Больш пашанцавала з трэцяй магілай. Яна была меншая, чым першыя дзве, i тут сярод костак ляжалі абломкі амфары. Хоць пасудзіна не ўяўляла сабой грэчаскай танкасценнай арыстакраткі з лебядзінай шыяй i завостраным донцам, аднак i наша знаходка мела сваю пэўную прыгажосць — пукатыя бакі падымаліся над плоскім донцам, крутыя плечыкі корпуса пераходзілі ў стромкую шыйку з невялікімі вушкамі на ёй. Пасудзіна была арнаментавана хвалістымі адбіткамі шнура.
Перад намі быў несумненны старадаўні могільнік. Але народу якой археалагічнай культуры ён належаў? Кераміка не мела ніякага падабенства да вядомых ранейшых знаходак. Не было на тэрыторыі Беларусі i аналогій такога пахавальнага абраду. У той жа час знаходкі з пасёлка Краснасельскага вельмі нагадвалі матэрыялы, знойдзеныя на тэрыторыі Польшчы i паўночна-заходняй Украіны. Прыйшлося ўзяцца за спецыяльную літаратуру, i ўсё стала зразумела: перад намі быў тыповы могільнік носьбітаў культуры шарападобных амфар, якая так названа па характэрнай форме посуду. I тады мы перасталі здзіўляцца, чаму тут, у гэтых пахаваннях, столькі шкілетаў свойскай жывёлы.
Тутэйшае насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, ад чаго ў асноўным i залежала яго існаванне. Мабыць, свойскія жывёлы вельмі цаніліся, таму ix хавалі ў магілах людзей. Іншы раз у ямах адначасова трапляліся шкілеты чалавека i жывёл. Перад тым, як пахаваць нябожчыка, яго часам абпальвалі на вогнішчы або пасыпалі вохрай. Гэта павінна было дапамагчы нябожчыку «ўваскрэснуць на тым свеце».
Вывучаючы могільнікі культуры шарападобных амфар у Польшчы i Германіі, археолагі даведаліся i шмат іншага аб рытуальных абрадах у прадстаўнікоў гэтай культуры. Напрыклад, нябожчыка павінен быў суправаджаць не толькі жывёльны статак — падначаленых ранейшаму гаспадару людзей таксама забівалі i складвалі ля ног памёршага.
На вялікай прасторы ад ГДР да паўночна-ўсходняй Украіны сустракаецца шмат могільнікаў гэтых плямёнаў, аднак ix паселішчаў знойдзена пакуль што мала. Мабыць, людзі не асабліва доўга жылі на адным месцы: жывёлагадоўчая гаспадарка вымагала вандровак.
Хоць на захадзе рэспублікі археолагі заўважалі сляды побыту прышэльцаў, але знаходка ля пасёлка Краснасельскага была першым несумненным помнікам культуры шарападобных амфар на тэрыторыі Беларусі.
Дарэчы, у тым жа 1971 годзе ў суседнім Бераставіцкім раёне, ля вёскі Малыя Едкавічы натрапіліся рэшткі яшчэ іншага могільніку гэтай культуры. У найбольш цэлай магіле на каменнай пліце, абстаўленай меншымі камянямі, знаходзіўся шкілет нябожчыка, косткі свінні, чатырохвухая амфара. На разбуранай экскаватарам частцы могільніку былі сабраны дзесяткі абломкаў гаршкоў, каменныя i касцяныя вырабы i фігурная спражка ад паса.
Знаходка могільнікаў на Гродзеншчыне таксама, як i некаторыя знаходкі з Брэстчыны, сведчаць, што насельніцтва культуры шарападобных амфар пранікла i на крайні захад тэрыторыі сучаснай Беларусі, прыблізна да басейнаў Poci i Ясельды. На Зальвянцы, што цячэ на ўсход ад Poci, ужо не сустракаюцца сляды прышэльцаў, тут густа размешчаны рэшткі паселішчаў мясцовага насельніцтва нёманскай культуры, але далей на захад яны трапляюцца значна радзей. Мяжой уладанняў гэты* дзвюх груп плямёнаў стаў водападзел між Россю i Зальвянкай, a паляўнічыя сцежкі ў мясцовых лясах ператварыліся ў сцежкі вайны.
Аднак ужо ў пачатку II стагоддзя да н. э. «шарападобнікі» падпалі пад уплыў тубыльцаў i новых прышэльцаў з поўдня — плямёнаў культуры шнуравой керамікі — i змяшаліся з імі.
НА БЕРАГАХ ДНЯПРА, ПРЫПЯЦІ І ДЗВІНЫ
Палессе!..
У каго з вас пры вымаўленні гэтага слова не ўзнікаюць асацыяцыі з бясконцымі балотамі, камарамі, пясчанымі выспамі, мохам ля камлёў старых ялін. Шырокая Прыпяць цячэ між зялёных паплавоў на ўсход, да Дняпра, а злева i справа ад яе гіганцкімі коскамі i дужкамі рассыпалася безліч затокаў i старыц. Веснавой паводкай усе паплавы заліваюцца вадой, i тады рака нагадвае сабой мора, толькі дзесьці далека на пясчаных буграх ледзь прыкметна сінее лес. Сушэйшыя месцы з вёскамі, вёсачкамі на ix ператвараюцца тады ў сапраўдныя астравы, між якімі толькі адна сувязь — на чоўне.
Здаўна прывыклі думаць, што Палессе — гэта нейкая закінутая зямля, амаль зялёная пустыня, дзе толькі плодзяцца жабы, казуркі i дзікія звяры, а людзей там можна на пальцах пералічыць. Нават не так даўно некаторыя вучоныя безапеляцыйна заяўлялі, што ў старажытнасці Палессе ўвогуле было не заселена чалавекам.