Нам пашанцавала натрапіць на загоннае паляванне, але фіналу яго чакаць не будзем. Гэта — хрып забіваемых звяроў, хруст костак, кроў. A калі які стары дзіксякач у апошнім адчаі паверне на ланцуг загоншчыкаў? ...Бяромся за рэгулятар хуткасці.
У V тысячагоддзі да н. э., а верагодней у яго канцы, на поўдні Беларусі пачаўся новы каменны век. На поўнач неалітычныя традыцыі распаўсюдзіліся крыху пазней — у IV тысячагоддзі.
З'явіліся першыя керамічныя вырабы — гліняныя вастрадонныя гаршкі, паўсюдна ва ўжытку распаўсюдзіліся крамянёвыя сякеры.
Паспрабуем падгледзець падрабязнасці.
Запавольваем бег часу i змяншаем перспектыву. Візір кіруем на пэўнае месца, ну, напрыклад, на берагі возера Нарач.
Вось злева на экране водны блакіт з дробнымі грабянцамі пены на хвалях — ветрана. На правым краі таксама сінее возера — гэта Мястра. A між імі цягнецца зялёны пас сухога перашыйку з блакітнай стужкай пратокі ўпоперак. Пратока быццам звязвае азёры-сёстры. На поўдзень яе ашчацініўся хваёвы векавечны лес, на поўнач, над шырокай балацявінай, уздымаюцца невялікія пясчаныя груды з каржакаватымі рэдкімі хвоямі. Паўз берагі азёр i на балацявіне разлілася серабрыстая зеляніна вербаў i лазы. Шкада, што наша машына часу не ўзнаўляе гук. Мы б, пэўна, пачулі шум ветру ў вяршалінах дрэў i шоргат нарачанскіх хваль аб прыбярэжны пясок.
На вузкай кладцы праз пратоку хлапчук ловіць рыбу. Мусіць, ужо не клюе, бо ён змотвае леску, падымае з травы лазовы пруток з нанізанымі на яго плотачкамі i вузкай сцяжынкай праз лазняк ідзе ў паселішча. Яно невялікае — чатыры буданы, быццам стажкі сена. Яны збудаваны з жэрдак, увагнаных у пясок i звязаных уверсе ў адзін пук. Паверх жэрдак тоўстым пластом прымацаваны трыснёг. У самым верее жытлаў маецца адтуліна, каб выходзіў дым ад агнішча. Але, мабыць, нядаўна быў дождж, таму адтуліны прыкрыты вялікімі кавалкамі бяросты. Летам у жытле не паляць, хіба ў непагадзь.
Зараз на вытаптанай невялікай пляцоўцы між буданоў на кучцы камянёў гарыць ламачча. На агні ў вялікім вастрадонным гаршку, закапцелым i зашмальцаваным да бляску, нешта гатуецца. Старая жанчына сядзіць перад агнішчам i памешвае варыва драўляным апалонікам. Непадалёк маладая жанчына здзірае са шкуры жывёлы мяздру. Дзяўчаты плятуць сетку. У пяску корпаюцца малыя дзеці, брудныя, з парэпанымі нагамі. Усе, хто ў паселішчы, раз-пораз пазіраюць у бок агнішча — час палуднаваць. I толькі мужчыны, якія за буданамі здымаюць шкуру з упаляванага раніцой лася, робяць выгляд, што есці ім яшчэ не хочацца. Лось падвязаны заднімі нагамі да перакладзіны на вярбе. Яго разгалістыя рогі, быццам вялізныя чалавечыя пясці з растапыранымі пальцамі, упіраюцца ў зямлю. Кроў яшчэ капае на траву, i ўзбуджаныя ёю калматыя сабакі мітусяцца вакол мужчын — чакаюць свой кавалак.
А зараз зноў прыспешваем машыну часу.
Крамянёвыя прылады працы ранняга неаліту на тэрыторыі сучаснай Беларусі шмат у чым падобны на вырабы з папярэдняй мезалітычнай эпохі. А вось самыя старажытныя гаршкі, якія тут пачалі ляпіць, некалькі нагадваюць кераміку суседняй Украіны. Там навык «гаршкалепства» распаўсюдзіўся некалькі раней, i таму лічыцца, што менавіта адтуль i запазычылі яго нашы продкі. Праўда, арнамент i форму керамічнага начыння яны відазмянялі па свайму густу.
У IV i, мабыць, пачатку III тысячагоддзя да н. э. значную частку Усходняй Еўропы засялялі плямёны, матэрыяльная культура якіх была шмат у чым падобная паміж сабой. Вельмі магчыма, што i этнічна яны былі адзіныя.
Стаянкі гэтага насельніцтва вядомы цяпер i пад Ленінградам, i ва ўсходняй Прыбалтыцы, i пад Масквой, i на Кіеўшчыне, i на Беларусі. Спрэе тут жылі паляўнічыя, рыбакі, збіральнікі «дароў лесу, балот i вадаёмаў». У паўднёвых раёнах ix рассялення зарадзілася прымітыўнае матыжнае земляробства i жывёлагадоўля.
У III тысячагоддзі да н. э. у гэтым павольным i «санлівым» (калі падыходзіць з сучаснымі меркамі) гістарычным працэсе адбыліся пэўныя змены. На тэрыторыі сучаснай Беларусі ў тую пару ўжо існавала некалькі археалагічных культур, праўда, роднасных паміж сабой: нёманская на захадзе, днепра-данецкая на Ніжняй Прыпяці, культура Верхняга Падняпроўя. Некалькі адасоблена жылі плямёны Паазер'я. Прыблізна ў сярэдзіне тысячагоддзя на паўднёвы захад сучаснай тэрыторыі рэспублікі пранікаюць носьбіты культуры лейкападобных кубкаў, а на поўначы — невялікія трупы носьбітаў культуры тыповай грабеньчата-ямачнай керамікі.