Выбрать главу

Пераходны прамежак часу ад новага каменнага веку да бронзавага характэрны новымі значнымі падзеямі. У канцы Iii тысячагоддзя на крайнім захадзе з'яўляюцца плямёны культуры шарападобных амфар, a ў пачатку II тысячагоддзя ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі ўвайшла ў зону распаўсюджання плямёнаў культур шнуравой керамікі, або баявых сякер. Пад напорам «шнуравікоў» дняпроўскае насельніцтва пачало перасяляцца на Паазер'е. Але ўсе гэтыя змены фактычна былі звязаны з наступлением бронзавага веку, з далейшым развіццём земляробства i жывёлагадоўлі, ca з'яўленнем першых металічных прылад.

На развітанне зазірнём на бераг Poci дзе-небудзь пад Ваўкавыскам.

Што гэта, чмяліныя соты? У зямлі бачна мноства круглых адтулін. I з адной з ix выпаўзае, здаецца, i сам чмель. Але чмель чамусьці падобны на чалавека, барадатага, у скураных штанах i безрукаўцы, вымазанага ў нешта белае ад доўгіх валасоў на галаве да ліпавых пляцёнак на нагах. Дык гэта ж мы натрапілі на Краснасельскія шахты! А чалавек гэты — шахцёр.

Шахцёр цягне за сабой скураны мяшок, затым, ухапіўшыся за ніжнія краі, перакульвае яго. На белую крэйду, якая спрэс ляжыць тут пад нагамі, выпаў вялікі шэры камень — крамянёвая канкрэцыя. Чалавек падняў канккрэцыю i панёс да бліжэйшага дрэва, пад якім каля плоскага каменя сядзіць сівабароды стары. Навокал усё засыпана рознымі крамянёвымі адшчэпамі, абломкамі. Побач на кавалку тоўстага палатна акуратна раскладзены свежыя нарыхтоўкі крамянёвых сякер.

Стары, паглядзеўшы на прынесены крэмень, шырока ўсміхнуўся i нешта сказаў шахцёру. Затым ён паклаў канкрэцыю перад сабой на камень, пакруціў прымерваючыся. Потым узяў каменны адбойнік i ўдарыў ім па крэменю. Канкрэцыя, быццам перавараная бульбіна, здзіўляюча легка распалася на дзве палавіны. Толькі цьмяна бліснулі пад сонцам цёмна-шэрыя плашчыні расколін. Некалькімі лоўкімі ўдарамі стары раздзяліў палавіны канкрэцыі на плоскія брускі, у якіх ужо ўгадваліся абрысы будучых сякер.

Ну, вось i пара спыніць машыну часу. Пагас экран.

Старажытныя помнікі, магчыма, знаходзяцца i ля вашай вёскі або горада. Калі будзеце ў полі або ў лесе, на беразе возера ці рэчкі, дык абавязкова ўважліва паглядзіце сабе пад ногі i вакол сябе. Можа i вам пашанцуе знайсці наканечнік стралы або каменную сякеру. Старажытныя рэчы можа знайсці i ваш бацька, аручы поле або агарод. Яны часам трапляюцца пры капанні ям, у розных кар'ерах.

Знойдзеныя рэчы неабходна перадаць у школьны або іншы бліжэйшы краязнаўчы музей.

У многіх школах маюцца свае музеі i краязнаўчыя куткі, дзе побач з экспанатамі па гісторыі, нумізматыцы, этнаграфіі таксама сустракаюцца i археалагічныя экспанаты — пераважна розныя каменныя сякеры. Нярэдка здараецца, што ў школе ніхто не ведае, адкуль гэтыя рэчы паходзяць, калі i кім былі яны знойдзены, бо ўсе тыя, хто калісьці прыносіў знаходкі, даўно скончылі школу i раз'ехаліся хто куды. I прычына ўся ў тым, што экспанаты не заўсёды зашыфроўваюцца i не ўсюды вядуцца кнігі аб уліку.

Шыфроўка — справа нескладаная. Вось, напрыклад, знайшлі мы ля вёскі Русакова ў 1976 годзе крамянёвую скрабалку. Тушшу пішам на ёй у скарочаным выглядзе: Рус-76, a калі вядома назва ўрочышча, то дапісваем i яе. Тут жа ставім i нумар, пад якім знаходка будзе занесена ў кнігу ўліку. шыфры лепш наносіць на тыльных частках экспанатаў, каб не псаваць выгляд рэчаў. Вось i зашыфравана скрабалка. Застаецца толькі шыфр асцярожна пакрыць зверху якім-небудзь празрыстым клеем, каб надпіс не сцёрся.

Цяпер запішам у кніжку нумар знаходкі i яе характер — «скрабалка крамянёвая», а таксама адзначым, хто, дзе i калі яе знайшоў.

I яшчэ адна просьба да вас, дарагія школьнікі: пра тое, што знайшлі, абавязкова паведаміце па адрасу:

220072 Мінск, Ленінскі праспект, 66, Інстытут гісторыі Акадэміі навук БССР, сектар археалогіі.

Калі знаходкі акажуцца сапраўды цікавымі для археалагічнай навукі, у вашу мясцовасць абавязкова прыедуць археолагі i пачнуць раскопкі. Але толькі не раскопвайце самі, бо, не ведаючы методыкі даследаванняў, вы можаце памыліцца i беззваротна сапсаваць, а то i зусім знішчыць каштоўны гістарычны помнік.

Беражы археалагічныя помнікі: стаянкі, селішчы, курганы, гарадзішчы. Гэта памяць пра тваіх далёкіх продкаў, якія жылі, працавалі, ваявалі многа сотняў i тысяч гадоў, таму назад. Дык нясі ж i далей гэту паходню жыцця, якая дайшла да цябе ад спрадвечных часоў, ад закапцелых пячор, ад буданоў, накрытых мамантавымі шкурамі, ад агнішчаў першых земляробаў i жывёлаводаў, ад цеплыж рук тваіх далёкіх прашчураў — бясстрашных паляўнічых i воінаў.