Выбрать главу

Вось такім чынам гэтыя ўсе сякеры, матыкі, цяслы, востраканечнікі, муфты i да т. п. апынуліся на дне ракі, а затым былі замытыя яе адкладамі.

У палеаліце стала быў заселены толькі поўдзень i паўднёвы усход сучаснай тэрыторыі рэспублікі. У басейны Нёмана i Дзвіны чалавек у гэты час толькі пачынаў пранікаць, ды i то ў самым канцы эпохі. У мезаліце ж тэрыторыя цяперашняй Беларусі ўжо поўнасцю была асвоена нашымі продкамі. Помнікі сярэдняга каменнага веку сустракаюцца не толькі на Дняпры, Прыпяці, Дзвіне i Немане, але i на берагах невялікіх прытокаў i азёраў.

У пачатку мезаліту ўсю заходнюю тэрыторыю сучаснай Беларусі засялялі плямёны так званай свідэрскай культуры, якія яшчэ ў самым канцы папярэдняй эпохі праніклі сюды з тэрыторыі сучаснай Польшчы. Уплывы «свідэрцаў» распаўсюджваліся i на астатнюю частку Беларуси Іх прыладамі з'яўляліся лістападобныя наканечнікі стрэлаў з рэтушаваным чаранком i з падрэтушоўкай на вастрыі, разцы i скрабалкі, змайстраваныя з пласткоў. Пасля свідэрскіх пасяліліся плямёны, якія ўжывалі як дробныя прылады працы, так i буйныя — крамянёвыя ўкладышы для стрэлаў, гарпуноў, нажы, сякеры, матыкі, цяслы. На ніжняй Прыпяці былі распаўсюджаны больш дробныя крамянёвыя вырабы, а на Падняпроўі — буйнейшыя.

А цяпер пазнаёмімся з тым, што адбывалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў неаліце — новым каменным веку.

У ЛЯСАХ ПАНЯМОННЯ I ЗАХОДНЯГА ПАЛЕССЯ

З паўднёвых схілаў Мінскага ўзвышша пачынае свой бег Нёман. Спачатку гэта ручай, але з кожным кіламетрам ён набірае сілу i разгон i пад Стоўбцамі падобны на ладную раку.

У Налібоцкай пушчы берагі Немана нізкія, паміж Лідскім i Навагрудскім узвышшам рачная вада бурліць пад стромкімі абрывамі i падмытыя яліны, як маўклівыя рыцары нейкага зачараванага воінства, нахіляюцца над вадою. У вясеннія паводкі з глухім шумам яны іншы раз падаюць на ваду, i нясе ix імклівая плынь на захад, у бок далёкага салёнага мора.

Там, дзе ў Нёман злева ўліваецца зялёнабярэжная Шчара, на шмат кіламетраў сярод паплавоў раскінуліся дубовыя rai. A між дубамі буяюць дзікія парэчкі.

Ледзь не да самага Гродна Нёман шырокі, цячэ з нейкім упэўненым спакоем, але там, дзе яго рэчышча крута паварочвае на поўнач, ракі не пазнаць. Яна пеніцца i віруе між страшэнна стромкіх i высокіх берагоў, быццам хоча вырвацца з ix абдымкаў. Імкне ўдалечыню, каб ужо перад літоўскай зямлёй зноў шырока разліцца i адпачыць, загаіць раны ад вострых гродзенскіх камянёў.

Дзе б вы ні прайшлі нёманскім берагам, усюды сустрэнеце сляды жыцця. Кучаравяцца зялёнымі прысадамі маляўнічыя вёскі, узвышаюцца гарады, глядзяцца ў люстра ракі рэшткі любчанскага замка, спрэс расселіся на паплавах стагі. У глухім лесе пад Ярэмічамі сустрэнеце грыбнікоў, а вакол незлічоных старыц у Налібоччыне звіваюцца рыбацкія сцежкі. Найбольш, здавалася б, пустэльны бераг між Лебядой i Котрай ці вышэй вусця Шчары, але i тут, калі седзіце ля вогнішча на пясчаным беразе, бачыце, як буксір цягне плыты, або як дзед на дзюбатай пласкадонцы абкошвае рачныя астравы. Можа толькі на сярэднім цячэнні Шчары, там, дзе яна блізка падыходзіць да Выганаўскага возера, чалавеку часам можа здасцца, што на свеце больш нічога няма, акрамя бяскрайняга нізкарослага хвойніку, хлюпкага балота i каняў, чый плач трывожыць сэрца. Але вось выходзіце з высокай травы да канала Агінскага, i зноў відаць справы чалавечых рук, i зноў уецца рыбацкая сцяжынка.

Ідзе археолаг берагам Нёмана, азіраецца па баках i бачыць, што тут пяцьсот, тысяча i нават пяць тысяч гадоў таму назад жылі людзі. Вось на разараным полі ляжаць кавалачкі абпаленай гліны, шэрыя чарапкі гаршкоў, іржавы цвік кавальскай работы, а то i жалезны наканечнік дзіды — калісьці тут стаяла веска ці мястэчка часоў Альгерда або Вітаўта — а воддаль зелянеюць парослыя травой валы нейкага феадальнага ўмацавання.

На краі глыбачэзнага яру, акружанае рвамі віднеецца гарадзішча, а каля яго ў маладым дубняку гарбацяцца курганы — гэта ўжо сведкі другой паловы I тысячагоддзя.