У сонечны дзень балота хутка выпараецца i робіцца душна, як у лазні. Пачынаеш пацець, i тут над табой з'яўляецца хмара куслівых аваднёў... У рэчцы паратунак слабы: у ёй шмат гразі, a калі пракладзены канал на асушаным тарфяніку,— яна плыткая.
Характер ранняй неалітычнай культуры на тэрыторыі паўночнай часткі сучаснай Беларусі можна ўявіць, прагледзеўшы матэрыялы з тарфянікавага паселішча ля вёскі Зацэнне Лагойскага раёна.
Гадоў з дзесяць таму назад рашылі асушыць тарфянікі, што паміж вёскамі Ліпкі i Зацэнне. Прыйшлі экскаватары, i праз нейкі час балота было перарэзана сеткай каналаў, а рэчка Цна паглыблена i выпрамлена. Якраз ля новага моста праз Цну, паблізу шашы Барысаў — Плешчаніцы, коўш экскаватара выцягнуў з-пад двухметровай тарфяной тоўшчы нейкія кавалкі струхлелага дрэва, вуголле, косткі, чарапкі глінянага посуду. Ляжалі гэтыя рэчы на паверхні i паступова разбураліся ад сонца s ветру. I напэўна зніклі б яны зусім, каб на ix не звярнуў увагу жыхар Зацэння Сяргей Шубара. Ён сабраў знаходкі i паведаміў у райцэнтр. У сваю чаргу рэдактар лагойскай газеты Б. Сасноўскі напісаў пра адкрыццё ў Акадэмію навук, i праз некалькі дзён на Цне ўжо былі археолагі.
А матэрыял тут быў сапраўды унікальны. Абломкі гаршкоў выглядалі як вельмі старажытныя. Яны былі тонкія, рыхлыя, з дамешкамі травы i тоўчаных ракавін у гліне. Мяркуючы па фрагментах, пасудзіны мелі вострыя донцы i крыху зведзеныя ўверсе сценкі, арнаментаваныя толькі рэдкімі паскамі грабянцовых адбіткаў або плыткіх копачак пад брыжам. Сярод касцяных i рагавых знаходак звярталі на сябе ўвагу долатападобныя прылады з расшчапаных уздоўж тоўстых трубчастых костак, свідраваныя матыкі i канічныя наканечнікі стрэлаў. Крамянёвых вырабаў было адносна мала — скрабалкі, пласткі з рэтушам, некалькі лістападобных наканечнікаў.
У Зацэнні праводзіліся i некаторыя раскопкі, але капаць тут вельмі цяжка, бо культурны пласт заліваецца тарфяной вадой.
Знойдзеная на гэтым помніку кераміка шмат якімі рысамі нагадвае ранненеалітычныя матэрыялы з украінскага Падняпроўя, з заходняй Беларусі i паўднёва-ўсходняй Прыбалтыкі. Менавіта ў Прыбалтыцы знойдзены бліжэйшыя аналогіі вырабаў з костак i рагоў.
Больш-менш такая ж, як i ў Зацэнні, кераміка знойдзена ў іншых месцах Паазер'я — ля вёскі Сосенка на
Віліі, Бабінавічы Лёзненскага, Лаўкі Чашніцкага раёнаў. Але паколькі ўсе гэтыя стаянкі на пясках, то там не захавалася знаходак з арганічных рэчываў. Такім чынам, мы маем падставу сказаць, што ў раннім неаліце беларускае Падзвінне, значную частку верхняй Віліі i Бярэзіны Дняпроўскай займалі плямёны з аднолькавай культурай, якая Мела шмат агульнага з іншымі тагачаснымі культурамі на тэрыторыях рэспублікі, паўночнай Украіны i паўднёва-усходняй Прыбалтыкі.
Улічваюцы найбольшае падабенства з прыбалтыйскімі матэрыяламі, дзе ў той час былі распаўсюджаны помнікі так званай нарвенскай культуры, мы, хоць i з пэўнай перасцярогай, i сучасную паўночную частку Беларусі ўключаем у яе арэал, вылучаючы тут асобны крывінскі варыянт нарвенскай культуры.
Трэба было даведацца, калі існавалі ў Паазер'і ранненеалітычныя плямёны. Для гэтага з культурнага пласта паселішча Зацэнне ўзялі вугаль i зрабілі аналіз. I тады аказалася, што чалавек тут упершыню пасяліўся ў сярэдзіне IV тысячагоддзя да н. э., гэта значыць, каля пяці з паловай тысячагоддзяў таму назад.
У III тысячагоддзі да н. э. з ужытку людзей паазерскіх стаянак знікаюць рагавыя свідраваныя матыкі i долатападобныя прылады з трубчастых костак. У гэты час па невядомых яшчэ нам прычынах тутэйшыя жыхары пачынаюць ужываць кераміку, сценкі якой выраўноўваліся малаточкамі. У арнаментацыі гліняных вырабаў грабянцовыя адбіткі адыходзяць на другі план, саступаючы месца розным насечкам, наколкам i нават пракрэсленым рысам.
З канца III — пачатку II тысячагоддзя ў «гаршкалепнай» справе на тэрыторыі сучаснага Паазер'я зноў наступаюць змены. Асартымент керамічных вырабаў павялічыўся: апрача гаршкоў, з'явіліся міскі, кубкі, мініяцюрныя пасудзінкі. Сценкі посуду пачалі густа штрыхаваць, зверху наносіўся арнамент з частых паскаў адбіткаў розных штампаў, завостраных палачак, пласткоў, грабянца, трубчастых костак. У гэты час сустракаюцца i гіласкадонныя гаршкі, арнаментаваныя спрэс або толькі ўверсе.
Тарфянікавыя помнікі ІІІ i II тысячагоддзяў характарызуюцца незвычайным багаццем рэчаў з рога, костак, дрэва. Але пералічваць ix не будзем, бо менавіта пра гэтыя знаходкі мы ў асноўным i гаварылі, калі характарызавалі матэрыяльную культуру неалітычнага насельніцтва на сучаснай тэрыторыі нашай рэспублікі.