Выбрать главу

А на мезалітычных стаянках, што сустракаліся археолагам, ні костак, ні керамікі не было. Тлумачыцца гэта тым, што культурныя пласты эпохі мезаліту звычайна залягаюць на пясках, дзе ўсе арганічныя рэчывы даўно знішчыліся, a гаршкоў тады яшчэ не ляпілі.

Толькі ў самы апошні час даследчыкі грунтоўна заняліся мезалітам, бо трэба было шукаць вытокі пазнейшых археалагічных культур. I адкрыцці не прымусілі сябе доўга чакаць. Было знойдзена шмат мясцін, дзе працяглы час жылі людзі сярэдняга каменнага веку, дзе захаваліся культурныя пласты i дзе цяпер сустракаецца мноства крамянёвых вырабаў, характэрных для гэтага часу,— наканечнікаў стрэлаў i дзідаў, дробных мікралітычных вырабаў, скрабалак, разцоў i г. д.

Бадай-што адна з багацейшых на Беларусі мезалітычнымі знаходкамі мясцін знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці на правым беразе Нёмана паміж вёскамі Збляны i Беліца Лідскага раёна. Ваколіцы Зблян упершыню да следаваў настаўнік мясцовай школы Ф. Ф. Барташэвіч, а каля Беліцы працаваў акадэмік Г. I. Гарэцкі.

...Праходзіш паміж гэтымі вёскамі па краі высокай надрэчнай тэрасы i ледзь не на кожным кроку сустракаеш апрацаваныя чалавекам крэмені — яго прылады працы. I гэта на ўчастку даўжынёй каля трох кіламетраў!

А пасярод гэтай вялікай тэрыторыі тэрасу пераразае яр з аплыўшымі схіламі. Мясцовы яр — сучаснік людзей, што жылі тут больш як шэсць тысяч гадоў таму назад. Толькі тады ён быў «малады», дажджавая вада падмывала яго стромкія берагі i мутная збягала ў недалёкі Неман. Паступова Неман адступіў ад берага i паглыбіў сваё рэчышча. I нарэшце так выйшла, што вада аказалася далека ад паселішча. Жыць тутэйшаму насельніцтву стала нязручна, i яно перасялілася ў іншыя мясціны. Але гэта адбылося ўжо ў пачатку неаліту.

Мноства каменных прылад наводзіць на думку, што знаходак тут было б значна болей, каб захаваліся вырабы з костак, рагоў i дрэва. Шкада, што вялікая колькасць рэчаў нашых продкаў згніла, рассыпалася ў пыл, загінула беззваротна.

Але бываюць выпадкі, калі ў рукі археолагу трапляюцца не толькі каменныя вырабы.

Не даязджаючы да Смаргоні кіламетраў шэсць па шашы Мінск — Вільнюс, непадалёку ад вёскі Міхневічы, на левабярэжным поплаве Віліі размешчаны кар'ер. Цяпер яго правільней было б назваць штучным возерам, бо плошча выпрацоўкі дасягае некалькіх квадратных кіламетраў, a глыбіня болей чым 10 м. Кар'ер злучаны з Віліяй вузкай пратокай і, адпаведна, поўны вады, у якой развялося безліч рыбы. Ажно з самога Мінска сюды прыязджаюць рыбакі. Сядзяць яны на беразе і, калі пашанцуе, ловяць рыбу. А пасярод кар'ера-возера плаваюць спецыяльныя ўстаноўкі, што здабываюць жвір i пясок для патрэб мясцовага завода будаўнічых матэрыялаў. Сядзяць на беразе рыбакі i не ведаюць, што гэтыя ўстаноўкі час ад часу разам са жвірам «вывуджваюць» нешта каштоўнейшае, чым якія там плоткі або шчупакі.

Вілія тысячагоддзямі адкладала пясок i жвір на поплаве, ды i цяпер нямала наносіць ix паводкамі. ! таму ў намытым землясмокамі матэрыяле сустракаюцца старыя галёшы, кавалкі дроту, іржавыя гранаты часоў першай сусветнай вайны. Але для даследчыкаў старажытнасці маюць цікавасць іншыя знаходкі з кар'ера — каменныя сякеры бронзавага веку, косткі даўно вымершых жывёлін i... вырабы з pora i костак, што датуюцца мезалітам.

Самыя прыгожыя са знаходак — сякеры, змайстраваныя з рога высакароднага аленя. Яны маюць доўгі абушок i вузкае завостранае з аднаго боку лязо. У прыладах прасвідраваны або прадзяўбаны адтуліны для замацавання рукаятак. Карацейшыя сякеры адтуліны не маюць. Яны, як i некаторыя цяслы i матыкі, замацоўваліся ў рукаятцы з дапамогай муфтаў. Сустрэта сярод знаходак i адна такая муфта.

Шмат якія рогі i косткі маюць сляды апрацоўкі ў выглядзе розных нарэзак i насечак. Некаторыя знаходкі моцна адпаліраваныя. Яны, магчыма, ужываліся як землякопныя прылады.

Большасць рагоў i костак з кар'ера захавалася. Так, відаць, атрымалася таму, што рэчы пасля ix вырабу ў хуткім часе былі засыпаны тоўстым пластом зямлі, дзе адсутнічалі ўмовы для гніення. А магло быць i інакш.

Адказаць на гэта пытанне нам дапамог высокі ўзгорак, які часткова захаваўся ў выглядзе тэрасы на краі кар'ера. На яго паверхні сустрэліся апрацаваныя крэмені мезалітычнага часу, што сведчылі аб наяўнасці тут у старажытнасці чалавечай стаянкі.

I мабыць усё было так...

Нейкіх 8 тысячагоддзяў таму назад гэты ўзгорак быў большы, а можа ўвогуле тут да самай ракі падыходзіў клін высокай тэрасы, i толькі пазней плынь адрэзала яго, ператварыўшы ў востраў пасярод балоцістага поплаву. I вось на краі гэтага ўзгорка размяшчалася стаянка мезалітычных паляўнічых, рыбакоў i збіральнікаў — некалькі шалашападобных пабудоў, накрытых шкурамі або трыснягом. У кожную паводку з Смаргонрака падмывала бераг i частка яго абрушвалася ў ваду разам з тым, што на ім знаходзілася — дрэвамі, рэшткамі пабудоў, вогнішчаў. Часам напор вады быў такі імклівы, што жыхарам у паніцы даводзілася ўцякаць на больш бяспечную мясціну, не паспеўшы захапіць з сабой прылады працы i рэчы хатняга ўжытку.