Выбрать главу

Раскопваючы стаянку на беразе Скемы — маляўнічай пратокі паміж Нараччу i Мястрам, нам удалося знайсці абломкі таўстасценных ляпных гаршкоў, арнаментаваных грабянцовымі адбіткамі i ямкамі, Такія матэрыялы на Беларусі давялося ўбачыць упершыню. Яны сведчылі аб тым, што на Мядзельшчыне напаткаліся сляды невядомай тут археалагічнай культуры. Праўда, у Літве, Латвіі, Эстоніі, Ленінградскай вобласці вучоныя ўжо знаходзілі рэшткі паселішчаў, на якіх сустракаліся абломкі добра абпаленых гаршкоў мехападобнай формы з акруглымі донцамі. Тубыльцы з зайздросным пастаянствам упрыгожвалі свае пасудзіны гарызантальнымі паскамі адбіткаў шыраказубага штампа i глыбокіх круглых ямачак. Сярод крамянёвых прылад працы найбольш характэрнымі былі наканечнікі стрэлаў у выглядзе вярбовага ліста.

Улічваючы характар керамічных вырабаў, археолагі сталі ўмоўна называць культуру такіх помнікаў культу рай тыповай грабеньчата-ямачнай керамікі. Чаму менавіта «тыповай»? Таму, што на іншых тэрыторыях сустракаецца кераміка з менш выразнай арнаментацыяй — «нетыповая».

Які ж народ жыў на гэтых паселішчах, каму належалі такія гаршкі? Што ён быў не мясцовага паходжання, вядома, бо да сярэдзіны III тысячагоддзя да н. э. у паўднёва-ўсходняй Прыбалтыцы, як i на тэрыторыі Беларускай Поўначы, жылі плямёны з зусім іншай культурай.

Адкуль з'явіліся прышэльцы? Археолагі сцвярджаюць, што з паўночнага ўсходу. Адсюль носьбіты грабеньчата-ямачнай керамікі пачалі распаўсюджвацца на тэрыторыі сучаснай Эстоніі, Латвіі i Літвы. Яны нават дасягнулі нізоўяў Нёмана.

У Прыбалтыцы знойдзены пахаванні гэтага часу. Аналіз чалавечых касцякоў паказаў, што адна частка прышэльцаў мела выразныя мангалоідныя рысы, другая — еўрапеоідныя. Сустракаліся i змешаныя тыпы. Такім чынам, у расавых адносінах прышэльцы былі змешаныя, i сярод ix нярэдка трапляліся асобы, што па свайму знешняму выгляду былі вельмі падобныя на тых, з якімі нашы продкі праз чатыры з паловай тысячы гадоў сустрэліся на Калцы.

Даследаванні на поўначы Беларусі паказалі, што тып стаянкі ля Скемы не адзінкавы на гэтай тэрыторыі. Праз некаторы час былі знойдзены помнікі культуры тыповай грабеньчата-ямачнай керамікі ля вёскі Малмыгі Вілейскага раёна, на Лепельскіх i Ліснянскіх азёрах.

У Прыбалтыцы такіх помнікаў шмат, бо гэтая культура ў другой палове IІІ тысячагоддзя да н. э. тут мясцінамі з'яўлялася дамінуючай, i асабліва ў Эстоніі.

На Віцебшчыне i паўночнай Міншчыне было наадварот — на берагах азёр i рэк па-ранейшаму жылі мясцовыя плямёны нарвенскай культуры, а там-сям знаходзіліся раскіданыя рэдкія паселішчы нешматлікіх прышэльцаў. Гэта была апошняя хваля аднаго з «вялікіх перасяленняў» старажытнасці, якая, аслабленая, дакацілася да рэчак i азёр, што на сучаснай Віцебшчыне, i захлынулася ў мясцовым этнічным моры.

Пакуль што цяжка гаварыць аб узаемаадносінах паміж тубыльцамі i плямёнамі прышэльцаў. Напэўна былі i сутычкі, бо мясцовае насельніцтва не магло абыякава адносіцца да перасяленцаў, якія пачалі паляваць i лавіць рыбу ў тутэйшых лясах i азёрах. Але з цягам часу новыя людзі змяшаліся з носьбітамі нарвенскай культуры i поўнасцю асіміляваліся.

ЯК НА ЭКРАНЕ МАШЫНЫ ЧАСУ

Паспрабуем цяпер у агульных рысах сказаць пра каменны век на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Занятак гэты не з лёгкіх. Уявіце сабе працу рэстаўратара старадаўняй фрэскі: на сценах засталіся толькі невялікія фрагменты пафарбаванай тынкоўкі, таму малюнак ледзь згадваецца i рэстаўратару даводзіцца ў друзе пад сцяной вышукваць патрэбныя кавалачкі, падклейваць ix да фрэскі, i вось ужо праступаюць дэталі, угадваецца кампазіцыя. Але многіх кавалкаў яшчэ не хапае i невядома, ці будуць яны калі-небудзь знойдзены — можа, беззваротна зніклі, здрабніліся ў пыл.

Вось так i з агульнай карцінай каменнага веку. Мы ўжо ведаем яго этапы, улавілі напрамак развіцця, пазнаёміліся з сутнасцю цэлага шэрагу культур, якія пакінулі нашы далёкія продкі. Але засталося шмат чаго яшчэ невядомага. I нявысветленых, загадкавых пытанняў у археалогіі засталося, мусіць, не менш, чым пытанняў вырашаных. Але навука няспынна развіваецца, i новыя адкрыцці кожны год запаўняюць існуючыя пустоты ў нашых ведах. Праўда, новыя адкрыцці адначасова, бывае, нараджаюць i новыя пытанні, але яны ўжо, як правіла, не па кардынальных праблемах, а па дэталях. Гэта як на той фрэсцы: якую форму мела вуха ў адной з фігур або ў што гэтая асоба была абута.