Але калі тут пачаліся сапраўдныя археалагічныя даследаванні, то выявілася зусім іншае — гэты край яшчэ ў глыбокай старажытнасці быў заселены людзьмі, прытым даволі густа.
У чым жа найбольшую патрэбу меў першабытны чалавек? У дзічыне i рыбе. A ў лясах i балотах Палесся, у шматлікіх прыпяцкіх затоках i старыцах усяго гэтага было хоць адбаўляй. Таму i чалавеку тут хапала ежы. Амаль на кожным грудку ўздоўж Прыпяці сустракаюцца рэшткі неалітычных паселішчаў. Археолаг i тут знаходзіць абломкі гаршкоў, крамянёвыя вырабы, рэшткі агнішчаў...
Як мы ўжо казалі, заходнюю частку Палесся ў новым каменным веку засялялі плямёны нёманскай культуры. На ўсходнім Палессі жылі плямёны, роднасныя панямонскім. Іх помнікі ствараюць асобную, так званую днепраданецкую культуру. Такая назва яе паходзіць ад таго, што паселішчы гэтага народа займалі вялікую тэрыторыю ад сучаснай Міншчыны на поўначы i аж да Дняпроўскіх парогаў на поўдні, ад правабярэжных прытокаў Дняпра аж да басейна Дона.
У раннім неаліце, гэта значыць, у IV тысячагоддзі i першых стагоддзях III тысячагоддзя да н. э., між нёманскай i днепра-данецкай культурамі было шмат чаго агульнага. Але з сярэдзіны III тысячагоддзя да н. э. пачынаюць выразна праяўляцца i адрозненні. У той час тэрыторыя днепра-данецкай культуры значна скарацілася, бо паўднёвую яе частку ледзь не да сучасных межаў БССР занялі іншыя плямёны, якія прыйшлі з поўдня. Адчуваўся націск суседзяў i на ўсходніх граніцах культуры. У сваю чаргу на захад тэрыторыі сучаснай Беларусі прасочваюцца ўплывы культур лейкападобных кубкаў i шарападобных амфар. Такія акалічнасці i прывялі да таго, што ў матэрыяльнай культуры позненеалітычных плямёнаў заходняй i паўднёва-ўсходняй Беларусі ўзніклі адрозненні, якія асабліва назіраліся ў кераміцы.
На ніжняй Прыпяці, таксама як i на поўдні сучаснай тэрыторыі Гомельшчыны, у раннім неаліце ўжываліся вастрадонныя пасудзіны з простымі сценкамі. Сціплая арнаментацыя складалася з адбіткаў грабянца, розных плыткіх копачак i пракрэсленых рысак. Як i на Немане, брыж гаршкоў падкрэсліваўся нязменным шэрагам глыбокіх круглых ямак. У пазнейшы час пры лепцы посуду ў гліну ўсё радзей дабаўлялі раслінныя рэшткі. Іх пачалі замяняць пяском або жарствой. Гаршкі, хоць паранейшаму вастрадонныя, пачалі набываць большую ўскладненасць формы — брыж крыху адгінаўся вонкі, з'явіліся шыйка i рабрыстасць на корпусе. У арнаментах значнае месца пачалі займаць наколкі канцом розных штампаў — палачак, пласткоў...
Сярод прылад працы ў мясцовага насельніцтва былі шырока распаўсюджаны розныя скрабалкі, нажы, разцы, сякеры... Ужываліся трохвугольныя наканечнікі стрэлаў, хоць сустракаліся, асабліва на ўсходзе, i лістападобныя экземпляры, У познім неаліце з'явіліся шліфавальныя прылады.
Каля пасёлка Юравічы Калінкавіцкага раёна ў левабярэжжы Прыпяці размешчана старыца даўжынёй больш за кіламетр, злучаная з Прыпяццю рэчкай Закотай. Гэты зацішны i рыбны вадаём мясцовыя палешукі называюць возерам, як, дарэчы, называюць i амаль кожную рачную старыцу.
Але справа не ў самім возеры, a ў пясчаных выспах, якія прытуліліся вакол яго. Іх тут шмат, i амаль на кожнай захоўваюцца сляды існавання першабытных людзей. Там, дзе старыца звужаецца i непрыкметна пераходзіць у рэчку Закоту, знаходзяцца дзве выспы з найбольш багатымі рэшткамі жыццядзейнасці неалітычнага чалавека. Гэтыя пункты ў археолагаў атрымалі па назве возера ўмоўныя назвы «Ліцвін-1» i «Ліцвін-2».
Пад час раскопак гэтых паселішчаў было знойдзена некалькі тысяч абломкаў разнастайных гаршкоў, больш паўтысячы апрацаваных крэменяў. Тут жа меліся рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі, складзенымі з камянёў. Асаблівую цікавасць уяўляе адкрыццё поўзямлянкі авальнай формы, прыблізныя памеры якой былі 5х3,5 м, a глыбіня да 1 м.
Хоць у паўднёва-ўсходняй Беларусі даследавалася яшчэ некалькі цудоўных помнікаў днепра-данецкай культуры, але найбольш яны вядомы на Украіне, дзе ix грунтоўна вывучалі. Праца ўкраінскіх вучоных дазволіла значна папоўніць звесткі па гэтай культуры. У прыватнасці, там былі знойдзены старажытныя могільнікі. Памёршых закопвалі ў выцягнутым становішчы, пасыпаўшы вохрай. З касцямі ляжала шмат розных падвесак з зубоў жывёл, касцяных пласткоў — відаць, жыхары паселішчаў днепра-данецкай культуры любілі багата аздабляць сваю вопратку i цела.
Ёсць сведчанні i таго, што ім, апрача палявання, былі вядомы рыбацтва, збіральніцтва i вытворчыя формы гаспадарання. На некаторых помніках выпала знайсці косткі свойскага быка, свінні i сабакі, матыкі i чарапкі посуду з адбіткамі ячных зярнят.