Верхняе Падняпроўе ў неаліце было кутком, куды пранікалі розныя культурныя ўплывы. Але справа, напэўна, не заўсёды абмяжоўвалася толькі ўплывамі...
Неалітычныя матэрыялы тут знаходзілі даўно, яшчэ ў мінулым стагоддзі. З таго часу выяўлена каля сотні неалітычных помнікаў. Некаторыя з ix нават раскопваліся. Але ў мясцовай культуры пакуль што шмат чаго маецца незразумелага i невядомага.
На верхнедняпроўскіх неалітычных паселішчах сустракаецца разнастайная кераміка: гаршкі з вострым або закругленым дном, з простымі або крыху зведзенымі ўнутр верхнімі часткамі сценак. Часамі на пасудзінах меліся патаўшчэнні — каўнерыкі. Дамешкі ў гліне, з якой ляпіліся гаршкі, былі розныя — трава, пясок, жарства. Сценкі гатовых керамічных вырабаў упрыгожваліся рознымі грабянцовымі адбіткамі, ямкамі, наколкамі, насечкамі. На некаторых вырабах сустракаюцца мала вядомыя для асноўнай тэрыторыі Беларусі рысы — паверхні спрэс арнаментаваліся глыбокімі круглымі або падоўжанымі ямкамі, адбіткамі шыраказубага штампа. Не менш характэрнымі былі i так званыя лапкавыя ўзоры— адбіткі канцом палачкі, густа абкручанай ніткай.
Калі ўважліва разгледзець форму пасудзін i яе арнаментацыю, то можна ў ix прыкмеціць рысы i днепраданецкай культуры i культуры ямачна-грабеньчатай керамікі, плямёны якой у неаліце засялялі Волга-Окскае міжрэчча. На Верхняе Падняпроўе рабілі ўплыў i некаторыя іншыя культуры.
Што адметна вылучае мясцовыя помнікі, дык гэта мноства крамянёвых вырабаў i ўвогуле розных расшчапаных крэменяў i абломкаў, якія звычайна бываюць пры вырабе прылад працы. I не дзіўна, бо тут сустракаецца шмат крэмненосных крэйдавых радовішчаў. Мясцовае насельніцтва не адчувала недахопу ў сыравіне, як гэта было, напрыклад, на Ніжняй Прыпяці i асабліва на тэрыторыі Беларускага Паазер'я.
На найбольш даследаваным у Верхнім Падняпроўі помніку — паселішчы Стрэліца ля вёскі Рудня Шлягінская Веткаўскага раёна толькі адных крамянёвых адшчэпаў знойдзена амаль тры тысячы, тут жа ў раскопцы мелася больш за 450 несумненных крамянёвых прылад-скрабалак, нажоў, наканечнікаў стрэлаў.
Калі «Стрэліца» цікава вялікай колькасцю знаходак, то на помніках «Востраў» каля вёскі Залессе Чачэрскага раёна i «Сасонка» ля вёскі Лучын Рагачоўскага раёна, апрача крамянёвых вырабаў i фрагментаў керамікі, знойдзены рэшткі жытлаў. На «Востраве» гэта была нейкая наземная хаціна, унутры якой на паўметровай глыбіні размяшчалася вогнішча, выкладзенае патрэсканымі камянямі. У «Сасонцы» жытло было некалькі іншае. Яно крыху заглыблялася ў зямлю i мела памеры 3,4X2,4 м. У яго цэнтры знаходзілася вялікае агнішча. Па краях жытла прасочаны рэшткі шасці слупоў, якія ўтваралі каркас сцен i падтрымлівалі страху.
Неалітычныя помнікі Верхняга Падняпроўя вучоныя аб'ядноўваюць у верхнедняпроўскую археалагічную культуру. Апрача таго, яны мяркуюць, што ў IV i III тысячагоддзях да н. э. сюды пранікалі носьбіты i іншых культур.
Усё беларускае Паазер'е, якое займае поўнач рэспублікі, у неаліце засялялі плямёны з вельмі своеасаблівай культурай. Рэшткі ix паселішчаў вучоныя адкрываюць пераважна ў нізкіх балоцістых мясцінах, а найчасцей у тарфяніках. Усе знаходкі звычайна пакрыты зверху тоўстым пластом торфу. Такія ўмовы ператваралі помнікі ў своеасаблівыя шчыльна закрытыя, як бы закансерваваныя слоікі, дзе, на шчасце археолага, захаваліся не толькі гліняныя чарапкі пасудзін i крамянёвыя прылады, але i вырабы з дрэва, кары, рагоў, костак.
Якое мноства самых разнастайных знаходак чакае тут даследчыка! Ускрывае ён пласт за пластом i быццам чытае інвентарную кніжку Зямлі.
Усё гэта радуе, але засмучае іншае — вельмі ж ужо на нізкіх мясцінах знаходзяцца тут рэшткі паселішчаў, вада літаральна залівае раскопкі, чэрпай яе i чэрпай, калі што хочаш знайсці. Часта бывае ў бліжэйшай рэчцы або возеры вада стаіць вышэй, чым на помніку залягае культурны пласт. У такім разе вадаём i раскопка ператвараюцца ў сазлучаныя сасуды...
Не ўсюды бываюць аднолькавыя ўмовы для раскопак. Напрыклад, капаеш сабе на Немане паселішча каменнага веку на высокім беразе або на якім-небудзь сухім грудку, дзе поплаў, а вакол зелянеюць ці лес, ці поле, ці луг. Сонца, птушкі, кветкі — прыгажосць!
А на Паазер'і сядзіш дзе-небудзь на тарфяным балоце i бачыш, як у раскопцы пласт паступова пачынае ператварацца ў нейкую брудную мешанку i рабочыя не паспяваюць вычэрпваць ваду. Глянеш убок — як вокам акінуць хмызняк, асіны чэзлыя, трава балотная ледзь не ў рост чалавека... Зірнеш пад ногі — нейкіх казурак незлічонае мноства поўзае, а то i гадзюка бачна на купоне. Скруцілася i быццам пільнуе таямніцы тысячагоддзяў.