, тураў, зуброў, дзікоў, зайцоў i на іншую «аседлую» дзічыну. Ці ж патрэбны былі ў такім выпадку самім паляўнічым гэтыя вандраванні?

Не, мабыць, асноўнай прычынай малой даследаванасці мезаліту з'яўлялася тое, што вучоныя спачатку мала звярталі ўвагі на яго вывучэнне. Бо знаходкі былі сціплыя — крэменьчыкі i толькі. Гэта ж не палеалітычная стаянка — там мноства костак маманта, часам цэлыя нагрувашчванні. Такое ўражвае. На неалітычных паселішчах рэштак маманта, безумоўна, няма, але затое там шмат арнаментаванага посуду.