Сярод крамянёвых прылад працы не было такіх архаічных вырабаў, як мікраліты, затое часта сустракаліся сярпастыя нажы, сякеры з акуратнай апрацоўкай i шліфаваным лязом.
Але бадай-што самым значным неалітычным помнікам у Панямонні з'яўляецца стаянка ля вёскі Русакова Слонімскага раёна, адкрытая мясцовым краязнаўцам В. Р. Супруном. Праўда, рэшткаў жытлаў, тут нам не трапілася, але ў культурным пласце захавалася некалькі агнішчаў, складзеных з перапаленых камянёў. А паміж камянямі — вугольчыкі i попел, перамешаныя з зямлёй, навокал — кавалкі гліняных гаршкоў i прылады працы.
Жыхарамі стаянкі ўжываліся пасудзіны i гладкасценныя i ca слядамі загладжвання зубчастым штампам, карацей кажучы, як i на іншых вядомых паселішчах. Але ля Русакова надзвычай багата прадстаўлены іншы тып керамічных вырабаў — танкасцекных, добра абпаленых вастрадонных гаршкоў з высокімі лейкаватымі венцамі. Паверхня гаршкоў яшчэ перад апалам старанна загладжвалася канцом пучка травы, ад чаго ўзнікала выразная падгарызантальная заштрыхоўка. Сярод арнаментаў, якімі былі аздоблены верхнія часткі пасудзін, звяртаюць на сябе наибольшую ўвагу розныя кампазіцыі з адбіткаў тарцом вузкай чатырохвугольнай лапаткі.
Чаму ўзніклі такія адрозненні ў матэрыяльнай культуры ўсіх гэтых панямонскіх паселішчаў?
Справа ў тым, што ў раннім неаліце, у IV i пачатку III тысячагоддзя да н. э., ужывалася больш архаічная, слаба арнаментаваная кераміка з расліннымі дамешкамі ў гліняных сценках, a ў пазнейшы час, у ІІІ тысячагоддзі да н. э., гаршкі сталі добра загладжвацца, лепш абпальвацца i набылі характэрную лейкаватую форму венцаў. Прыкладна ў канцы гэтага тысячагоддзя распаўсюджваецца новы тып керамікі — з заштрыхоўкай на паверхні.
Не адразу ўдалося даведацца, чаму з цягам часу змянялася матэрыяльная культура мясцовага неалітычнага насельніцтва, толькі параўнанне керамікі i крамянёвых вырабаў з матэрыяламі суседніх раёнаў паказала, што змены наступілі ў значнай ступені дзякуючы ўплывам з паўднёвага захаду, з тэрыторый, якія былі заселены ў III тысячагоддзі плямёнамі лейкападобных кубкаў i шарападобных амфар.
Неалітычныя помнікі беларускага Панямоння ўтвараюць нёманскую археалагічную культуру. Плямёны гэтай культуры займалі таксама левабярэжжа верхняй Прыпяці, дзе даследавана вельмі цікавае паселішча ля вёскі Камень Пінскага раёна, землі паўночна-усходняй Польшчы (у межах сучаснай Беласточчыны) i паўднёвай Літвы.
У новым каменным веку значную частку заходняй Украіны i паўднёва-заходняй Беларусі займала культура лейкападобных кубкаў. Яе носьбіты праніклі таксама на тэрыторыі сучаснай Цэнтральнай Еўропы. Назву гэтую культура атрымала па найбольш распаўсюджанай форме посуду — пласкадонных кубках з верхам у выглядзе шырокай лейкі. Вядома, меліся i іншыя пасудзіны — міскі, збанкі, амфары, але найбольш характэрным быў лейкападобны кубак.
Керамічныя вырабы ляпіліся з добра вымешанай гліны i старанна абпальваліся. Мы прывыклі, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі большасць неалітычнай керамікі была багата арнаментаваная, а вось жыхары паселішчаў гэтай культуры свае гаршкі ўпрыгожвалі надта сціпла. Элементамі ўзораў з'яўляліся розныя рыскі, адбіткі прамакутнага тонкага штампа i пальцаў.
Прылады працы вырабляліся не толькі з высакаякаснага крэменю, але i з pory i костак. Плямёны культуры лейкападобных кубкаў былі знаёмыя з металам, ужывалі медныя долаты, сякеры.
Мясцовыя жыхары займаліся земляробствам i жывёлагадоўляй. На гаршках археолагі знаходзяць адбіткі зярнят, на паселішчах — зерняцёркі, ямы з запасамі зерня, крамянёвыя спрацаваныя сярпы. Пад час раскопак натрапілася гліняная фігурка пары быкоў, запрэжаных у ярмо. Пра жывёлагадоўлю сведчаць i знаходкі шматлікіх костак свойскіх жывёл. Першае па колькасці месца ў статку займалі каровы высакарослай пароды. Апрача ix, разводзілі свіней, авечак i коз. Удзялялася вялікая ўвага развіццю земляробства i жывёлагадоўлі, распрацоўцы залежаў крэменю шахтавым спосабам, выплаўцы медзі. У той жа час у адрозненне ад сваіх суседзяў, плямёны лейкападобных кубкаў не надавалі асаблівай увагі аздобам, не клалі для памершых багатых падарункаў. Цікава тое, што на паселішчах сустракаюцца цудоўна апрацаваныя сколамі сякеры, але шліфоўкі маюцца толькі на лёзах, хоць, безумоўна, тубыльцы з поспехам маглі шліфаваць i ўсю прыладу. Такія сякеры нічым не ўступалі поўнасцю адшліфаваным экземплярам, але на выраб першых затрачвалася менш часу. Як бачым, носьбіты культуры лейкападобных кубкаў рацыянальна падыходзілі да жыцця.
На нашай тэрыторыі найбольш значныя помнікі гэтай культуры вядомы ля вёсак Цытылля Маларыцкага i Наскі Пружанскага раёнаў Брэсцкай вобласці. Рэшткі жыццядзейнасці «лейкападобнікаў» сустракаюцца i ў іншых мясцінах паўднёва-заходняй Беларусі.